Яхімоўшчына — філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчына (Маладзечанскі раён).

Гісторыя У Яхімоўшчыне з восені 1906 г. да вясны 1907 г. Янка Купала працаваў памочнікам вінакура Сасноўскага на бровары ў маёнтку пана Аляксандра Янавіча Любанскага. Менавіта тут нарадзілася большасць твораў, якія пазней склалі першы зборнік Янкі Купалы «Жалейка».

У 1959 годзе на будынку былой канторы бровара (зараз цэнтральная сядзіба калгаса «Яхімоўшчына») была ўсталявана мемарыяльная дошка. У 1982 годзе ў гонар стагоддзя з дня нараджэння Я. Купалы адбылася мемарыялізацыя і дома, дзе жыў паэт.Філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы «Яхімоўшчына» на сайце iatp.by Пазней жыхары гэтага дома былі пераселены калгасам у новае жыллё, каб у мемарыяльным будынку можна было правесці рэстаўрацыйныя работы.

Філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне ўтвораны 24 студзеня 1997 года па ініцыятыве тагачаснага дырэктара музея Жанны Дапкюнас і пры спрыянні старшыні праўлення калгаса «Яхімоўшчына» Генадзя Божкі. Рэстаўрацыя хаты, у якой жыў Я.Купала, адбылася ў 1998 годзе.Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9. — Мн., БелЭн, 1999. — С. 33. Пасля падрыхтоўкі экспазіцыі філіял упершыню адкрылася для наведвальнікаў 30 мая 2001 года.

Плошча экспазіцыі музея складае больш за 100 м². Аўтар літаратурна-мастацкай канцэпцыі і стваральнік экспазіцыі — мастак Г. Чысты. Галоўная ідэя экспазіцыі — паказаць нараджэнне нацыянальнага літаратурнага генія, аднавіць час, калі пачынаўся і распаўсюджваўся беларускі легальны друк, вызначыць яго ўплыў на тагачаснае беларускае грамадства, адлюстраваць значнасць першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Жалейка».

У двух пакоях філіяла музея размяшчаюцца экспазіцыйныя залы, а трэці пакой-кабінет, дзе жыў Я.Купала, — мемарыяльны. Тут усё захавалася ў тым выглядзе, як было ў пачатку 20 стагоддзя: пісьмовы стол, побач венскае крэсла, этажэрка з кнігамі, камод, дзе зберагаўся ўвесць скарб маладога чалавека. На стале — пісьмовыя прылады высакароднай працы, падсвечнік, гадзіннік павольна адмярае час…

У экспазіцыі выкарыстаныя мастацкія творы Э. Агуновіча, М. Гусева, Я. Раманоўскага, К. Харашэвіча і В. Ціхановіча, у якіх адлюстравана праца паэта на бровары. Традыцыйна штогод на тэрыторыі Яхімоўшчыны ў дзень нараджэння паэта (7 ліпеня) праводзіцца Купальскае свята.

Спасылкі Яхiмоўшчына . Дзяржаўны лiтаратурны музей Янкi Купалы

Катэгорыя:Музеі Маладзечанскага раёна Катэгорыя:Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы Катэгорыя:З’явіліся ў 1997 годзе Катэгорыя:Яхімоўшчына (Маладзечанскі раён)