Антарктыда ( — супрацьлегласць Арктыцы) — мацярык і частка свету ў паўднёвым паўшар’і, у межах Паўднёвага палярнага круга, займае цэнтральную частку Антарктыкі. Цэнтр Антарктыды прыкладна супадае з паўднёвым геаграфічным полюсам. Плошча 12,4 млн км² (13,9 млн км² разам з астравамі і шэльфавымі ледавікамі, што ў 68 разоў больш за плошчу Беларусі). Берагі Антарктыды (больш за 30 тыс. км) зрэзаны слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы вышынёй 20—100 м. Абмываецца Паўднёвым акіянам (моры Уэдэла, Лазарава, Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсена, Белінсгаўзена). У напрамку да Паўднёвай Амерыкі цягнецца вузкі Антарктычны паўвостраў. На востраве Роса ў моры Роса ўзвышаецца дзеючы вулкан Эрэбус (3794 м).
Прырода
Рэльеф і геалагічная будова мацерыка
Рэльеф і ледавіковае покрыва
Антарктыда — самы высокі кантынент на Зямлі. Сярэдняя вышыня з улікам ледавіковага покрыва 2040 м (для параўнання, Азія — 950 м, Аўстралія — 350 м). Сярэдняя вышыня карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная частка ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая частка Антарктыды — пласкагор'е.
Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад мора Уэдэла да мора Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на дзве часткі — Усходнюю і Заходнюю, — якія маюць рознае паходжанне і геалагічную будову.
Цэнтральную частку Усходняй Антарктыды займае плато Савецкае (вышыня да 4000 м), на поўначы паверхня зніжаецца і ўтварае нізіну Міжнароднага геафізічнага года. Уздоўж узбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і іншыя.
Паверхня Заходняй Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, без ледавіковага покрыва гэта — група астравоў, злучаных паміж сабой лёдам. Хрыбты размешчаны ў глыбіні мацерыка і на ўзбярэжжы. Самы высокі масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсуэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаванне горных падняццяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадскага) і глыбокіх нізін. Тут знаходзіцца найглыбейшая дэпрэсія мацерыка — упадзіна Бентлі, верагодна, рыфтавага паходжання (каля 2555 м ніжэй за ўзровень мора).
Антарктыда ўкрытая магутным шчытом мацерыковага лёду, не занятая ледавікамі тэрыторыя (каля 0,2—0,3 %) — асобныя горныя вяршыні (нунатакі), хрыбты, невялікія ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы. Агульная плошча зледзянення (пачалося 30 млн гадоў назад, пасля разрыву перамычкі, якая злучала Паўднёвую Амерыку і Антарктычны паўвостраў, што прывяло да фарміравання антарктычнага цыркумпалярнага цячэння і ізаляцыі прыантарктычных водаў — вядомых сёння як Паўднёвы акіян — ад Сусветнага акіяна) 12 044 тыс. км², аб’ём лёду 25 млн км³ (да 90 % сусветнага лёду сушы). Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найбольшая — 4500 м. Калі растане ўвесь антарктычны лёд, узровень Сусветнага акіяна падымецца на 60 м.
Антарктычны ледавіковы шчыт з’яўляецца буйнейшым на планеце і пераўзыходзіць бліжэйшы па памерах Грэнландскі ледавіковы шчыт ў 10 разоў. Ледавіковы шчыт мае форму купала з павелічэннем стромкасці яго паверхні ў кірунку ўзбярэжжа, дзе ён пераходзіць у ледавіковыя абрывы і шэльфавыя ледавікі. Накапленне лёду на ледавіковым шчыце прыводзіць да «цячэння» лёду ў зону абляцыі (разбурэння), якой з’яўляецца ўзбярэжжа мацерыка; лёд адколваецца ў выглядзе айсбергаў. Гадавы аб’ём абляцыі ацэньваецца ў 2500 км³.
Асаблівасць Антарктыды — вялікая плошча шэльфавых ледавікоў (да 10 % плошчы, што ўзвышаецца над узроўнем мора). Гэтыя ледавікі з’яўляюцца крыніцай айсбергаў рэкордных памераў. У летні перыяд (зіма ў паўднёвым паўшар’і) плошча ледавіковага покрыва Антарктыды павялічваецца на 3—4 млн км² у выніку разрастання шэльфавых ледавікоў, перш за ўсё вакол Антарктычнага паўвострава і ў моры Роса.
Геалагічная будова
Большая частка Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягласцю Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жалезныя, медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы з утрыманнем брому, волава, марганцу, малібдэну, радовішчы графіту і інш.
Клімат
Кантынентальны (за выключэннем узбярэжжа) антарктычны, халодны і суровы. Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фарміруецца антарктычны антыцыклон. Сярэднія тэмпературы зімой ад −20 да −30 °C на ўзбярэжжы і ад −60 да −70 °C ва ўнутраных раёнах; летам адпаведна ад −10 да −30 °C, −40 °C.
Абсалютны мінімум тэмпературы −89,2 °C зафіксаваны ў цэнтральнай частцы на станцыі Усход (Полюс холаду Зямлі) беларускім палярнікам В. Л. Карпюком.
Радыяцыйны баланс адмоўны: да 90 % сонечнай цеплыні адлюстроўваецца снежнай паверхняй і толькі 10 % ідзе на абаграванне мацерыка. Хоць ў Цэнтральнай Антарктыдзе зімой на працягу некалькіх месяцаў працягваецца палярная ноч, гадавая сумарная радыцыя набліжаецца да гадавой сумарнай радыяцыі экватарыяльнай зоны.
Ападкі толькі ў выглядзе снегу: 30—50 мм у цэнтральнай частцы Антарктыды, 700—1000 мм на ўзбярэжжы за год.
Моцныя штармавыя цыкланічныя і сцёкавыя (абумоўленыя купалападобным рэльефам мацерыка) вятры ў прыбярэжных раёнах дасягаюць хуткасці 50—60, часам 80 м/с. Самы хуткі вецер на планеце зафіксаваў беларускі палярнік А. А. Гайдашоў на станцыі Ленінградская: 88 м/сек. Таўшчыня слоя сцёку паветра складае звычайна 200—300 м, з-за вялікай колькасці ледзянога пылу гарызантальная бачнасць пры такіх вятрах вельмі нізкая. Максімальнай моцы сцёкавыя вятры дасягаюць антарктычнай зімой — з красавіка па лістапад яны дзьмуюць амаль без перапынку цэлыя суткі, з лістапада па сакавік — у начны час ці калі Сонца знаходзіцца нізка над гарызонтам. Летам у дзённы час дзякуючы прагрэву прыпаверхнаснага слоя паветра сцёкавыя вятры на ўзбярэжжы спыняюцца.
Нягледзячы на сусветнае пацяпленне, за апошнія 35 гадоў тэмпература ў Антарктыдзе істотна панізілася. Тэмпература паветра каля паверхні зніжаецца на 0,7 °C кожныя дзесяць гадоў. Гэтая тэндэнцыя ставіць у тупік вучоных, паколькі большасць сцэнарыяў кліматычных змяненняў зыходзяць з таго, што палярныя вобласці планеты павінны хутчэй і інтэнсіўней падвяргацца ўздзеянню глабальнага пацяплення. Нават частковае раставанне Антарктыды ў XXI стагоддзі лічыцца малаверагодным.
Унутраныя воды
У 1990-х расійскімі вучонымі было выяўлена падлёднае назамярзаючае возера Усход.
У студзені 2006 супрацоўнікі амерыканскай геафізічнай абсерваторыі Ламант-Догерці, грунтуючыся на інфармацыі савецкай антарктычнай экспедыцыі 1958—1959, выявілі другое і трэяе па памерах падлёдныя азёры, плошчай 2000 км² и 1600 км² адпаведна, якія знаходзяцца на глыбіні каля 3 км ад паверхні кантынента.
Усяго на 2006 год у Антарктыдзе выяўлена крыху больш за сто разнастайных азёраў (ад прэсных да горка-салёных).
Арганічны свет
Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустынь Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасцямі (на Антарктычным паўвостраве — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых раслін) і самкнутага покрыва не ўтварае (антарктычныя імхова-лішайнікавыя пустыні). Фаўна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, буравеснікі, паморнікі, знойдзена каля 70 відаў членістаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).
Антарктычныя жывёлы цалкам залежаць ад прыбярэжнай экасістэмы Паўднёвага акіяна: з-за беднасці расліннасці ўсе хоць колькі значныя харчовыя ланцугі прыбярэжных экасістэм пачынаюцца ў водах, якія абмываюць Антарктыду. Антарктычныя воды багатыя зоапланктонам, які з’яўляецца асновай ланцуга харчавання многіх відаў рыб, кітовых, цюленяў, пінгвінаў. Цалкам сухапутныя жывёлы ў Антарктыдзе адсутнічаюць.
У прэснаводных азёрах мацерыковых прыбярэжных аазісаў існуюць алігатрофныя экасістэмы, населеныя сіне-зялёнымі водарасцямі, круглымі чарвякамі, весланогімі рачкамі і дафніямі. Птушкі залятаюць сюды эпізадычна.
Для нунатакаў характэрны толькі бактэрыі, лішайнікі, імхі. На ледавіковы шчыт зрэдку залятаюць паморнікі, якія рухаюцца за людзьмі.
Існуе меркаванне аб наяўнасці ў падлёдных азёрах Антарктыды крайне алігатрофных экасістэм, практычна ізаляваных ад знешняга свету.
У 1994 годзе вучоныя перадалі паведамленне аб хуткім павелічэнні колькасці раслін у Антарктыдзе, што выглядае пацвярджэннем гіпотэзы аб глабальным пацяпленні клімату на планеце.
