«Паланэз» — беларуская рэактыўная сістэма залпавага агню вялікай далёкасці.

Упершыню была прадэманстравана 9 мая 2015 года на ваенным парадзе ў гонар Дня Перамогі ў Мінску. 22 жніўня 2016 года яе прынялі на ўзбраенне ў Беларусі.

РСЗА «Паланэз» створана беларускімі арганізацыямі абароннага сектара эканомікі і адпавядае найлепшым сусветным аналагам. Кожная баявая машына гэтай сістэмы здольна адначасова нанесці кропкавы ўдар па васьмі цэлях на адлегласці 200 км. Шасі баявых і транспартна-зараджальных машын РСЗА «Паланэз» выраблены на Мінскім заводзе колавых цягачоў.

Астатнія характарыстыкі сістэмы невядомыя, аднак, на думку ваенных экспертаў і на падставе знешняга выгляду комплекса, убачанага на парадзе, ён створаны на аснове кітайскай сістэмы Norinco AR3 з магчымым выкарыстаннем ракет.

Уласцівасці Баявая машына РСЗА «Паланэз» змяшчае 8 накіравальных пускавых кантэйнераў і прызначаецца для топагеадэзічнай прывязкі, прыцэльвання і аўтаматызаванага пуску ракет па разлічаных устаноўках. Зараджаная баявая машына вагай 45 тон размяшчаецца на шасі МЗКЦ-7930 і мае далёкасць пуску ад 50 да 300 км. Дакладнасць стральбы складае да 30 метраў кругавога верагоднаснага адхілення (КВА). Разгортванне займае 8 хвілін, залп — 1 хвіліну, перазарадка — 20 хвілін, згортванне — 2 хвіліны. Хуткасць перамяшчэння дасягае 80 км/гадз. Экіпаж налічвае 3 чалавекі.

Транспартна-зараджальная машына (ТЗМ) РСЗА «Паланэз» змяшчае 8 перавозных пускавых кантэйнераў і прызначаецца для іх перагрузкі на баявую машыну з дапамогай бартавога крана. Загружаная ТЗМ вагай 45 тон таксама размяшчаецца на шасі МЗКЦ-7930, перамяшчаецца з хуткасцю да 80 км/гадз. і мае экіпаж у складзе 3 чалавек.

Гісторыя 9 мая 2015 года на парадзе ў Мінску ўпершыню паказалі рэактыўнаю сістэму залпавага агню (РСЗА) «Паланэз». Кожная баявая машына РСЗА магла паразіць 8 цэляў на адлегласці да 200 км. Шасі баявых і зараджальных машын РСЗА вырабілі на ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» («МЗКЦ»). Вытворцам самой РСЗА было абароннае прадпрыемства Беларусі. 13 мая 2015 года міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў пра намер паставіць РСЗА «Паланэз» ва Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь у 2016 годзе. 3 лістапада 2015 года А. Лукашэнка наведаў УП «Завод дакладнай электрамеханікі» ў Койданаўскім раёне (Мінская вобласць), дзе выраблялі ракеты РСЗА «Паланэз». 9 снежня 2015 года Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1023, якой унёс у Дзяржпраграму інавацыйнага развіцця стварэнне спецыяльнай тэхнікі «Паланэз-ЗДЭМ» цягам 2013—2016 гадоў «Заводам дакладнай электрамеханікі» на суму 159,8 млрд рублёў ($9,83 млн). 10 снежня 2015 года намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі (ДВПК) Ігар Быкаў паведаміў, што ракеты РСЗА «Паланэз» належалі да класу «зямля-зямля».

4 лютага 2016 года намеснік міністра абароны па ўзбраенні Ігар Лацянкоў заявіў, што выпрабаванні РСЗА «Паланэз» праводзілі ў Кітаі: «Сістэма, баявое разгортванне якой складае не больш за 10 хвілін, час поўнай перазарадкі ўстаноўкі — не больш за 20, а страляе яна адначасова 8 ракетамі, паказала вельмі добрыя вынікі. Таму мае выдатную перспектыву прымянення як у нашай краіне, так і ў якасці экспартнага варыянта. … У бліжэйшы час ужо на тэрыторыі нашай краіны будзе праведзены заключны этап выпрабаванняў, па выніках якога мы плануем да верасня ўключыць адзін дывізіён дадзенага комплекса ў склад 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады» (Асіповічы, Магілёўская вобласць). 15 лютага 2016 года старшыня ДВПК Беларусі Сяргей Гурулёў паведаміў А. Лукашэнку, што РСЗА «Паланэз» ужо прынялі на ўзбраенне. 10 чэрвеня 2016 года старшыня ДВПК Гурулёў атрымаў акты і пратаколы дзяржаўнага выпрабавання РСЗА «Паланэз», над стварэннем якога працавала звыш 20 устаноў Беларусі.

