Глеб Усясла́віч (; не раней за канец 1040-х і не пазней за 1070 — , ) — князь менскі (да 1118).
Біяграфія З роду Ізяславічаў Полацкіх, сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча.
Імя Глеб — старажытнаскандынаўскага паходжанняBehind the Name: Meaning, Origin and History of the Name Gleb. . Імаверна, полацкі князь Усяслава назваў сваіх сыноў у памяць родзічаў — Барыса (у хрышчэнні Рамана) і Глеба (Давыда) Уладзіміравічаў, кананізаваных у 1071 годзе (гл. Барыс і Глеб). У выпадку Глеба Усяславіча гэта пацвярджае выява Святога Глеба на яго пячатцы.
Напэўна, Глеб быў другім сынам Усяслава, хоць пытанне старшынства Усяславічаў застаецца дыскусійным. Таму, на думку адных даследчыкаў, мог нарадзіцца ў канцы 1040-х гадоў. На думку іншых, Глеб нарадзіўся каля 1070 года, бо ў 1073 годзе, магчыма, ён заручаны з дачкой князя Яраполка Ізяславіча. За Яраполкаўнай, магчыма, Глеб і атрымаў МенскЗаяц Ю. Л. Менская зямля… С. 10., які пасля смерці бацькі ў 1101 годзе стаў яго ўдзелам.
На думку Васіля Тарасенкі, пры Глебе ў Менску будавалі каменную царквуТарасенко, В. Р. Раскопки Минского замчища в 1950 г. / В. Р. Тарасенко // Краткие сообщения о докладах и полевых исследованиях института истории материальной культуры. — Вып. 44. — Москва, 1952. — С. 130..
Глеб імкнуўся пашырыць свой удзел. Неўзабаве па смерці бацькі пачаў вайну з братамі — выгнаў Давыда і, магчыма, Рамана. У 1104 годзе абараняў Менск ад аб’яднанага войска паўднёварускіх князёў — вялікі князь Святаполк Ізяславіч паслаў супраць Глеба ваяводу Пуцяту Вышаціча, князь пераяслаўскі Уладзімір Манамах — свайго сына Яраполка, князь чарнігаўскі Алег Святаславіч прыйшоў сам і прывёў глебава брата Давыда. Мэтай, імаверна, было вяртанне Давыду ўдзелаРапаў…. Аднак паход на Менск не меў поспеху, імаверна, бо вялікі князь Святаполк не хацеў паразы Глеба — свайго сваяка і саюзніка.
Напэўна, са згоды вялікага князя Святаполка Глеб далучыў да сваіх уладанняў землі абапал Дняпра, дзе пабудаваў крэпасці ў Оршы, Копысі і іншыя (напрыклад гарадзішчы каля вёсак Германы, Кісялі і Стражава Дубровенскага раёна), усе гэтыя ўмацаванні з’явіліся на пачатку XII ст.Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае… С. 174—175.. У пачатку XI ст. тэрыторыю абапал Дняпра са «шляхам з вараг у грэкі» кантраляваў непасрэдна Кіеў. У Смаленскім княстве, вылучаным у 1054 годзе, у 2-й палове XI ст. часта мяняліся князі і не было ўмоў для інтэнсіўнага збірання тэрыторыі, да канца XI ст. яго заходнімі валасцямі ў Падняпроўі былі Басея і Мірацічы, якія ахоплівалі басейны Басі і Мярэі. У канцы XI ст. Смаленскае княства замацавалі за сабою дзецьмі Уладзіміра Манамаха, яны, напэўна, таксама імкнуліся атрымаць кантроль над Дняпром, што стала прычынай іх варожасці да Глеба.
У 1106 годзе, магчыма, Глеб разам з братамі ўдзельнічаў ў няўдалым паходзе на земгалаў. Апроч зямель абапал Дняпра з Оршай і Копыссю, Глеб далучыў да свайго княства і ДруцкСемянчук, Г. Глеб Усяславіч / Г. Семянчук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 43. ISBN 985-11-0041-2., акалічнасці гэтага невядомы.
У 1108 годзе ахвяраваў Кіева-Пячэрскаму манастыру на пабудову трапезнай 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата (100 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата таксама ахвяравала жонка пасля смерці князя паводле яго завяшчання).
