Мадлен Французская (; або Мадлен дэ Валуа ();  — ) — першая жонка караля Шатландыі Якава V.

Біяграфія Прынцэса Мадлен была пятым дзіцем караля Францыі Францыска I ад яго шлюбу з Клод, герцагіняй Брэтонскай. Слабая і хваравітая з нараджэння, прынцэса правяла дзяцінства ў даліне Луары, таму што яе бацька асцерагаўся, што жыццё ў Парыжы можа неспрыяльна адбіцца на яе стане. У шаснаццацігадовым узросце ў яе былі выяўлены сухоты.

У 1536 годзе Якаў V, кароль Шатландыі, прыбыў да двара Францыска з мэтай знайсці сабе нявесту з багатым пасагам, які папоўніў б спусцелую казну, а таксама па магчымасці ўмацаваць сувязі з французскім каралеўствам. Яго ўвагу прыцягнула прынцэса Мадлен, і ён прасіў яе рукі. Але Францыск, памятаючы пра яе хваробу і суровы клімат Шатландыі, які мог апынуцца пагібельным для дачкі, спачатку адказаў адмовай. Разглядаліся таксама заручыны з Марыяй дэ Гіз, але Якаў аддаў перавагу прынцэсе.

Паколькі і сама Мадлен выказала вялікую цікавасць да маладога шатландскага караля, паўторная прапанова Якава была прынята. Яны абвянчаліся 1 студзеня 1537 года ў Саборы Парыжскай Божай Маці. Праз гэты шлюб Францыск і Якаў спадзяваліся аднавіць і ўмацаваць Стары саюз паміж Шатландыяй і Францыяй. Акрамя таго, кароль даў за дачку шчодры пасаг.

Пасля некалькіх месяцаў святочных урачыстасцей у маі 1537 года маладыя адбылі ў Шатландыю. На той момант здароўе Мадлен ужо выклікала сур’ёзныя асцярогі, і 7 ліпеня, праз некалькі тыдняў пасля прыезду, яна сканала на руках у мужа.

Каралева Мадлен была пахавана ў Холірудскім абацтве ў Эдынбургу. Менш чым праз год пасля яе смерці Якаў ажаніўся з Марыяй дэ Гіз.

Спасылкі

Катэгорыя:Мужы і жонкі манархаў Шатландыі Катэгорыя:Валуа Катэгорыя:Французскія прынцэсы Катэгорыя:Памерлі ад туберкулёзу