Белару́ская Наро́дная Рэспу́бліка (скарочана БНР) — дзяржава, абвешчаная на тэрыторыі Беларусі 9 сакавіка 1918 года. Незалежнасць БНР абвешчана раніцай 25 сакавіка 1918 года.
Дзяржаўная мова: беларуская (з 28.4.1918). Атрыбуты дзяржаўнасці: Часовая канстытуцыя БНР (11.10.1918), пячатка БНР (з 28.4.1918), сцяг і герб (з чэрвеня 1918). Былі выпушчаны пашпарты грамадзян БНР (лета 1918).
Галоўным кіраўнічым органам была Рада БНР, выканаўчы орган Народны Сакратарыят, з 11 кастрычніка 1918 года перайменаваны ў Раду Народных Міністраў БНР. Месца пасяджэнняў урада: Менск, Гродна (са снежня 1918).
У выніку недастатковага ўзроўню арганізаванасці, недахопу грошай, узброеных фарміраванняў і міжнароднай падтрымкі і прызнання дзяржаўныя органы БНР былі ліквідаваны, самараспушчаны альбо эмігравалі за мяжу.
Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі святкуецца як Дзень Волі.
Гісторыя БНР Перадумовы абвяшчэння БНР Лозунг БНР упершыню прагучаў у 1917, у прыватнасці на Усебеларускім з’ездзе (кангрэсе) у Мінску. Незалежніцкія настроі ў беларускім руху ў значнай ступені былі выкліканы палітыкай Часовага ўрада Расіі, які не хацеў лічыцца з патрабаваннямі беларускіх арганізацый аб наданні Беларусі статуса аўтаноміі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, а таксама палітыкай Савета Народных Камісараў Расіі, які вёў перагаворы з Германіяй аб лёсе Беларусі без удзелу ў іх прадстаўнікоў беларускага народу. Незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся пасля разгону Усебеларускага з’езду і пасля таго, як З-і Усерасійскі з’езд Саветаў (студзень 1918) ухваліў гэты разгон.
Ва ўмовах, калі бальшавікі паводле Брэсцкага міру перадавалі беларускія землі Германіі, часткай дзеячаў беларускага нацыянальнага руху было прапанавана абвясціць поўную незалежнасць Беларусі.
Стварэнне БНР 250px|thumb|злева|Дзеячы БНР у 1918 годзе. Злева направа: сядзяць — Бурбіс, Серада, Варонка, Захарка, стаяць — Смоліч, Крачэўскі, Езавітаў, Аўсянік, Заяц.
thumb|Паштовая марка БНР, 25 гр. Калі ў ходзе І сусветнай вайны, пасля падпісання Брэсцкага міру, Чырвоная Армія і Аблвыканкамзах пакінулі Мінск, а германскія войскі яшчэ не ўступілі, група дзеячаў беларускага нацыянальнага руху зрабіла спробу ўзяць на сябе ўладу. Познім вечарам 19 лютага Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда скончыў сваё апошняе нелегальнае пасяджэнне, апрацаваўшы Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі. Крыху раней адбылося надзвычайнае пасяджэнне Выканкома ЦБВР, на якім было прынята рашэнне:Варта. — 1918. — № 1. — С. 36.
Выканкам Рады Усебеларускага кангрэса 21 лютага 1918 звярнуўся да народа Беларусі з 1-ай Устаўной граматай, у якой аб’явіў сябе ўладай у Беларусі. Часовым выканаўча-распарадчым органам стаў створаны ім Народны сакратарыят на чале з Я. Варонкам. У яго склад увайшлі: П. Крачэўскі, А. Смоліч, П. Бадунова, А. Карач, Т. Грыб, К. Езавітаў, І. Серада і інш. Разлік быў на тое, што германскаму камандаванню прыйдзецца прыняць як дадзенае беларускае нацыянальнае ўтварэнне.