Па смерці Святаполка (16.4.1113) вялікім князем кіеўскім стаў Уладзімір Манамах — праціўнік Святаполка і Глеба, які разыходзіўся з імі па многіх пытаннях, у тым ліку па спадчынных правах на княжанні. У 1116 годзе Глеб напаў на зямлю дрыгавічоў і спаліў Слуцк, які належаў Уладзіміру. Паводле летапісу, Уладзімір, быццам, угаворваў Глеба вырашыць пытанні мірам, але Глеб, быццам, не хацеў прызнаваць сябе вінаватым і абвінавачваў ва ўсім самога Уладзіміра. Урэшце, на Менскае княства скіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў — Кіева і Пераяслава, Смаленска і Чарнігава. Смаленскі князь Вячаслаў (сын Уладзіміра) захапіў Оршу і Копысь. Аб’яднанае войска чарнігаўскага князя Давыда Святаславіча (стрыечнага брата Уладзіміра) і пераяслаўскага князя Яраполка (сына Уладзіміра) узяло прыступам Друцк. Сам Уладзімір скіраваўся да Менска і аблажыў горад. Двухмесячная аблога не мела поспеху, Уладзімір вырашыў яе працягваць і загадаў будаваць пад менскім дзядзінцам сабе хату на зіму.
Глеб убачыў падрыхтоўку да працяглай аблогі і адправіў паслоў да Уладзіміра, які згадзіўся на перамовы. Менскі князь выйшаў з горада з дзецьмі і дружынай і паабяцаў ва ўсім слухацца. Уладзімір павучаў Глеба, як ён павінен паводзіць сябе, і даў яму, паводле летапісу, Менск — такім чынам, як лічаць некаторыя даследчыкіЗагарульскі, Ермаловіч…, забраў значную частку ўладанняў, у тым ліку Друцк і Падняпроўе. Сын Уладзіміра Яраполк вывеў у палон жыхароў захопленага Друцка і пасяліў у сваім Пераяслаўскім княстве, пабудаваў для іх горад .
Глеб нядоўга трымаўся павучанняў Уладзіміра і, паміж 1116 і 1118 годам, напаў на смаленскія і ноўгарадскія воласці. Гэтым разам Уладзімір паслаў у 1118 годзе свайго сына Мсціслава з вялікім войскам, ён аблажыў і ўзяў Менск. Глеб трапіў у палон і адвезены ў Кіеў.
Памёр 13 верасня 1119 года ў кіеўскай вязніцы. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры, у паўднёвай частцы Успенскага сабору ў галовах ігумена Феадосія, аднаго з заснавальнікаў манастыра, пазней побач пахавана і жонка — Яраполкаўна, якая перажыла мужа на 40 гадоўАθанасій Калнофойскій. Эпитафіи фундаторам лавры / Отделъ ІІ. Извѣстія очевидцевъ, современниковъ и иностранныхъ писателей // Сборникъ матеріаловъ для исторической топографіи Кіева и его окрестностей.— Кіевъ: типографія Е. Я. Федорова, 1874.— С. 28.
Пячаткі
Вядомы 3 тыпы віслых пячатак, якія даследчыкі звязваюць з Глебам Усяславічам. На аверсе ўсіх тыпаў — выява святога Глеба ў княжацкай шапцы, з мучаніцкім крыжам на грудзях і двухкалонкавым надпісам «Глѣбъ». На рэверсе: тып 1 — шасціканцовы расквітнелы крыж і надпіс «ІС ХС» (Ісус Хрыстос), тып 2 — надпіс «Госпадзеі, дапамажы рабу свайму Глебу», тып 3 — выява Маці Божай. Зарэгістраваны 3 пячаткі 1-га тыпу (дыяметр 20—21 мм, дзве з Кіева і адна з Гродна) і 3 пячаткі 2-га тыпу (дыяметр 22—23 мм, дзве з Ровенскай і адна з Жытомірскай абласцей Украіны). Да 3-га тыпу належыць 1 пячатка з Валынскай вобласці (Украіна) дыяметрам 22 мм. Нумарацыя тыпаў — у парадку знаходак.
