Часці́ца — службовая часціна мовы, якая выражае дадатковыя сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні слоў, словазлучэнняў і сказаў. Часціцы далучаюцца да пэўных кампанентаў сказа (слоў, словазлучэнняў) ці ўсяго выказвання.
Часціцы не маюць намінатыўнай функцыі і адлаведных граматычных катэгорый, не ўжываюцца самастойна, не з’яўляюцца членамі сказа. Толькі ў дыялогу некаторыя часціцы (ага, але, вось, так і інш.) набываюць значэнне слоў-сказаў: «Зразумеў, сынок? — Так!» — ціха адказаў Андрэй (Э. Самуйлёнак).
У ролі часціц могуць ужываюцца прыслоўі, займеннікі, дзеясловы, злучнікі.
Класіфікацыя Паводле структуры часціцы падзяляюцца на: простыя: амаль, толькі, хіба; састаўныя: ну і, што за, дзе там.
Паводле паходжання адрозніваюць часціцы: невытворныя — не суадносяцца з самастойнымі часцінамі мовы: а, але, і; вытворныя — узніклі на аснове іншых часцін мовы: проста, выключна, такі.
Паводле ўтваральнай функцыі часціцы бываюць: словаўтваральныя: абы, не, ні; формаўтваральныя: б, бы, бадай.
Паводле месца ў сінтаксічных канструкцыях часціцы падзяляюць на: прэпазіцыйныя: ну, ці, ні; постпазіцыйныя: жа, ж, б; са свабодным месцапалажэннем: вунь, нават, ужо.
У адпаведнасці з функцыянальным прызначэннем падзяляюцца на некалькі разрадаў: сэнсавыя часціцы, якія выражаюць дадатковыя сэнсавыя адценні: указальныя: вось, вунь, гэта; аэначальна-ўдакладняльныя: амаль, іменна, менавіта, проста, прыблізна, сапраўды, якраз; вылучальна-абмежавальныя: абы толькі, выключна, ледзь, толькі, хаця бы, чуць; мадальныя і мадальна-валявыя часціцы: сцвярджальныя: так, але, ага, ну; адмоўныя: не, ні, ані; пытальныя: ці, хіба, няўжо, ану; параўнальныя: быццам, нібы, як быццам; эмацыянальна-экспрэсіўныя часціцы: клічныя: бач, вось дык, што за, ну і, як; узмацняльныя: аж (ажно), вельмі, досыць, дужа, жа (ж), нават, усё; структураўтваральныя часціцы, з дапамогай якіх утвараюцца новыя словы або формы адпаведных слоў: бы, няхай (хай), давай (давайце), -ся (-ца, -цца).
Крыніцы
Катэгорыя:Часціны мовы