Касцёл Святых Пятра і Паўла — каталіцкі храм у в. Новы Свержань (Стаўбцоўскі раён). Помнік архітэктуры рэнесансу з элементамі готыкі.
Гісторыя
Новы Свержань увайшоў у склад уладанняў Радзівілаў у 1575 г. 17 кастрычніка 1588 г. Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка даў фундуш на будаўніцтва і абсталяванне тут касцёла. Верагодна, як паведамляюць інвентары, у тым жа 1588 г. і пачалося будаўніцтва парафіяльнага касцёла Св. Пятра і Паўла. Як доўга ішло будаўніцтва, звестак не захавалася. Вядома, што ў 1600 г. касцёл ужо функцыянаваў. За гісторыю існавання касцёл не зведаў значных перабудоў. У 1818 г. пад час буры быў знесены дах і часткова вежа. Пасля гэтага будынак быў адрамантаваны, асобна пастаўлена званіца, якая згарэла пры пажары 1890 г. Рамонты адбываліся ў 1828, 1856 гг. У 1864 г. закрыты, у 1901 г. адкрыты. Пасля Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, у 1988 г. вернуты каталікам.
Архітэктура
Касцёл уяўляе сабой мураваны прамавугольны ў плане аднавежавы храм са слаба акрэсленым трансептам, масіўнай абарончай вежай над уваходам і невысокай паўкруглай алтарнай апсідай, якая ўнутры мае складаны абрыс; скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі. З паўночнага боку асноўнага аб'ёму пазней (праз 30—40 гадоў) прыбудаваная трох'ярусная квадратная ў плане вежа, накрытая чатырохгранным шатром з кароткім шпілем. Ніжняя частка ўмацаваная контрфорсамі, верхнія ярусы аздобленыя плоскімі арачнымі нішамі, у другім ярусе фланкіраванымі аркадай з пілястрамі. У цэнтральных нішах кожнай грані прарэзаныя паўцыркульныя праёмы. Вокны паўцыркульныя.
Інтэр'ер зальнага тыпу. Абапал нефа размешчаны бакавыя капліцы: Найсвяцейшай Дзевы Марыі (справа) і Св. Антонія (злева). У ніжнім ярусе вежы вылучаны бабінец з размешчанымі над ім хорамі, якія адкрываюцца ў асноўнае памяшканне невялікім арачным праёмам. Лесвіца на хоры — у тоўшчы заходняй сцяны. Скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі. У бабінцы скляпенне апрацаванае дэкаратыўнымі нервюрамі. Першапачаткова, да 1818 г., вонкавыя сцены касцёла былі неатынкаваныя. Перабудовы ў другой чвэрці ХІХ ст. некалькі змянілі мастацкае аблічча будынку.
Літаратура
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 71-72.
Спасылкі
Катэгорыя:Новы Свержань Катэгорыя:З’явіліся ў XVII стагоддзі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі рэнесанс Катэгорыя:Касцёлы Стаўбцоўскага раёна Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі