Дзятлаўка, Дзянцелка, Зецела, Зітала, Памарайка — рака ў Дзятлаўскім раёне, левы прыток Моўчадзі (басейн Нёмана).

Гідраграфія Даўжыня 26 км. Плошча вадазбору 151 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 2,1 %. Пачынаецца каля в. Юравічы, у межах Навагрудскага ўзвышша цячэ праз горад Дзятлава, упадае ў Гезгальскае вадасховішча (на р. Моўчадзь) на паўднёва-ўсходняй ускраіне в. Гезгалы. Рэчышча каналізавана ў 1975 г. на ўсім працягу. Каля в. Нагародавічы створана сажалка (пл. 0,06 км²). Прытокі — рэкі Памарайка, Рума, ручай Карачоўка (правыя), рэкі Патыльты, Дзікая (левыя).

У вытоку рэчкі і ў рэчышчы на поўнач ад Дзятлава ніжэй па цячэнні ў бок вёскі Засецце знаходзяцца наслаенні торфу. Ніжэй Дзятлаўка рэзка паварочвае ўправа, сустракаючы пясчаную граду, што імаверна прывяло да існавання ў мінулым возера ў гэтай мясцовасці.

Назва Назва зрусіфікаваная разам з назвай мястэчка Дзятлава.

Адпачатная балцкая форма гэтай рачной назвы засведчаная ва ўжыванні носьбітамі мясцовай аўтахтоннай літоўскай гаворкі: Zietela.

Сярод мясцовых літоўскамоўных жыхароў так называлі само мястэчка, рэчку і зніклае на сёння возера, праз якое рэчка цякла і якое старыя жыхары яшчэ памяталі. На сёння, са знікненнем літоўскамоўнага астраўка пад Дзятлавам, пра старую назву сведчыць толькі мікратапонім (назва выгану каля ракі ля вёскі Засецце) «Пазытэлі»A. Vidugiris. Šis tas apie Zietelos vardą ir šnektą // Voruta. Nr. 3 (669). C. 15..

Рачная назва Zietela ўтварылася з дапамогай пашыральніка -el- (як і назвы ракі *Скідзела або ракі Дрысела на Павоччы) ад карацейшай назвы возера, якая засведчаная ў старарускім Іпацьеўскім летапісе. У 1253 г. дасланае князем Таўцівілам літоўскае войска выйшла насустрач войску галіцка-валынскага князя Данілы, што ішло ад Пінска, і ад возера «Зъято» гнала іх «праз балоты да ракі Шчары»А. П. Непокупный. Лингвогеографические связи литовских и белорусских форм названий г. Дятлово и его окрестностей // Балто-славянские исследования. М., 1974. С. 153, 155.Полное собраніе русскихъ лѣтописей. Т. 2. Санктпетербургъ, 1843. С. 188..

Назва «Зъято» гэта яцвяжскі гідронім, які аднаўляецца як *Zeitō. Па-літоўску назва гучала б як Žieta, але ў заходнябалцкіх мовах (да якіх належала і яцвяжская) ž пераходзіла ў z. Пачатковы зычны Z- у назве Zietela гэта яцвяжскі моўны след. Але ў гэтай літуанізаванай яцвяжскай назве адбыўся пераход яцвяжскага дыфтонга -еі- ў літоўскае -іе-.

З сярэдзіны XVI стагоддзя вядомае таксама балота Zyatha (былое возера) значна больш на поўдзень ад Дзятлава, паміж цячэннямі рэк Шчара і Ясельда, каля в. КалонскПисцовая книга Пинскаго и Клецкаго княжествъ, составленная Пинскимъ Старостою Станиславомъ Хвальчевскимъ въ 1552—1555 г. Вильна, 1884. С. 159, 293, 294, 296. https://www.prlib.ru/item/436938.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Рэкі Дзятлаўскага раёна Катэгорыя:Прытокі Моўчадзі