Гала́дрыельНапісанне Галадрыель згодна з выданнем () — эльфійская каралева, персанаж эпасу «Валадар Пярсцёнкаў» і квенты «Сільмарыліян» Джона Р. Р. Толкіна. Наймагутнейшая з эльфійскіх валадароў, якія засталіся ў Серадзем’і пасля Вайны Гневу. Уладарка Лорыена.
Малодшая дачка Фінарфіна і Эарвен, сястра Фінрада, Ародрэта, Анграда і Аэгнара. Жонка Келеборна, маці Келебрыян. Бабуля Арвен, Эладана і Элрахіра.
Нарадзілася ў Валіноры, калі там яшчэ раслі Два Дрэвы. Ужо тады Галадрыель па праве лічылася найпрыгажэйшай дзевай з усяго роду Фінвэ. Як і Фінарфін, яе бацька, Галадрыель валодала цудоўнымі залатымі валасамі і светлымі вачамі. За свой цудоўны выгляд была празвана «Ранішняй зоркай эльфійскага народа».
Імёны Алата́рыель — старадаўняя форма імя Галадрыель на мове тэлеры. Гала́дрыель. Перакладаецца з сіндарына як Дзева, упрыгожаная бліскучым вянком. Гэта адносіцца да яе прыгожых залатых валасоў. Гэта імя было дадзена эльфійскай прынцэсе мужам Келеборнам. Таксама корань «галад» азначае дрэва. Артаніс. Пры нараджэнні дачкі Фінарфін даў ёй імя Артаніс (высакародная). Нэрвен. Паводле эльфійскіх звычаяў, пазней маці дала дачцэ іншае імя — Нэрвен (муж-дзева), якое адлюстроўвала сілу і станістасць Галадрыель.
Перадпачатковая Эпоха Да пачатку першай эпохі Галадрыель жыла ў Валіноры.
Калі вораг валадароў Валінора, Моргат, выкраў у нолдар Сільмарылы і схаваўся ў Серадзем’і, шматлікія князі нолдар вырашылі пераследаваць яго. Галадрыель пажадала пакінуць Валінор разам з імі. У адрозненне ад Феанара і яго сыноў, яна не давала страшнай клятвы: ёй хацелася мець свае ўладанні ў Серадзем’і і кіраваць там па ўласнай волі. Разам са сваімі братамі яна рушыла ўслед за Фінголфінам і ўзначаліла небяспечны пераход свайго народа ў Серадзем’е праз паўночныя землі і льды Хелкараксэ.
Паводле іншай версіі, запісанай у чарнавіках Толкіна, Галадрыель пакінула Валінор не разам з іншымі нолдар, а перасекла Вялікае мора самастойна.
Першая Эпоха Галадрыель прыйшла ў Серадзем’е ў 1-ы год Першай Эпохі і пасялілася ў Белерыяндзе з братамі. Там яна часта гасцявала ў палатах Цінгала, свайго сваяка, у Дарыяце, дзе сустрэла Келеборна і пакахала яго. Калі Фінрад Фелагунд пабудаваў Нарготранд і перасяліўся туды са сваім народам, Галадрыель засталася ў Дарыяце і шмат чаго даведалася пра Серадзем’е ад Меліян.
Пасля заканчэння Вялікай вайны і падзення Ангбанда ў 583 годзе, калі Белерыянд пайшоў пад ваду і абрысы Серадзем’я змяніліся, многія нолдар вярнуліся ў Валінор, але Галадрыель з мужам засталіся ў Серадзем’і.
Другая Эпоха Паводле позніх прац Джона Р. Р. Толкіна, Галадрыель перабралася з мужам у Ліндан, дзе кіравала невялікай групай эльфаў. Магчыма, яна падпарадкоўвалася Гіль-галаду. Затым яна пераехала на ўсход — у Эрэгіян. Тады яна ўвайшла ў кантакт з паселішчам эльфаў-нандар у даліне ракі Андуін — будучым Латлорыенам. Тады Эрэгіянам кіраваў Келебрымбар.
Калі ў Другую Эпоху Келебрымбар выкаваў Пярсцёнкі Улады, Галадрыель у 1590 годзе Д. Э. атрымала Нэнья — пярсцёнак вады, адзін з Трох эльфійскіх Пярсцёнкаў, утоеных ад Саўрана.
Трэцяя Эпоха і ўдзел у Вайне Пярсцёнка У 1981 годзе Трэцяй Эпохі знік уладар Лорыена Амрат, і Галадрыель стала кіраваць яго землямі як каралева лясных эльфаў. Яна жыла там з мужам да заканчэння Трэцяй Эпохі.
Галадрыель уваходзіла ў Савет Мудрых Серадзем’я і першая склікала яго.
Паводле кнігі «Валадар Пярсцёнкаў», у лютым 3019 года Т. Э. Галадрыель дала прыстанак членам Брацтва Пярсцёнка пасля іх паходу праз Морыю і паднесла ім багатыя і карысныя дары. Яна выпрабавала членаў Брацтва, уяўна прапанаваўшы ім зрабіць выбар паміж іх цяжкім шляхам і іх патаемнымі жаданнямі, якія могуць вымусіць іх сысці са шляху. Яна таксама дазволіла Фрода і Сэму зазірнуць у Люстэрка. Яна адмовілася прыняць Пярсцёнак Усеўладдзя ад Фрода, усведамляючы, што, атрымаўшы яго, яна стане вялікай, магутнай, але жудаснай уладаркай, якая будзе валодаць разбуральнай сілай, здольнай толькі занявольваць і знішчаць.
Увесну таго ж 3019 года Лорыен падвергся прынамсі тром магутным нападам оркаў Саўрана з Дол-Гулдура — цытадэлі Ворага ў паўднёвай частцы Цемналесся. Аднак абарона эльфійскіх земляў так і не была прарвана, а пасля трэцяга нападу сіл Саўрана эльфы Лорыена пад кіраўніцтвам Келеборна нанеслі свой контрудар па Дол-Гулдуру і з налёту ўзялі варожую цытадэль. Выкарыстоўваючы сваё магічнае ўменне, Галадрыель абрынула сцены варожай крэпасці.
Чацвёртая Эпоха і сыход на Захад Праз паўтара гады пасля ўзыходжання на прастол караля Элесара і пачатку Чацвёртай Эпохі Галадрыель пакінула Серадзем’е і 29 верасня 3021 года адплыла разам з Элрандам, Гандальфам, Фрода і Більба на Захад, пакінуўшы Келеборна ў Лорыене. На той момант ёй было больш за 7000 гадоў. Яна заставалася адзінай жывой з князёў нолдар, якія ў свой час пакінулі Валінор.
Генеалагічнае дрэва
Дом Фінарфіна
Крыніцы
Літаратура Королёв К. Энциклопедия «Толкин и его мир». — Москва: Локид-Пресс, 2005. — С. 101—102. — 494 с. — 7100 экз. — ISBN 5-98601-018-3.
Толкин Дж. Р. Р. Властелин Колец. Книга I. Содружество Кольца = The Lord of the Rings. The Fellowship of the Ring / Пер. с англ. М. Каменкович, В. Каррика. — СПб: Азбука, 1999. — 704 с. — 7000 экз. — ISBN 5-7684-0747-2.
Катэгорыя:Персанажы Серадзем’я Катэгорыя:Персанажы кнігі «Сільмарыліян» Катэгорыя:Эльфы Серадзем’я Катэгорыя:Персанажы рамана «Валадар Пярсцёнкаў»