Бары́с Уладзі́міравіч Кіт () — беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі. Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёнаnovogrudok.gov.by .

Біяграфія Бацька — Уладзімір Кіт, 26-гадовы селянін вёскі Агароднікі Навагрудскага павета Мінскай губерні, 4 (17) верасня 1909 года абвянчаўся ва Усесвяцкай царкве (разбурана на пачатку 1930-х) пры Ушакоўскім земскім вучылішчы, паблізу Пуцілаўскага завода, з сялянкай вёскі Тупікава (у дакуменце памылкова — «Турыкава») Кашынскага павета Цвярской губерні, 21-гадовай Ксеніяй Дзмітрыеўнай Зуравай. На час шлюбу Ксенія была цяжарная, імаверна, таму для вянчання выбралі маленькую парафію на ўскраіне Пецярбурга і цырымонія, напэўна, была непублічнай.

Барыс нарадзіўся 24 сакавіка (6 красавіка) 1910 года, ахрышчаны 28 сакавіка ў Васкрасенскай царкве ў Малой Каломне (разбурана на пачатку 1930-х, цяпер на яе месцы вялікі сквер між Пскоўскай і Віцебскай вуліцамі). Хроснымі бацькамі былі яго цётка з боку бацькі, Юлія Аляксандраўна Кіт, і Міхаіл Манкевіч, земляк бацькі з Карэліцкай воласці. Другі сын Кітаў — Георгій, памёр у маленстве ў 1912 годзе.

Вясной 1919 года з бацькамі пераехаў з Пецярбургу на Наваградчыну. Скончыў народную школу ў Карэлічах (1926), Навагрудскую беларускую гімназію (1928), фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта (1933). Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі. З 1931 года быў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, яе дырэктар у 1939 годзе. З восені 1939 стаў дырэктарам адроджанай гімназіі ў Навагрудку. Потым школьны інспектар у Баранавіцкай вобласці, арганізоўваў пачатковыя і сярэднія беларускія школы.

У 1941 года з пачаткам нацысцкай акупацыі Беларусі, каб пазбегнуць арышту, некаторы час жыў у вёсцы Лебедзева Маладзечанскага раёна, дзе пазней настаўнічаў у мясцовай народнай школе. У 1943 годзе арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, стаў іх дырэктарам, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. Пасля закрыцця гэтых навучальных устаноў у 1944 годзе Барыс Кіт арыштаваны гестапа. Быў зняволены ў турме ў ВілейцыТайны муроў Вілейскай турмы //«Рэгіянальная газета». Ад расстрэлу яго выратавалі былыя вучні А. Дасюкевіч і К. Касяк. У канцы вайны эміграваў у Германію, у 1945—1948 гадах вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце і адначасова выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях.

У 1948 годзе пераехаў у ЗША, стаў актыўна дапамагаць іншым сваім суродзічам-беларусам, якія знаходзіліся ў лагерах для перамешчаных асоб ў Германіі, атрымаць адпаведныя дакументы і перабрацца ў ЗША. Спачатку прыехаў у Нью-Ёрк, але хутка пераехаў у гарадок Саўт-Рывер, дзе жыло шмат беларусаў, уладкаваўся на працу ў фармацэўтычную фірму. Дзякуючы Б. Кіту быў створаны Беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, які распачаў сярод беларускіх імігрантаў культурную, сацыяльную, палітычную работу. Барыс Кіт быў старшынёю камітэту ў 1949—1950 гадах. Пасля пераязджае ў Каліфорнію, дзе таксама арганізоўвае беларускую групу, маючы памочнікам свайго былога вучня Часлава Найдзюка.

