Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўная царква ў Дзятлавічах Лунінецкага раёна. Стары храм, помнік драўлянага дойлідства, страчаны ў 1990-я гады. Цяпер на яго месцы новая цагляная царква.
Гісторыя
Царква пабудавана ў 1823 годзе ў Дзятлавічах пры манастыры.
У 1960-я гады ад маланкі цэнтральны купал царквы загарэўся і зваліўся ўнутр храма. Царква пасля пажару не аднаўлялася. Страчана ў 1990-я гады. Званіца разабрана перад будаўніцтвам на тым самым месцы новага храма з сілікатнай цэглы.
Архітэктура
Будынак адлюстроўвае сінтэз традыцый народнага дойлідства і асобных прыёмаў стыляў барока і класіцызму. Перабудоўвалася ў 1871 і 1896 гадах. Да квадратнага ў плане асноўнага аб’ёма, завершанага двух’ярусным васьмёрыкам на ветразях, прылягаюць прамавугольны бабінец з дзвюма прыбудовамі абапал яго і пяцігранны, падзелены дзвюма падоўжнымі сценкамі на тры апсіды алтарны зруб. Над бакавымі апсідамі і прыбудовамі бабінца — чацверыковыя вежачкі з барочнымі галоўкамі на глухіх васьмерыках. На галоўным фасадзе паміж вежамі — невялікі трохвугольны франтон, цэнтральны ўваход вылучаны дугападобным казырком. Сцены завершаныя аркатурным фрызам, вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, падзеленыя тонкім карнізным поясам на два ярусы.
Царква мела разьбяны 6-ярусны іканастас з 50 абразамі, рукапіснае евангелле XVI ст. (не зберагліся). Пад будынкам размешчана пахавальня (вышыня 2,5 м). На паўднёвым захадзе ад царквы знаходзіцца драўляная двух’ярусная званіца (васьмярык на чацверыку), накрытая шатровым дахам.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Лунінецкага раёна Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:З’явіліся ў 1823 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1990-я гады Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Дзятлавічы (Лунінецкі раён) Катэгорыя:Храмы Пінскай і Лунінецкай епархіі Катэгорыя:1823 год у Беларусі