16 чэрвеня 2016 года былі праведзеныя першыя ў Беларусі баявыя пускі ракет РСЗА. Раніцай разлік прыбыў у Гомельскую вобласць, адкуль выпусціў ракету на адлегласць 200 км для паражэння цэлі ў Брэсцкай вобласці. Палёт ракеты праходзіў на вышыні 42 км. Траекторыя пралягла праз 9 раёнаў 2 абласцей Беларусі. 4-восевае шасі «Астролаг» вытворчасці «МЗКЦ» дазволіла перасоўвацца з хуткасцю да 70 км за гадзіну. Выпрабаванне РСЗА «Паланэз» прайшло ў спалучэнні з іншымі беларускімі распрацоўкамі. Радыёлакацыйная станцыя (РЛС) «Усход» суправаджала ракеты ўвесь палёт. Беспілотнікі «Бусел» і «Беркут» забяспечылі відэаназіранне. Сувязь трымалі праз беларускі спадарожнік «БелКА-2». А. Лукашэнка даручыў старшыні Савета міністраў Беларусі Андрэю Кабякову ўзнагародзіць распрацоўніўкаў РСЗА і заявіў, што «гэта вельмі шчаслівы дзень для абароны дзяржавы». Старшыня ДВПК Сяргей Гурулёў заявіў, што РСЗА «Паланэз» — «гэта зброя стрымлівання», і дадаў: «Задача кіраўніком дзяржавы пастаўленая была 2 гады таму. На працягу гэтага часу мы выканалі паэтапна ўсе задачы па распрацоўцы і ходзе выпрабаванняў». Дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась адзначыў: «мы ў нашай краіне развілі новую галіну ведаў і новую галіну вытворчасці — ракетабудаванне». У ДВПК Беларусі прызналі, што наперадзе распрацоўка РСЗА з далёкасцю стральбы да 300 км. Адхіленне ракеты РСЗА «Паланэз» ад зададзеных каардынат на найбольшай адлегласці ў 200 км склала менш за 30 метраў.

5 ліпеня 2016 года начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных сіл Беларусі Генадзь Казлоўскі паведаміў, што «17 ліпеня Узброеныя сілы прымаюць на ўзбраенне гэты комплекс» РСЗА. У дапрацаваным стане РСЗА «Паланэз» прызначалася для паражэння на далечыні ад 50 да 200 км укрытай артылерыі і бранятэхнікі, летакоў на лётнішчах размяшчэння, ракетных комплексаў, у тым ліку зенітных (ЗРК), і жывой сілы. 3 жніўня 2016 года Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Пастанову № 610 «Аб узнагароджанні Ганаровай граматай…» 2 супрацоўнікаў УП «Завод дакладнай электрамеханікі» — вядучага інжынэра Ігара Данцова і намесніка галоўнага канструктара Юрыя Чорнага — за значны ўклад у стварэнне і паспяховае выпрабаванне айчыннага ракетнага комплекса «Паланэз». 22 жніўня 2016 года РСЗА прынялі на ўзбраенне 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады Узброеных сіл Беларусі, якая знаходзілася ў Асіповіцкім раёне (Магілёўская вобласць). Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Алег Белаконеў удакладніў, што «сістэма „Паланэз“ прызначаная для аснашчэння рэактыўнага дывізіёна брыгады». На ўрачыстасці прысутнічаў камандзір разліку Максім Яцко, які здзейсніў першы пуск ракеты. Выпушчаная ракета магла манеўраваць супраць збіцця ў паветры. РСЗА размяшчалася на аўтамабільным шасі МЗКЦ-793000-300 з аўтаматычнай каробкай перадач, што мела колавую формулу 8х8. Перад урачыстасцю 77-ы асобны рэактыўны артылерыйскі дывізіён правёў 150-кіламетровы марш са Слуцка (Мінская вобласць), дзе адбываліся апошнія працы на прадпрыемстве-вытворцы. У склад падраздзялення ўвайшоў рухомы загадны пункт батарэі на шасі грузавіка МАЗ-6317. 8 верасня 2016 года ў Палацы незалежнасці А. Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды канструктарам і вайскоўцам, якія распрацавалі і паставілі на ўзбраенне РСЗА «Паланэз». У строй прынялі дывізіён РСЗА ў складзе 13 машын, з іх 6 баявых машын. 27—30 верасня 2016 года ў Баку (Азербайджан) «Завод дакладнай электрамеханікі» ўпершыню паказаў РСЗА «Паланэз» за мяжой на 2-й Азербайджанскай міжнароднай абароннай выстаўцы (АМАВ-2016). Азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў наведаў стэнд завода, дзе азнаёміўся з беларускай РСЗА.