9 сакавіка 1918 адбылося першае ўрачыстае пасяджэнне Выканаўчага камітэта Рады кангрэса. У яго склад былі запрошаны прадстаўнікі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, меншавікоў, ЕС і СС, Паалей-Цыёна і інш. Агульная колькасць членаў Выканкама была даведзена да 71 чалавека. Пасяджэнне прыняло Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь была аб’яўлена народнай рэспублікай. Выканаўчы камітэт быў перайменаваны ў Раду БНР, абраны Прэзідыум Рады на чале з I. Серадой. У межах Беларусі былі абвешчаны свабоды: слова, друку, сходаў, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, права на аўтаномію, раўнапраўе моў усіх нацыянальнасцей Беларусі. Права прыватнай уласнасці на зямлю скасоўвалася паводле сёмага пункту граматы («У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права ўласнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым‚ што самі на ёй працуюць»)Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 197.. Гэта азначала, што ўся зямля канфіскоўвалася ва ўласнікаў (галоўным чынам, у сярэдніх і буйных маянткоўцаў) без грашовай кампенсацыі і павінна была з дзяржаўнага зямельнага фонду перадавацца бясплатна — толькі тым, хто яе апрацоўваў сам непасрэдна «за плугам» (галоўным чынам, былым сялянамЛютаўская рэвалюцыя (1917) у Расійскай Імперыі скасавала падзел грамадства на саслоўі, у тым ліку і сялянскае саслоўе.). Патрабаванне працаваць на зямлі самому непасрэдна (як умовы атрымання зямлі з дзяржаўнага зямельнага фонду) аўтаматычна прадвызначала тое, што асоба магла атрымаць участак зямлі толькі невялікага памеру — у залежнасці ад фізічных магчымасцей асобы. І зямля перадавалася з дзяржаўнага фонду не пажыццёва, а на час працаздольнасці асобы: калі па старасці асоба ўжо не магла апрацоўваць зямлю непасрэдна, то зямля вярталася ў дзяржаўны зямельны фонд, бо асоба не магла яе перадаць па спадчыне нашчадкам, здаць у арэнду ці прадаць. Былыя маянткоўцы, якія не згаджаліся працаваць на зямлі непасрэдна «за плугам», зямлю не атрымлівалі. Лясы, воды і нетры паводле Другой Устаўной граматы таксама аб’яўляліся ўласнасцю БНР. Паўсюдна ўстанаўліваўся 8-гадзінны працоўны дзень. БНР пачала стварацца як сацыялістычная дзяржава.
Сацыяльна склад Рады БНР быў неаднародны. Галоўную ролю ў ёй ажыццяўлялі сярэднія слаі нацыянальнай інтэлігенцыі, у партыйных адносінах Рада складалася з прадстаўнікоў розных нацыянальных сацыялістычных партый (БСГ, ЕС і СС, Паалей-Цыён, Бунд), а таксама рускіх эсэраў і меншавікоў. Усе гэтыя партыі адхілялі Кастрычніцкую рэвалюцыю, але не ўсе падтрымлівалі аддзяленне Беларусі ад Расіі і ўтварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы. Рускія эсэры, меншавікі і яўрэйскія сацыялістычныя партыі выказаліся за знаходжанне Беларусі ў складзе Расіі. Яўрэйскія партыі асцерагаліся, што ў беларускай нацыянальнай дзяржаве на першы план выйдзе беларуская буржуазія. Рускія эсэры стаялі на пазіцыі «адзінай і непадзельнай» Расіі. Толькі БСГ паслядоўна патрабавала самавызначэння Беларусі.
Рада БНР на пасяджэнні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 пасля дзесяцігадзінных спрэчак нязначнай большасцю галасоў прыняла пастанову Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвясціла незалежнасць Беларусі — на тэрыторыі, дзе жыве і мае колькасную перавагу беларускі народ: «Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часьці суседніх губерняў, заселеныя беларусамі». У пратаколе адзначалася, што атмасфера ў час пасяджэння была «наэлектрызавана». Супраць аддзялення Беларусі ад Савецкай Расіі галасавалі дэпутаты гарадской, земскай і бундаўскай фракцый. Ад галасавання ўстрымаліся прадстаўнікі Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі, Паалей-Цыёна і сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Земская фракцыя выйшла з Рады БНР і адазвала сваіх прадстаўнікоў з Народнага сакратарыята. Трэцяй Устаўнай граматай ад 25 сакавіка 1918 БНР абвяшчалася «незалежнай і вольнай дзяржавай».
У пачатку свайго ўтварэння БНР не знайшла падтрымкі шырокіх народных мас. Прычын таму многа. Яна была створана ў вельмі неспрыяльных умовах і існавала пад акупацыяй. Акупацыйны рэжым быў супраць нацыянальных імкненняў, нацыянальных органаў улады абвешчанай дзяржавы. І народам ён успрымаўся як варожы. Але Рада вымушана была калі не супрацоўнічаць з ім, то быць для яго лаяльнай. У працэсе стварэння БНР шырокія народныя масы ўдзелу не прымалі. Вядома, што I Усебеларускі з’езд даверыў абранаму ім Савету з’езда падрыхтаваць і склікаць Беларускі Устаноўчы сход, а затым II Усебеларускі з’езд, на якім абвясціць будучую беларускую дзяржаву. Фактычна выйшла, што БНР абвясціў нават не Савет з’езда, а створаны ім орган — Выканаўчы камітэт Рады Кангрэса, які потым кааптаваў у свой склад 28 прадстаўнікоў нацыянальных груп.
