Ян Хéндрык Óарт (; 28 красавіка 1900, Франекер — 5 лістапада 1992, Лейдэн) — нідэрландскі астраном, член Нідэрландскай АН.

Біяграфія

Скончыў Гронінгенскі ўніверсітэт, дзе навучаўся ў Я. К. Каптэйна, у 1921—1922 гг. працаваў у тым жа ўніверсітэце, у 1922—1924 гады — у Ельскай абсерваторыі (ЗША). На працягу 1924—1970 гадоў працаваў у Лейдэнскай абсерваторыі, з 1945 года — яе дырэктар; у 1926—1970 гады выкладаў у Лейдэнскім універсітэце, з 1945 года — прафесар.

Навуковая дзейнасць

Асноўныя навуковыя працы прысвечаны даследаванню будовы і дынамікі Галактыкі і пытанням касмагоніі. У 1927 годзе на аснове статыстычнага вывучэння прамянёвых хуткасцей і ўласных рухаў зорак больш строгім чынам абгрунтаваў гіпотэзу Бертыля Ліндблада пра вярчэнне Галактыкі вакол яе цэнтра. Паказаў, што Галактыка верціцца не як цвёрдае цела — унутраныя яе часткі верціцца хутчэй, хуткасць памяншаецца з адлегласцю ад цэнтра; вызначыў велічыню эфекту дыферэнцыяльнага вярчэння (пастаянная Оарта), хуткасць галактычнага вярчэння (220 км/с у наваколлі Сонца) і перыяд вярчэння (220 млн гадоў у наваколлі Сонца). Працы Оарта паклалі пачатак вывучэнню дынамікі Галактыкі.

Дэталёва разгледзеў ролю дыфузнага рэчыва ў кінематычнай і дынамічнай карціне Галактыкі. У 1932 годзе ўпершыню ацаніў шчыльнасць дыфузнага міжзоркавага рэчыва з дапамогай z-кампаненты хуткасцей зорак (перпендыкулярнай плоскасці Галактыкі) і знайшоў яе мяжу — 3 г/см³. У 1938 годзе паказаў, што большая частка паглынальнага рэчыва ў Галактыцы сканцэнтравана ў слоі таўшчынёй па 200 пк абапал галактычнай плоскасці; паказаў таксама, што зорная шчыльнасць узрастае ў кірунку да галактычнага цэнтра і што Сонца размешчана ў вобласці з паніжанай зорнай шчыльнасцю.

Са з’яўленнем радыёастраноміі працягваў вывучэнне Галактыкі радыёастранамічнымі метадамі — удзельнічаў ва ўсталяванні буйнамаштабнай структуры, у даследаваннях воблакаў міжзоркавага газу.

Оарт — аўтар тэорыі працяглага каметнага воблака, якое з’яўляецца крыніцай назіраных камет. Гэта воблака распасціраецца да адлегласці 150 000 а.а. ад Сонца, і каметы большую частку часу знаходзяцца ўдалечыні ад Сонца і таму нябачныя. Пад уплывам узбуральнага дзеяння найбліжэйшых зорак хуткасці асобных камет могуць змяняцца настолькі, што апошнія трапляюць у наваколлі Сонца і становяцца бачнымі; тут яны ў выніку планетных узбурэнняў змяняюць свае арбіты і могуць станавіцца перыядычнымі.

Сумесна з Л. Спітцэрам прапанаваў механізм утварэння пратазорак у міжзоркавых воблаках (сціск газу пад дзеяннем ціску выпраменьвання гарачых зорак, якія ўтварыліся раней). Разам з Х. ван дэ Хулстам распрацаваў тэорыю ўтварэння міжзоркавых пылавых часціц шляхам акрэцыі міжзоркавага газу. Выявіў, што выпраменьванне Крабападобнай туманнасці палярызавана і мае сінхратронную прыроду.

Оарт шмат у чым садзейнічаў развіццю радыёастраноміі на еўрапейскім кантыненце: спрыяў стварэнню радыётэлескопа ў Вестэрборку (Westerbork Synthesis Radio Telescope), а таксама Паўднёвай еўрапейскай абсерваторыі. У 1958—1961 гады — прэзідэнт Міжнароднага астранамічнага саюза.

Узнагароды Член шматлікіх акадэмій, у тым ліку замежны член АН СССР (з 1966 г.). Медаль Кэтрын Брус Ціхаакіянскага астранамічнага грамадства (1942) Залаты медаль Лонданскага Каралеўскага астранамічнага таварыства ў 1946 Узнагарода лектарата Генры Норыса Расела ў 1951

Названы ў гонар яго Астэроід (1691) Оарт Воблака Оарта Пастаянная галактычнай структуры Оарта

Выстаўкі ў Інтэрнэце Бібліятэка Лейдэнскага ўніверсітэта, красавік-май 2000

У культуры У фантастычнай гумарыстычнай аповесці-казцы братоў Стругацких «Панядзелак пачынаецца ў суботу»: Сп. Праніклівы быў праслаўлены фразай: «Оарт першы зірнуў на зорнае неба і заўважыў, што Галактыка верціцца».

Літаратура Колчинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. «Астрономы. Биографический справочник» // Наукова думка, Киев, 1976 г.

Спасылкі

Катэгорыя:Астраномы Нідэрландаў Катэгорыя:Астраномы XX стагоддзя Катэгорыя:Постаці нідэрландскай астрафізікі Катэгорыя:Члены і члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук ЗША Катэгорыя:Замежныя члены АН СССР Катэгорыя:Замежныя члены РАН Катэгорыя:Узнагароджаныя медалём Кэтрын Брус Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі Бальцана Катэгорыя:Узнагароджаныя залатым медалём Каралеўскага астранамічнага таварыства