Жан Эмануэль Жылібе́р ( — ) — французскі натураліст, хірург і анатам, стваральнік і кіраўнік Гродзенскай медыцынскай акадэміі (1775—1781), у Гродне таксама заснаваў акушэрскую і ветэрынарную школы, клінічны шпіталь, батанічны сад, у 1781—1783 гг. прафесар медыцынскага факультэта Галоўнай школы ВКЛ у Вільні.

Вывучаў медыцыну ў Манпелье з 1760 па 1764 гады. Пасля атрымання дыплома атрымаў кабінет у Ліёне. У вольны час збіраў гербарый мясцовай флоры. Заснаваў батанічны сад у квартале Брато, які па прычыне няўмелай адміністрацыі прыйшоў у непрыдатнасць.

Пасланнікам гродзенскага старосты А. Тызенгаўза Т. Даўнаровічам запрошаны на работу ў Гродна для арганізацыі медыцынскай школы. У дарогу з сабой Жылібер забраў каштоўны кнігазбор ды каштоўны гербарый, сабраны на Міжземнаморскім узбярэжжы Францыі.

3 1775 года працаваў у прыгарадзе Гродна Гарадніцы. 9 мая 1776 года ён падпісаў 10-гадовы кантракт, згодна з якім ён мусіў заснаваць медычную і ветэрынарную школы, прыродазнаўчы музей з заробкам у памеры 125 луідораў у золацеГардзееў Юрый. Антоні Тызенгаўз і яго эпоха. — Мінск: Рыфтур прынт, 2021. — С. 150—155..

У 1775 годзе арганізаваў Гродзенскую медыцынскую акадэмію, не выключана, што навучанне там пачалося ў 1776 ці 1777. 23 кастрычніка 1778 года Жылібер выслаў ліст дырэктару батанічнага сада ў Парыжы Антуану Ларуану дэ Жусье, у якім сцвярджаў, што будаўніцтва школы са шпіталём, якімі маглі б ганарыцца нават у Манпелье, толькі што скончана. Але паміж Жыліберам і Тызенгаўзам адбываюцца канфлікты праз недастатковае фінансаванне школы.

Стварыў Гродзенскі каралеўскі батанічны сад (у 1777 годзе было 1200 відаў экзатычных раслін, якімі натураліст хваліўся каралю). Падарожнік Уільям Кокс, які наведваў Гарадніцу ў 1778 годзе, налічыў у садзе ўжо 1500 экзатычных раслін, сярод якіх былі бразільская сасна, воцатавае дрэва і манчжурскі арэх.

У 1773 года дзякуючы намаганням Даўнаровіча на Гарадніцы быў заснаваны кабінет натуральнай гісторыі, для якога набылі калекцыю ў бібліятэкара радзівілаўскіх збораў у Нясвіжы Крысціяна Магніцкага. Пры кабінеце Жылібер арганізаваў бібліятэку, на паліцах якой у 1780 годзе знаходзілася каля 300 кніг. Тут захоўвалася бліз 300 медзярытаў раслін, якія потым трапілі ў зборы Галоўнай школы ў Вільні.

У верасні 1777 года Гарадніцу наведаў Станіслаў Аўгуст. 15 верасня кароль азнаёміўся са шматлікімі экзатычнымі гатункамі, лекавымі травамі і аранжэрэяй батанічнага саду, а пазней наведаў бібліятэку ды кабінет натуральнай гісторыі школы з «анатамічным амфітэатрам».

Пры акадэміі працавала аптэка (цяпер Гродзенская аптэка-музей), побач з якой знаходзіўся аптэкарскі агарод і апрацоўваліся лекавыя і рэзка-араматычныя расліны. Планаваў арганізацыю сельскагаспадарчай і ветэрынарнай школ, разам з А. Тызенгаўзам стварэнне ў Гродне Акадэміі навук.

У 1780 годзе ў сям’і Жылібераў у Гародні нарадзіўся сын, хросным бацькам якога быў кароль Станіслаў Аўгуст.

У прадчуванні краху Тызенгаўза ў маі 1780 года Жылібер нечакана выехаў у Варшаву, матывуючы свой ад’езд станам здароўя.

У 1781 годзе медычная школа была пераведзена ў Вільню, куды Жылібер забраў з сабой кнігазбор, калекцыю мінералаў, найбольш каштоўныя расліны з батанічнага саду і хірургічныя інструменты. У Вільні пры падтрымцы М. Пачобут-Адляніцкага і Я. Храптовіча стварыў на базе Гродзенскай медыцынскай акадэміі медыцынскі факультэт у Галоўнай школе ВКЛ, узначаліў кафедру натуральнай гісторыі і батанікі, заклаў пры школе батанічны сад.

Вясной 1776 года Ж. Э. Жылібер разам са сваімі вучнямі пачаў збіраць расліны ў ваколіцах Гародні, пазней — вакол Вільні і Навагрудка. Вынікам гэтага з’явілася праца «Flora lithaunica inchoata», у адным з раздзелаў якога Жылібер дае апісанне 95 відаў лекавых раслін, прыводзіць звесткі пра час іх цвіцення, абмяркоўвае лекавыя ўласцівасці травы і ўжыванне іх у побыце.Лекарственные растения и их применение. Изд. 5-е, перераб. и. доп. — Наука и техника — Мн., 1974. — С. 9—10.

Напісаў артыкулы: Flora lithaunica inchoata (1781), Indagatores Naturæ in Lithuania (1781), Exercitium botanicum in Schola principe Universitatis Vilnensis peractum (1782), Exercitia phytologica (1792).

Вярнуўся ў Ліён у 1783 годзе, матывуючы сваё рашэнне пагаршэннем здароўя і стомленасцю. Падчас Вялікай французскай рэвалюцыі быў арыштаваны якабінцамі за прыналежнасць да жырандыстаў у 1793 годзе. У тым жа годзе вызвалены.

Ушанаванне памяці

У гонар Жана Эмануэля Жылібера названы галоўны гродзенскі гарадскі парк — Парк Жылібера. У 2007 годзе ў Гродне ўсталявана гарадская скульптура Жану Эмануэлю Жыліберу, кіраўніку медыцынскай акадэміі, адкрытай Антоніем Тызенгаўзам.

Яго імем быў названы род раслін сямействы , у сучаснай наменклатуры званы .

Літаратура

Лекарственные растения и их применение. Изд. 5-е, перераб. и. доп. «Наука и техника». Мн., 1974 Piotr Daszkiewicz (2004). «Sur les forêts de Lithuanie» (1784), Un texte oublié de Jean-Emmanuel Gilibert. Cahiers lituaniens, 5 : 21-27. Adrien Davy de Virville (dir.) (1955). Histoire de la botanique en France. SEDES (Paris) : 394 p.

Спасылкі

Катэгорыя:Вучоныя Францыі Катэгорыя:Біёлагі Францыі Катэгорыя:Постаці Гродна Катэгорыя:Медыкі Беларусі Катэгорыя:Мэры Ліёна