Царква Святога Мікалая — помнік драўлянага дойлідства.
Гісторыя Пабудаваная да 1725 года ў цэнтры в. Чарнякава Бярозаўскага раёна з дрэва як касцёл, перабудаваная ў 1864 г. і пераасвячоная ў праваслаўную царкву, нанава ашаляваная і пакрытая гонтам. У 1868 г. зроблены іканастас і прыбудаваны тамбур. З гэтага часу вядомая як Мікалаеўская царква.
У 1989 г. царква вернута вернікам, дзейнічае.
Архітэктура Царква трохзрубная. Прамавугольны бабінец, амаль квадратны ў плане асноўны зруб і пяцігранная алтарная апсіда накрытыя агульным двухсхільным дахам з ашаляваным шчытом і развітым прычолкам на галоўным фасадзе. Над заходняй часткай пабудовы — галоўка на глухім барабане (раней бабінец завяршала вежа-званіца). Пры ўваходзе да царквы прылягае тамбур, з поўначы — рызніца. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прамавугольныя.
Інтэр'ер
Інтэр'ер зальны з плоскай бэлечнай столлю. У верхняй частцы бабінца размешчаныя хоры з бакавой лесвіцай. Сцены і столь абшыты дошкамі і пабелены вапнай. Пазалочаны іканастас з разнымі царскімі варотамі, бакавыя ківоты 1868 г., скампанаваныя з точаных калонак і балясін, разных карнізаў, какошнікаў. Абразы 18 — 19 ст.
Званіца
У заходнім баку ад царквы пастаўлена невысокая шырокая двух'ярусная чацверыковая брама-званіца каркаснай канструкцыі, накрытая шатровым дахам (XIX стагоддзе). Звонку канструкцыйны каркас пабудовы ашаляваны дошкамі, ярусы размежаваны гонтавым адлівам. Другі каркасны ярус апяразаны дашчаным парапетам.
Літаратура «Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», Мінск 1993 Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
Праваслаўе.by
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Бярозаўскага раёна Чарнякова Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Чарнякава Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі Катэгорыя:1864 год у Беларусі