Царква́ на ро́ве — страчаны праваслаўны храм у Полацку, які размяшчаўся на знешнім краю абарончага рова дзядзінца. Помнік полацкай школы дойлідства другой паловы XII стагоддзя. Падчас археалагічных раскопак была даследавана толькі ўсходняя частка царквы, ад якой заставаліся падмуркі і падмуркавыя равы. У наш час рэшткі помніка цалкам знішчаны.

Лакалізацыя і гісторыя даследавання Рэшткі храма былі выяўлены на іншым баку рова дзядзінца (так званага Чорнага ручая) пры археалагічных раскопках М. К. Каргера ў 1962 і 1967 гадах, а пазней даследаваліся П. А. Рапапортам у 1976 і 1977 гадах. Менавіта тады аб’ект атрымаў сваю ўмоўную назву «Царква на Рове». Помнік быў канчаткова зрыты падчас будаўніцтва будынка школы № 8, і для даследаванняў захаваліся толькі падмуркавыя равы і частка падмуркаў апсіды.

Паводле беларускага археолага С. В. Тарасава, размяшчэнне храма на беразе Чорнага ручая каля падэшвы Верхняга замка (сёння гэта тэрыторыя паміж будынкамі вучэбнага корпуса ПДУ і Верхнім замкам) тлумачыцца тым, што ён абслугоўваў патрэбы шматлікага гандлёвага люду каля гандлёва-вечавай плошчы Вялікага пасада на месцы падвозу грузаў з Дзвіны па прытоку ручаяТарасаў С. В. Полацак IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. — Мн., 1998.. На падставе аналізу корпуса пісьмовых і археалагічных крыніц XVI—XVII стст. Д. У. Дукам было выказана меркаванне аб прысвячэнні і сапраўднай назве храма ў гонар Раства Хрыстова.

Архітэктура і будаўнічыя асаблівасці Рэшткаў мураваных сцен храма не захавалася нідзе, аднак ацалелыя часткі дазволілі вызначыць асноўныя параметры ўсходняй часткі будынка: даўжыня апсіды складала каля 7,5 м, шырыня — 7,1 м, шырыня сярэдняга нефа — 4,45 м.

Падмуркі царквы мелі надзвычай спецыфічную канструкцыю, абумоўленую складаным рэльефам мясцовасці. У асноўнай частцы будынка звычайны падмурак быў заглыблены на 1,05 м, прычым ніжнія яго 10—15 см былі ўрэзаны ў шчыльны мацярык. Аднак ва ўсходняй частцы храма ўзровень глебы рэзка паніжаўся, і таму тут будаўнікі змянілі падыход: глыбіня рова складала ўсяго 70 см (з якіх 30 см у мацерыку). Каб выраўнаваць падмурак па гарызанталі, вышэй за ўзровень зямлі была зроблена спецыяльная штучная падсыпка з пласта вапны, што давяло агульную вышыню падмурка ў гэтай частцы прыкладна да 1 метра.

На месцы пабудовы была знойдзена плінфа, якая на сваім пасцелістым (шырокім) баку мела буйныя выпуклыя «княжацкія» знакі (напрыклад, у выглядзе трызубцаў). Гэта сведчыць пра тое, што знакі былі выразаны на падкладной дошцы пры фармоўцы цэглы і з’яўляліся асабістымі родавымі знакамі заказчыка. Наяўнасць гэтых знакаў, а таксама знойдзены паблізу шыферны саркафаг сведчаць аб тым, што царква з’яўлялася пахавальняй кагосьці з нашчадкаў князя Усяслава Брачыславіча. На падставе аналізу знакаў на плінфе і яе фармату П. А. Рапапорт аднёс помнік да трэцяй або чацвёртай чвэрці XII ст..

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Полацка Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Полацка Катэгорыя:З’явіліся ў XII стагоддзі Катэгорыя:Зніклі ў XVI стагоддзі