БНР дабіваецца міжнароднага прызнання Народны сакратарыят дамагаўся міжнароднага прызнання БНР. З гэтай мэтай у чэрвені 1918 дэлегацыя на чале з Р. Скірмунтам наведала Кіеў. Урад Украінскай Народнай Рэспублікі прызнаў БНР. 18 красавіка 1918 з Кіева дэлегацыя БНР адправіла радыётэлеграмы ўрадам усіх краін і Савецкай Расіі з пераказам сутнасці падзей, якія адбыліся ў Беларусі, і паведамленні аб тым, што з моманту абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці беларускі народ не прызнае тых пунктаў Брэсцкага дагавора ад 3 сакавіка 1918, якія датычылі яго тэрытарыяльных інтарэсаў.
Летам 1918 дэлегацыя БНР выязджала ў Маскву, але не была прынята народным камісарам РСФСР. Дыпламатычныя місіі былі таксама накіраваны ў Варшаву, Берлін, Берн, Капенгаген. Консульства БНР было адчынена ў Літве.
Мэтай ураду БНР было таксама прызнанне беларускай дзяржавы Германіяй і стварэнне з яе дазволу ўласных узброеных сіл і паліцыі. Але дэмарш урада БНР да Германіі быў без вынікаў. Улада Варонкі, паводле яго прызнання, пачала змяншацца і была абмежавана толькі нацыянальным прадстаўніцтвам пры нямецкай акупацыйнай адміністрацыі і некаторымі другараднымі функцыямі. На пасланыя ў Берлін тры граматы БНР рэйхсканцлер паведаміў Народнаму сакратарыяту, што Берлін разглядае Беларусь як частку Савецкай Расіі, што, згодна Брэсцкаму дагавору, Германія не магла без урада Леніна прызнаць зноў беларускую дзяржаву.
Нягледзячы на адмову кайзераўскага ўрада прызнаць БНР, кансерватыўныя сілы Рады БНР працягвалі дамагацца арыентацыі на Германію. Іх падтрымлівалі буйныя землеўладальнікі. У лісце ўраду Германіі яны пісалі: калі б нямецкія войскі не акупавалі наш край, мы рассталіся б з маёнткамі і жыццём. «Жывём надзеяй, што міжнародны трактат адарве нас ад Расіі і злучыць з Літвой пад абаронай Германіі». У процівагу Радзе БНР, якую германскае камандаванне лічыла сацыялістычнай, у Мінску ўтварылася Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Р. Скірмунтам, П. Алексюком, В. Гадлеўскім, Т. Вернікоўскім і інш. Узаемаразумення з БНП шукала правае крыло БСГ, зацікаўленае ў паляпшэнні адносін з германскім камандаваннем. Неўзабаве Рада БНР прыняла ў свой склад БНП.
Значных поспехаў БНР дасягнула ў развіцці асветы і культуры. Паводле розных падлікаў, працавалі ад 150 да 350 школ. Падрыхтоўка настаўнікаў вялася ў Свіслацкай семінарыі і Мінскім педінстытуце. У красавіку 1918 была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, якая неўзабаве пераўтварылася ў Беларускую кансерваторыю. У красавіку 1918 створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Беларускага ўніверсітэта ў Мінску, у якую ўвайшлі А. Смоліч, М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі і інш. Па ініцыятыве І. Луцкевіча ў 1918 была створана першая беларуская навуковая ўстанова — Беларускае навуковае таварыства ў Вільні. Выдаваліся беларускія кнігі, часопісы і газеты.
Германскія акупацыйныя ўлады, з аднаго боку, не перашкаджалі культурна-асветніцкай дзейнасці БНР, а з другога — ухіляліся ад афіцыйнага прызнання яе. Шэраг членаў Рады і Народнага сакратарыяту БНР, якія спрабавалі дамагчыся падтрымкі ўрада Германіі, звярнуліся да германскага імператара з тэлеграмай, у якой дзякавалі за вызваленне Беларусі, прасілі дапамагчы ў стварэнні яе дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй.
Палітычны крызіс БНР Выданне 3-яй Устаўнай граматы і пасылка тэлеграмы імператару Германіі выклікалі ў БНР палітычны крызіс. Са складу Рады выйшлі гарадская група, прадстаўнікі Бунда, Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная партыя. БСГ раскалолася. Утварыліся новыя партыі: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПСФ), Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР).
Лідарамі БСДП былі А. Смоліч, Б. Тарашкевіч, Я. Лёсік, А. Прушынскі, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Луцкевіч, І. Луцкевіч. Яе праграма прадугледжвала рэфармісцкае пераўтварэнне капіталістычнага ладу грамадства ў сацыялістычны. Задача нацыяналізацыі прамысловасці не ставілася. Зямлю меркавалася перадаць сялянам для арганізацыі на ёй дробных працоўных гаспадарак. Памешчыкам мелася на ўвазе захаваць разумную норму карыстання зямлёй. Высоўвалася патрабаванне аб’яднання ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў у незалежнай БНР.