Міхал Рудольфавіч Грушвіцкі (, Мінск, Мінскі павет — , Ракаў) — беларускі і польскі кампазітар.
Нарадзіўся ў сям’і старшыні Мінскага межавога суда. У 1848 годзе скончыў Шляхецкі інстытут у Вільні, атрымаў патэнт на чын калежскага рэгістратара, які дазваляў паступіць на грамадзянскую службу. Вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, які праз хваробу быў вымушаны пакінуць. У лютым 1850 года паступіў на працу ў канцылярыю Віленскага грамадзянскага губернатара. Кар’ера М. Грушвіцкага завяршылася хутка: у 1852 годзе ён ужо пісар Мінскага сумленнаснага суда. Але і там яго чынавецкая дзейнасць не задалася. Амаль сем месяцаў ён адсутнічаў на службе, была заведзена крымінальная справа, у ходзе якой высветлілася, што ў гэты час ён знаходзіўся ў маёнтку бацькоў.
У 1853 годзе Міхал Грушвіцкі ажаніўся са Станіславай Ельскай (1828—1860). Яе браты — Міхал Ксаверы (скрыпач, кампазітар) і Аляксандр (гісторык, фалькларыст, этнограф і актыўны прапагандыст народнай цвярозасці). У шлюбе з Ельскай нарадзіліся сыны Караль Бернард (1854—1916, пахаваны побач з бацькам у Ракаве) і Эдмунд Клеменс (1856) і дочкі Марыя і Ванда.
У 1862 годзе аўдавелы Міхал ажаніўся другі раз з Леакадзіяй Ратынскай (1838—1909). У шлюбе з Ратынскай нарадзілася двое дзетак — Багдан-Габрыэль (1870—пасля 1919) і Сідалія (1876).
Амаль да самай смерці Міхал Грушвіцкі жыў у Выганічах, цяпер у Валожынскім раёне, вёў разам з жонкай сціплае вясковае жыццё. Пахаваны на каталіцкіх могілках у Ракаве.
Творчасць
Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» і твораў У. Сыракомлі. Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.
Літаратура
Гербоўнік беларускай шляхты / Нацыянальны цэнтр па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Т. 4 : Г / [Дз. Ч. Матвейчык (кіраўнік) і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2016. — 959 с. Спасылкі Зміцер Юркевіч. Міхал Грушвіцкі, кампазітар з-пад Ракава
Катэгорыя:Кампазітары Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Валожынскім раёне Катэгорыя:Памерлі ў Валожынскім раёне Міхал Рудольфавіч