Пінскі Свята-Варварынскі манастыр — праваслаўны манастыр у Пінску ў імя Варвары-мучаніцы.

Гісторыя У XVI стагоддзі ў Пінску былі тры праваслаўныя манастыры — Лешчанскі, Варварынскі і Богаяўленскі. Варварынскі манастыр узнік пры Прачысценскай царкве, якая стаяла ўжо ў 1513 годзе ў Старым горадзе на захад ад замка. Упершыню згадваецца пад 1520 годам пры вялікім князю Жыгімонце Старым. У 1521 годзе князем пінскім і клецкім Фёдарам Іванавічам Яраславічам пры Варварынскай царкве былі пастаўлены драўляныя будынкі. Тады ж Фёдар Яраславіч надаў манастыру дворышча Піскалаўшчына «ў Асабовічах». Манастыру таксама былі нададзены вёскі Гольцы, Крайнавічы, Завідчыцы, Жыткавічы, Высокае, Гай.

Паводле рэвізіі 1595 года, манастыр складаўся з пяці будынкаў. Уваходам на тэрыторыю былі брама-званіца з трыма званамі. У драўлянай царкве св. мучаніцы Варвары іканастас меў 10 вялікіх і 10 малых абразоў, сярод іх два асабліва багата ўпрыгожаныя, у сярэбраных акладах з чаканкай—абраз св. мучаніцы Варвары і Прачыстай Дзевы Марыі. У царскіх, паўднёвых і паўночных брамах былі абразы на палатне. Манастыр быў абнесены высокай агароджай з дубовага бярвення.

З увядзеннем уніі манастыр у 1596 годзе ператвораны ва ўніяцкі і перададзены каралём ігуменні Еўфрасінні Трызне. Манастыр валодаў 32 валокамі зямлі і 732 душаміЯрашэвіч А. Пінскі Варварынскі манастыр // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя. — Мн., БелЭн, 2005. т. 2. с. 435 ISBN 985-11-0314-4.

Праваслаўныя манашкі з манастыра (ігумення Яўфімія (Людміла Сноўская)) былі прагнаны. Зрэшты, некаторы час ім дазволілі жыць у Пінску. У 1633 годзе загадам караля Уладзіслава IV пры актыўным удзеле ўніяцкага біскупа Лявонція Пелчынскага манастыр аддадзены ордэну бернардзінцаў. У 1635 годзе каралеўскай граматай забаронена пінскаму магістрату прымаць у горадзе праваслаўных манашак, якія мелі намер заснаваць новы манастыр.

Пасля Полацкага царкоўнага сабора ў 1839 годзе манастыр зноў стаў праваслаўным. У гэты час Варварынская царква мела 56 абразоў, сярэбраны пазалочаны крыж з часціцамі Жыватворнага Крыжа Гасподняга, упрыгожаны чэшскім крышталём і фігурамі Хрыста і Маці Божай, сярэбраны крыж, падораны грэчаскімі святарамі. Галоўнай святыняй царквы з’яўляліся мошчы (палец) св. Варвары ў пазалочанай рацы. У манастыры была вялікая бібліятэка, дзе знаходзіліся і рукапісныя кнігі. Працавала школа для дзяўчатак, там вучылі чытанню, пісьму, лічэнню, рукадзеллю.

У 1858 годзе ў праваслаўную царкву, цяпер вядомую як Варварынская, быў пераасвечаны касцёл бернардзінцаў, пабудаваны ў 1786. У 1865 годзе над ім усталяваны вялікі купал. Гэта прамавугольны ў плане аднанефны каменны храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Аконныя праёмы з паўцыркульным завяршэннем размешчаны ў два ярусы. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкаміПинский район // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. ― Мн., БелСЭ, 1990. с. 312 ISBN 85700-017-3. На другім паверсе манаскага будынка адкрылася цёплая царква.

У 1874 годзе насельнікаў манастыра (ігумення Назарэта, 5 манашак і 4 паслушніцы) перавялі ў новазаснаваны Мінскі Спаса-Праабражэнскі манастыр, які існаваў да 1925. Там у храме Праабражэння Гасподняга быў зроблены прыдзел ў імя св. мучаніцы Варвары і захоўваліся яе мошчы.

У пінскіх манастырскіх будынках гарадскія ўлады размясцілі лячэбніцу. Манастырская ж царква св. Варвары была зроблена прыходскаю ды прыпісана да пінскага Ляшчынскага манастыра, аднаго з самых старажытных у Беларусі, які знаходзіўся ў прадмесці Пінска ЛешчыСлюнькова И. Н. Храмы и монастыри Беларуси XIX века в составе Российской империи. ― М., Прогресс-традиция, 2010. С. 603. ISBN 978-5-89826-326-8.

Манастыр зноў адкрыты ў чэрвені 1993 рашэннем Сінода Беларускага Экзархата. Знаходзіцца на тэрыторыі Пінскага епархіяльнага ўпраўлення, разам з Упраўленнем уяўляе адзіны архітэктурны ансамбль. Належыць да Пінскай епархіі. Манастыру аддадзены былы кінатэатр, які стаяў на месцы Фёдараўскай царквы. Яго перабудавалі ў храм у імя Уваскрэсення Гасподняга.

Заўвагі

Літаратура

Извеков П. Д. Исторический очерк состояния православной церкви в Литовской епархии за время с 1839—1889 г. — М.: Печатня А. И. Снегиревой, 1899. 522 с. Филатова Е. Н. Монастыри Туровской православной епархии: Историография и источники // Вестник Белорусского экзархата.— Мн., 2005.— Т. 4: 1000-летие Туровской епархии: Материалы XI минских епархиальных чтений 24 июня 2005 г., посвященных 10005летию Туровской епархии. С. 135—139. Mironowicz A. Organizacja Kościoła prawosławnego w Rzeczypospolitej do końca XVIII wieku // Polska i jej wschodni sąsiedzi od średniowiecza po współczesność. Studia i materiały ofiarowane profesorowi Stanisławowi Alexandrowiczowi w 65 rocznicę urodzin, pod red. Z. Karpusa, T. Kempy i D. Michaluk. ― Toruń 1996. s. 212—214. Mironowicz A. Biskupstwo turowsko-pińskie w XI—XVI wieku. ― Trans Humana, 2011. s. 261—263. ISBN 978-83-61209-55-3. Pawluczuk U. A. Życie monastyczne w II Rzeczypospolitej. ― Białymstok, Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku. ― 2007. s. 30. ISBN 978-83-7431-127-4.

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя манастыры Беларусі Катэгорыя:Культавыя збудаванні Пінска Катэгорыя:Пінская епархія