Чалавек і Антарктыда
Гісторыя вывучэння кантынента Пошукі еўрапейскімі мараплаўцамі невядомай паўднёвай зямлі пачаліся ў XVII ст. Аднак адкрыццё Антарктыды адбылося толькі ў 1820 г., калі 16 (28) студзеня расійская экспедыцыя Ф. Белінсгаўзена і М. Лазарава заўважылі пакрытую лёдам сушу. Зрэшты, на права быць першаадкрывальнікамі шостага кантыненту прэтэндуюць англічане і амерыканцы: 18 (30) студзеня брытанская экспедыцыя на чале з Э. Брансфілдам і 17 лістапада амерыканскі кітабой Натаніэль Палмер таксама дасягнулі Антарктыды. У 1820-х-1840-х найбольшы ўнёсак у вывучэнне Антарктыды зрабілі француз Дзюмон-Дзюрвіль, брытанцы Джэймс Уэдэл і Джэймс Рос. Нягледзячы на іх экспедыцыі, да 1890-х звесткі аб Антаркыдзе былі вельмі няпоўнымі. Што казаць, калі знакаміты французскі пісьменнік Жуль Верн у кнізе «20 000 лье пад вадой» правёў сваіх герояў да Паўднёвага полюса па моры.
У канцы ХІХ стагоддзя ўзрастае цікавасць да Антарктыды, звязаная са змяншэннем колькасці кітоў у Арктыцы. У 1890-х пачаўся сапраўдны антарктычны даследчы бум. У пачатку ХХ стагоддзя з геаграфіяй Антарктыды змагаліся такія легендарныя палярнікі як Роберт Скот, Эрнэст Шэклтан, Руаль Амундсен, Дуглас Моўсан, Эрых фон Дрыгальскі і іншыя. У 1911 экспедыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўднёвага полюса.
Пасля Другой сусветнай вайны актывізуецца метэаралагічнае, гляцыялагічнае і геалагічнае вывучэнне Антарктыды. Адзначэнне Міжнароднага геафізічнага года у 1957—1958 падштурхнула самыя развітыя краіны свету да адкрыцця цэлай сеткі палярных станцый (у тым ліку і ўнутры мацерыка) і вядзення ўзгодненых сістэматычных даследаванняў. У канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя найбольшы вопыт і дасягненні ў даследваннях антарктыкі маюць ЗША, Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Новая Зеландыя. Далучаюцца і навыя гульцы: Кітай, Японія, ПАР і інш.
Статус Антарктыды Антарктыда як частка Антарктыкі, з’яўляецца міжнароднай тэрыторыяй, статус якой рэгулюецца Дагаворам аб Антарктыцы. Устаноўлена, што ўсе тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў Антарктыцы «замарожваюцца», і што Антарктыка выкарыстоўваецца толькі ў мірных мэтах.
Насённяшні дзень некаторыя дзяржавы працягваюць прэтэндаваць на тэрыторыі ў Антарктыдзе. Так, Нарвегія прэтэндуе на тэрыторыю, якая большаю за тэрыторыю самой Нарвегіі ў дзесяць разоў. Аўстралія лічыць сваёй амаль палову Антарктыды і спрачаецца з Францыяй за Зямлю Адэлі. Чылі з Аргенцінай прэтэндуюць практычна на адну і тую ж тэрыторыю — на Антарктычны паўвостраў, які яны нават па-рознаму называюць. На вялізарныя тэрыторыі претэндуюць Вялікабрытанія і Новая Зеландыя.
Асаблівую пазіцыю займаюць ЗША і Расія (раней — СССР), якія заявілі, што могуць выставіць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі, хаця пакуль гэтага не рабілі.
Ваенная дзейнасць у Антарктыдзе забаронена. Ваенны персанал дзяржаў-удзельніц дагавора можа выкарыстоўвацца толькі ў мэтах правядзення навуковых даследаванняў. Антарктыда — цалкам нейтралізаваная і дэмілітарызаваная тэрыторыя свету. У насельніцтва станцый і ўдзельнікаў экспедыцый няма зброі (акрамя ракетніц) з прычыны поўнай адсутнасці драпежных звяроў.
Насельніцтва З-за суровасці клімату ў Антарктыдзе няма пастаяннага насельніцтва. Часовае насельніцтва, якое базуецца на навуковых станцыях, складае ад 5000 чалавек летам да 1000 чалавек зімой. На сёняшні дзень больш за 40 краін маюць у Антарктыдзе навуковыя станцыі. Да ліку пастаянных антарктычных аператараў належыць большасць вялікіх і высокаразвітых краін. Чвэрць жыхароў Антарктыкі прапісаны на амерыканскай станцыі Мак-Мёрда. Раўнютка на Паўднёвым полюсе дзейнічае яшчэ адна амерыканская станцыя Амундсен-Скот. У адным з самых суровых месцаў Усходняй Антарктыды кідае выклі прыродзе знакамітая расійская станцыя Усход.