Быценскі Успенскі манастыр — манастырскі комплекс ордэна базыльян у Быцені (Івацэвіцкі раён), адзін з багацейшых уніяцкіх манастыроў на тэрыторыі Беларусі. Ад ансамбля захавалася толькі малая Спаса-Праабражэнская царква.
Гісторыя У 1607 г. маршалак слонімскі Рыгор Трызна разам з жонкай Рэгінай з Сапегаў падараваў базыльянам маёнтак Дзяткавічы і заснаваў манастыр. Першапачаткова манастыр планавалі зрабіць жаночым, бо фундаваўся для дачкі Рыгора Трызны — Еўфрасінні, аднак яна прыняла пострыг у Віленскім базыльянскім манастыры, таму Быценскі манастыр стаў мужчынскім. Адным з першых настаяцеляў у 1613 г. быў ужо досыць знакаміты на той час манах і прапаведнік Іасафат Кунцэвіч. У 1615 г. пры Успенскім манастыры з дазволу і дабраслаўлення Папы Рымскага быў адкрыты навіцыят, з якога ў будучым выйшлі вядомыя дзеячы ўніяцкай царквы.
Сын Рыгора Трызны, падскарбі вялікі літоўскі Мікалай Трызна, у 1626 і 1640 гг. таксама ахвяраваў сродкі на будаўніцтва манастыра і царквы. Паводле фундацыі 1626 года пры манастыры быў заснаваны шпіталь на 10 месцаў. У сваім тэстаменце ад 30 ліпеня 1640 г. ён перадаў базыльянам мястэчка і маёнтак Быцень, а таксама наказаў пахаваць сябе ва Успенскай царкве манастыра.
У надзейна ўмацаваным быценскім кляштары падчас паўстання Б. Хмяльніцкага хаваліся ўніяты з Украіны і іншых месцаў.
Каля 1654 г. была пабудавана невялікая зімняя Спаса-Праабражэнская царква, якая ацяплялася і непасрэдна злучалася з жылымі памяшканнямі манастыра. У часы вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гадоў ва Успенскім манастыры хаваліся прадстаўнікі ордэна з Вільні, Полацка, Віцебска, Мінска, а таксама тут захоўваўся абраз Божай Маці Жыровіцкай.
З 1656 г. у быценскім манастыры знаходзіўся кіраўнік базыльянскага ордэна Бенедыкт Цярлецкі. Тут захоўваліся таксама нятленныя мошчы старца Сімяона Стаўроўскага, настаяцеля манастыра з 1640 г.
Вялікая мураваная саборная царква была ўзведзена пасля 1673 г. пад кіраўніцтвам настаяцеля манастыра Іосіфа Пяткевіча. У 1710 г. храм асвечаны ў гонар уніяцкага архіепіскапа свяшчэннамучаніка Іасафата Кунцэвіча, забітага ў час паўстання ў Віцебску ў 1623 г.
У 1779 г. па працяглых судовых працэсах маёнтак Быцень перайшоў у валоданне нашчадкаў Трызнаў — Тызенгаўзаў.
На ахвяраванні А.Тызенгаўза каля 1775 г. таксама ўзводзіцца званіца і брама ў стылі віленскага барока.
З уваходжаннем Быценя ў склад Расійскай імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай становішча манастыра яшчэ больш ускладнілася.
На 1839 г., калі адбылася ліквідацыя уніі, у манастыры было 25 манахаў і 8 паслушнікаў. Сюды, у Быценскі манастыр расійскія ўлады інтэрніравалі непакорных уніяцкіх святароў. Сам кляштар быў перададзены праваслаўным. Пры гэтым на польскай мове быў складзены інвентар манастыра, які належаў епархіі Літоўскай, павета Слонімскага, губерніі Гродзенскай ад 6 ліпеня 1839 г. з апісаннем царквы, кляштарных і фальваркавых будынкаў, вёскі і інш. З інвентара вядома, што саборная царква з трох бакоў была агароджана мурам з цэглы без тынку, а чацвёрты бок замыкаў кляштар.
У 1845 г. манастыр зачынілі, манастырскі сабор Св. Іасафата перарабілі пад прыходскую царкву Св. Пятра і Паўла, якая заставалася цэнтрам благачыння да 1915 г.
У 1915 г. падчас ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны царква значна пацярпела. Аб гэтым сведчаць фотаздымкі помніка, зробленыя віленскім Таварыствам аматараў навук у 1930-я гг. Да 1929 года храм быў часткова адноўлены і дзейнічаў. Падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе саборная царква і манастырскі корпус зруйнаваны канчаткова.
Архітэктура
Царква Святога Іасафата
Храм, пабудаваны як уніяцкі, меў мерыдыяльную арыентацыю алтаром на поўнач. План царквы ў верхнім сячэнні ўяўляў выцягнуты па восі поўдзень — поўнач лацінскі крыж з закругленымі бакавымі рамёнамі і алтарнай часткай. З трох бакоў да квадрата сяродкрыжжа прылягалі паўцыркульныя апсіды, перакрытыя паўсферычнымі конхамі. Алтарная апсіда па памерах адпавядала апісанаму квадрату, бакавыя апсіды крыху меншыя за квадрат. Прастора сяродкрыжжа была перакрыта васьмігранным шатром з апорным кальцом, што абапіралася на папружныя аркі цэнтральнага квадрата. Шацёр над сяродкрыжжам звонку быў «апрануты» ў паўсферычны купал і завяршаўся светлавым ліхтаром з фігурным пакрыццем. Конхі над апсідамі звонку накрывалі кроквенныя конусападобныя дахі, якія разам з асноўным купалам стваралі своеасаблівую кампазіцыю вянчаючых мас. Форма амаль ідэальнага тэтраконха, закладзеная ў аснову аб'ёмна-прасторавай структуры храма з паўднёвага боку, парушалася прыбудовай квадратнага ў плане бабінца і вузкага дзвюхвежавага нартэкса, што і надавала плану выгляд лацінскага крыжа.
Свята-Успенская царква
Царква вырашана кампактным прамавугольным у плане аб'ёмам пад вальмавым дахам з васьмігранным купальным барабанам. Галоўны заходні фасад расчлянёны лапаткамі на тры праслы, бакавыя з іх крапаваны плоскімі прамавугольнымі нішамі, над галоўным уваходам арачны аконны праём. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках.
Кляштар Кляштар, паводле інвентара 1839 г., уяўляў двухпавярховы (са склепам) П-падобны ў плане будынак, які меў скляпеністыя перакрыцці і падвойныя вокны. Разам з келлямі ў ім размяшчаліся трапезная з кухняй, бібліятэка ў заходнім крыле. Акрамя гэтых трох памяшканняў з цаглянай падлогай, усе астатнія мелі драўляную падлогу. Ужо на той час бібліятэка пуставала. Кляштарны калідор злучаўся з сакрысціяй з правага боку прэсбітэрыя сабора, над якой знаходзілася скарбніца. З другога боку кляштар прылягаў да зімняй царквы.
Літаратура
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 189-190.
Спасылкі
Катэгорыя:Базыльянскія манастыры Беларусі Катэгорыя:Колішнія кляштары Беларусі Катэгорыя:Быцень (Івацэвіцкі раён) Катэгорыя:Грэка-каталіцкая царква на Беларусі Катэгорыя:1607 год у Еўропе