Даніна — павіннасць сялян пераважна натуральнай прадукцыяй, адна з асноўных форм феадальнай эксплуатацыі сялянства ў сярэднявеччы.

На Русі вядома з IX ст. спачатку як дзяржаўны падатак — кантрыбуцыя з заваяваных народаў, потым — як дзяржаўны падатак і феадальная рэнта.

На тэрыторыі Беларусі ва ўмовах панавання натуральнай гаспадаркі прыкладна да канца XV ст. асноўнай формай рэнты была даніна (у заходняй частцы Беларусі звычайна называлася дзякла) — прадукцыя сялянскіх гаспадарак, якая часткова спалучалася з адпрацоўчай і грашовай формамі рэнты. Пераважнай катэгорыяй сялянства ў гэты перыяд былі даннікі, а асноўнай адзінкай абкладання з'яўлялася сялянская гаспадарка — дым.

Склад і памеры даніны былі разнастайныя, спачатку ў ёй пераважала прадукцыя промыслаў (мёд, воск, футра), пазней — сельскагаспадарчая прадукцыя (жыта, авёс, гусі, куры, яйкі, лён, каноплі, сена і іншае). Даніна збожжам у выглядзе чацвёртай часткі (долі) ўраджаю з'яўлялася галоўнай павіннасцю сялян-дольнікаў, якіх было найбольш у Падзвінні.

Да сярэдзіны XVI ст. у басейнах сплаўных рэк — Буга, Нёмана і часткова Дзвіны — даніна ў значнай ступені заменена пераважна адпрацоўчай і часткова грашовай формамі рэнты. У Падняпроўі ў гэты час адбываўся працэс частковай або поўнай замены традыцыйнай даніны натурай, перш за ўсё футрам, прадукцыяй сельскай гаспадаркі і ў значнай ступені грашыма. Да канца XVI ст. даніна як галоўная павіннасць захавалася толькі ў глухіх лясістых, балоцістых і значна аддаленых ад вялікіх гандлёвых цэнтраў мясцовасцях. У далейшым яна складала толькі частку асноўных павіннасцяў паншчынных і чыншавых сялян.

Літаратура

Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии. — Ч. 1. ― Мн., 1927.

Катэгорыя:Падаткаабкладанне Катэгорыя:Фінансы Катэгорыя:Дзяржаўная эканоміка Катэгорыя:Гісторыя падаткаабкладання Катэгорыя:Падаткаабкладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім