Міхаіл Георгіевіч Эндэ (,  — , Масква) — беларускі жывапісец, графік і педагог. Член Усебеларускага аб’яднання (асацыяцыі) мастакоў у 1927—1930 гг.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1888 годзе ў горадзе Перм (Расія) у сям’і выкладчыка нямецкай мовы. Дзяцінства правеў у Магілёве. Вучыўся ў (1905—1909), у Імператарскай Акадэміі мастацтваў (Санкт-Пецярбург, 1909—1911), аднак Акадэмію не скончыў за недахопам сродкаў.

Член «Таварыства мастакоў» у Пецярбургу. З 1911 года працаваў выкладчыкам малявання ў гімназіях Наваржэва, Гарадка, Веліжа. У 1918 годзе быў ініцыятарам стварэння Веліжскай мастацкай школы, куды ён некалькі пазней запрасіў сваіх сябраў па Акадэміі В. В. Волкава і М. А. Керзіна. У 1923—1930 гадах працаваў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, дзе выкладаў дэкаратыўны жывапіс і асновы плакату. Удзельнік Усебеларускіх мастацкіх выставак у 1925, 1927, 1929 гадоў, выстаўкі мастацтва народаў СССР у Маскве (1927).

У 1931 годзе выехаў у Маскву, дзе пачаў працаваць мастаком у газеце «Вечерняя Москва». Трагічна загінуў 16 красавіка 1932 года ў Маскве ў выніку няшчаснага выпадка.

Творчасць

У 1924 годзе сумесна з Валянцінам Волкавым удзельнічаў у стварэнні манументальна-дэкаратыўных твораў — пано ў фае віцебскага кінатэатра «Мастацкі», дзе яму належала кампазіцыя з выявай урачыстага шэсця беларускага народа. Сярод жывапісных работ М. Г. Эндэ: «Партызаны» (1924) «Працаўніца» (1928), «Беларусь», «Дзеці», «За работай», «Трактар» і інш. Новы змест яго твораў увасабляўся з дапамогай прыёмаў, нагадаваючых стыль Мадэрн.

Выканаў вокладку першага нумара краязнаўчага часопіса «Наш край» (1925). Займаўся афармленнем і ілюстраваннем кніг, у тым ліку беларускіх народных казак ў апрацоўцы Я. Коласа «Воўк і дурань» (1928), «Сабака і воўк» (1930). Разам з мастакамі Валянцінам Волкавым і Уладзімірам Хрусталёвым афармляў кнігу «У нас і ў іх» (1928).

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Энде Михаил Георгиевич // АртРу.инфо

Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Мастакі-ілюстратары Беларусі Катэгорыя:Постаці Віцебска Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Выкладчыкі Віцебскага Народнага мастацкага вучылішча