Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (таксама Фарны касцёл) — колішні каталіцкі храм-фара, які існаваў у Клецку ў XVI — першай палове XX стагоддзяў.

Гісторыя

Фарны касцёл у Клецку ў 1550 годзе фундаваў Андрэй Маствілоўскі. У 1560-я гады Мікалай Радзівіл Чорны перадаў храм кальвіністам, тут з пратэстанцкімі пропаведзямі выступаў беларускі гуманіст Сымон Будны. Пры маршалку вялікім літоўскім і ўладальнікам Клецку Альбрэхце II Радзівіле зноў перададзены каталікам. У 1607 годзе асвячоны біскупам віленскім Юрыем Радзівілам.

Касцёл быў пашкоджаны пад час Вялікай Айчыннай вайны, узарваны ў 1950-я гады. Ад касцёла захавалася толькі засталася частка заходняй сцяны.

Архітэктура

Касцёл уяўляў сабой аднанефны, прамавугольны ў плане асноўны аб’ём з пяціграннай апсідай, якія завяршаліся агульным дахам, двухсхільным над асноўным аб’ёмам і шматгранным над алтаром. Да паўночнай сцяны прэсбітэрыя прылягала невялікая двухпавярховая сакрысція, на другім паверсе якой была скарбніца. Сцены былі ўмацаваныя контрфорсамі і завершаныя прафіляваным карнізам. Аконныя праёмы арачныя. Да галоўнага фасада была прыбудаваная трох’ярусная вежа-званіца з арачнымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, упрыгожаная нішамі, філёнгамі, завершаная купалам. Ніжні ярус вежы чацверыковы, астатнія — васьмерыковыя.

Асноўны аб’ём меў цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі, у інтэр’еры багата аздобленыя разныя алтары, скульптура. Падлога была цагляная, у асноўным аб’ёме ў ёй было пакладзена некалькі каменных пліт. Пад алтарнай часткай былі сутарэнні. Над уваходам размяшчаліся драўляныя хоры. Сцены касцёлу былі ўзведзеныя ў тэхніцы гатычнай муроўкі з цэглы памерам 26—27 × 12,5—13 × 6,5—7 см.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі рэнесанс Катэгорыя:Збудаванні Вялікага Княства Літоўскага ў стылі рэнесанс Катэгорыя:Колішнія касцёлы Мінскай вобласці Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай Катэгорыя:Касцёлы Клецка Катэгорыя:XVI стагоддзе ў Беларусі