Да пячатак 1-га тыпу падобны дзве пломбы (адбіткі малых пячатак), знойдзеныя ў Полацку, з выявай святога Глеба і надпісам «ГЛ» (Глеб), а на зваротным баку — 6-канцовы расквітнелы крыж; дыяметр — 13 мм. Іх таксама можна аднесці да Глеба УсяславічаЖуков, И. Вислые печати полоцкого князя Всеслава Брячеславича и его сыновей Бориса и Глеба Всеславичей / И. Жуков // Нумізматика і фалеристика. — 2013. — № 4. — С. 18—21. .
Акрамя гэтага, у 1959 годзе падчас раскопак на гарадзішчы старажытнага Менска на рацэ Менцы ў пласце пачатку XII стагоддзя (датаваным да 1138 года) была выяўлена свінцовая пячатка-пломба з выявамі святога князя на абодвух баках і знакам у выглядзе «расквітнелага» крыжа. Даследчык Э. М. Загарульскі аднёс гэты артэфакт Глебу або Барысу Усяславічам. Сфрагістычныя помнікі з паясной выявай святога Глеба тыпалагічна і іканаграфічна цалкам адпавядаюць «малым сфрагісам» (свінцовым пломбам драгічынскага тыпу) яго брата Барыса Усяславіча. Свінцовыя пломбы з гэтага ж перыяду, якія належалі полацкаму княжацкаму дому, былі таксама знойдзены ў 2013 годзе каля вёскі Гарадзішча на Менцы, што пацвярджае актыўны ўдзел сталіцы Глеба Усяславіча ў тагачасным гандлёва-эканамічным абароце.
Пячаткі тыпу 1, на думку некаторых даследчыкаў, маглі належаць гарадзенскаму князю Глебу Усеваладавічу.
Сям’я Жонка з 1090 года Анастасія Яраполкаўна (пам. 1159), дачка князя ўладзімірскага Яраполка Ізяславіча. З крыніц вядома трое іх сыноў: Расціслаў (1090-я — пасля 1161/1162) — князь менскі (1140-я — 1151, 1158—1161/1162), полацкі (1151—1158); Валадар (1090-я — пасля 1176/1177) — князь менскі (1151—1158; 1162—1167/1183), полацкі (1167); Усевалад — князь ізяслаўскі (да 1159), стрэжаўскі (пасля 1159). Васіль Тацішчаў паведамляе пра смерць Ізяслава Глебавіча, якога лічыць полацкім княземТацішчаў 1962; Т. 2., С. 145., пад 14 мая 1134 года, але гэта сын курскага князя Глеба Ольгавіча.
Памяць
Саборны манах Пячэрскага манастыра у сваёй «» (1638) дае сярод эпітафій фундатарам Лаўры і эпітафію Глебу Усяславічу і яго жонцы з вершаваным прысвячэннем. Памятныя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь «Глеб Менскі» серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы». Наміналы: 1 рубель (медна-нікелевая), 20 рублёў (срэбная). Дызайн Святланы Заскевіч. Чаканка ЗАТ «Літоўскі манетны двор», Вільня. Выпуск у абарачэнне 12 ліпеня 2007 годаПамятныя манеты «Глеб Менскі» // Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь.
Крыніцы
Літаратура Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — , 1975. Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — , 1998, − 260с. Заяц Ю. Л. Менская зямля // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 4. Кежа Ю. Н. Глеб Всеславич и Киево-Печерский монастырь: место полоцких князей в родословной структуре Рюриковичей // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. — Вып. 15. — Минск: РИВШ, 2022. — ISSN 2079—1488 — С. 55-62. Литвина А., Успенский Ф. К уточнению семантики древнерусского «свататися»/«сватитися» и «сват(ь)ство» // Die Welt der Slaven LVIII, 2013. — С. 308—325.
Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // ГАЗ — № 12. — , 1997. Рыжов К. Все монархи мира. Россия. — М.: Вече, 1998. — 640 с. — 16 000 экз. — ISBN 5-7838-0268-9.
Катэгорыя:Князі менскія Катэгорыя:Князі Полацкай зямлі Катэгорыя:Ізяславічы Полацкія Катэгорыя:Военачальнікі Старажытнай Русі