27 студзеня 2017 года старшыня ДВПК Беларусі Сяргей Гурулёў паведаміў пра намер выпрабаваць у 2017 годзе РСЗА «Паланэз» з далёкасцю да 300 км (В-300) і давесці долю мясцовых складнікаў пры вытворчасці РСЗА да 80 %. Калі «Паланэз» з ракетамі В-200 мог паразіць 8 цэляў на плошчы 10х10 км, то В-300 — на плошчы 20х20 км. 20 мая 2017 года ў Мінску адкрылася Міжнародная выстава ўзбраення і вайсковай тэхнікі (МВУВТ), на якой прадставілі РСЗА «Паланэз». Прылады кіравання і навядзення «Паланэзу» былі беларускай вытворчасці. 1 чэрвеня 2017 года на лётнішчы «Ліпкі», што знаходзіцца на ўсходзе Мінскага раёна, размясцілі 9 машын РСЗА «Палянэз» са складу 77-га дывізіёна 336-й артылерыйскай брыгады для падрыхтоўкі да парада. З іх 6 машын павінны былі ўдзельнічаць у парадзе, у тым ліку баявыя, зараджальныя і кіраўнічыя машыны. 3 ліпеня 2017 года дывізіён РСЗА, якога хапала для знішчэння 48 цэляў, прыняў удзел у парадзе. 26 кастрычніка 2017 года Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь паведаміла пра выпрабаванне РСЗА «Паланэз» у Гомельскай вобласці з баявымі пускамі на 300 км. 19 лістапада 2017 года абноўленую РСЗА паказалі на святкаванні Дня артылерыста ў Лашанскім сельсавеце Мінскага раёна. Пультам кіравання ажыццяўлялі разгортванне РСЗА і пуск ракеты. Шасі мела гідрапнеўматычную падвеску для павышэння праходнасці па бездаражы. У разлік уваходзілі машына дастаўкі з 8 ракетамі і аўтамабіль кіравання з магчымасцю сувязі на адлегласці да 50 км. 24 лістапада 2017 года начальнік ракетных войскаў і артылерыі УС Беларусі Генадзь Казлоўскі заявіў: «Пакуль комплекс „Паланэз-М“ яшчэ не прыняты на ўзбраенне, але дзяржаўныя выпрабаванні завяршаюцца. Баявы пуск ракеты на 300 км адбыўся вельмі добра, адхіленне ад цэлі склала ўсяго 19,3 метра. Для такой далёкасці гэта выдатны вынік. Ракета была выпушчана ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці і трапіла ў цэль у Івацэвіцкім раёне (Брэсцкая вобласць). Комплекс універсальны: можа прымаць ракеты як 200-кіламетровай, так і 300-кіламетровай далёкасці. У перспектыве плануем прымяняць з гэтага комплексу аператыўна-тактычную ракету кшталту „Іскандэра“». 30 лістапада 2017 года прадстаўнік ДВПК Уладзімір Лаўранюк паведаміў, што камісія ДВПК Беларусі зацвердзіла акт прыёмкі доследна-канструктарскай працы (ДКП) УП «Завод дакладнай электрамеханікі» па мадэрнізацыі РСЗА «Паланэз» да ўзроўню «Паланэз-М» з далёкасцю стральбы да 300 км. Лаўранюк адзначыў, што ў выніку дапрацоўкі колавага шасі МЗКЦ-7930-313 для размяшчэння ўзбраення РСЗА вырасла яго грузападымальнасць і дадалі абсталяванне жыццезабеспячэння асабістага складу. Ракета з далёкасцю 300 км была на 20 см даўжэй за ракету з далёкасцю 200 км. На снежань 2017 года заключылі кантракт на пастаўку РСЗА «Паланэз» у Азербайджан.

31 студзеня 2018 года старшыня ДВПК Беларусі Алег Двігалёў адзначыў, што ў гэтым годзе стаіць задача па экспарце РСЗА «Паланэз» у дзяржавы СНД і больш далёкія краіны. 14 лютага 2018 года міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў, што ў дапрацаванай РСЗА «Паланэз» вырасла хуткасць ракеты з далёкасцю 300 км: «Новая ракета ляціць з хуткасцю 5 Мах — не існуе сродкаў, здольных збіць такую ракету».