У Лос-Анджэлесе, Барыс Кіт працуе ў фірме North American Aviation, дзе ажыццяўляліся касмічныя праекты: стратэгічныя ракеты Navaho, праект падарожжа чалавека на Месяц Apollo, чаўночны карабель Shuttle. Першай яго навуковай працай было паспяховае даследаванне якасцей вадкага вадароду як будучага касмічнага паліва. У 1951—1955 гадах быў другім віцэ-старшынём Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі. У 1958 годзе Барыса Кіта запрасілі ў Вашынгтон, дзе ён пачаў працаваць у Міністэрстве паветраных сіл ЗША ў аддзеле касманаўтыкі. Адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасьці. Выконваў абавязкі эксперта ў развіцці міжнароднай касманаўтыкі, перад усім савецкай. У 1960 годзе з выхадам навукова-папулярнай кнігі «Дапаможнік па ракетным паліве» пачынаецца літаратурная дзейнасць Барыса Кіта. У 1964 годзе ён напісаў сваю другую кнігу «Гісторыя і сучасны стан савецкай касманаўтыкі». З 1963 года Барыс Кіт працуе ў аддзеле касманаўтыкі карпарацыі IT&T, дзе даследавалі і будавалі спадарожнікі сувязі, што з’яўлялася першым этапам у справе падрыхтоўкі падарожжа амерыканцаў на Месяц. Займаўся матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касмічных караблёў. Барыс Кіт выступае з рэфератамі, піша і публікуе артыкулы, чытае даклады на міжнародных кангрэсах па касманаўтыцы. Пад канец 1960-х гадоў ён наведаў з лекцыямі Японію, Індыю, Мексіку, Іспанію, Канаду, Англію, Швецыю, Фінляндыю, Нарвегію, Германію і інш.

З 1972 года жыве ў Германіі ў Франкфурце-на-Майне. Дапамагаў у арганізацыі Беларускага музея ў Ляймене. Вяртаецца да педагагічнай працы. Яшчэ ў Вашынгтоне ён выкладаў матэматыку ў Мэрылендскім універсітэце, а ў Франкфурце-на-Майне Барыс Кіт стаў прафесарам Еўрапейскага аддзелу Мэрылендскага ўніверсітэта. Тэмай доктарскай дысертацыі ён выбраў жыццё і навуковую дзейнасць польскага матэматыка Антоні Зыгмунда, свайго колішняга прафесара ў Віленскім універсітэце. Дысертацыю «Antoni Zygmund, his life and his contribution to the mathematics of 20th century» Барыс Кіт паспяхова абараніў у 1982 на вучонай радзе Рэгенсбургскага ўніверсітэта і атрымаў за гэтую працу навуковае званне доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі. У 1987 яму ўручылі дыплом заслужанага прафесара, а ў 1990 — дыплом ганаровага прафесара. У 1991 яму быў уручаны дыплом акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Барыс Кіт член многіх навуковых таварыстваў свету.

Барыс Кіт з’яўляўся фундатарам многіх эміграцыйных беларускіх выданняў, кніг Майсея Сяднёва. У 1990-я гады наведваў Беларусь. Аўтар успамінаў.

Памёр у Франкфурце-на-Майне на 108 годзе жыцця. 15 лютага 2018 года пахаваны на могілках праваслаўнай царквы Святой Елізаветы ў нямецкім Вісбадэне, дзе каля 30 гадоў таму ён сам выкупіў участак.

Сям’я

Бацька — Уладзімір Кіт, нарадзіўся ў Агародніках Навагрудскага павета ў праваслаўнай сялянскай сям’і Аляксандра Іванавіча і Еўдакіі Іванаўны Кітоў. Імаверна, не ведаў пэўнай даты свайго нараджэння — у паслужным спісе, як і ў метрыцы, пазначана, што народжаны і ахрышчаны ў Шчорсаўскай царкве «ў чэрвені 1881», але ў іншым месцы запісана 8 мая 1882 года. Дзяцінства і юнацтва не асветлена крыніцамі.

Летам 1905 года прыехаў у Пецярбург і 27 жніўня 1905 года ўладкаваўся звышштатным пасыльным у 18-е аддзяленне гарадской пошты. На гэтай пасадзе праслужыў 10 гадоў, атрымліваў вельмі сціплае жалаванне (34 рублі ў месяц). Беднасць прымусіла яго прасіць казённую дапамогу на пахаванне малодшага сына Георгія, які памёр у 1912 годзе ад дыфтэрыі. Нястача грошай, імаверна, вымусіла сям’ю пераехаць з Пецярбурга ў Шувалава-Азёркі (цяпер паўночная ўскраіна Санкт-Пецярбурга, тады — пасёлак паблізу аднайменных станцый Фінляндскай чыгункі). Там Кіты жылі па вуліцы Вялікай Азёрнай 18а, кв. 1.

Уладзімір упартага імкнуўся палепшыць свой сацыяльны статус ва ўмовах расійскай мадэрнізацыі, практычна не маючы стартавых умоў. У яго не было адукацыі, што закрывала дарогу на дзяржаўную службу. Аднак, у пачатку 1915 года Уладзімір здаў кваліфікацыйны экзамен, які, сярод іншага, уключаў работу з азбукай Морзэ і тэлеграфным клопферам, і 21 студзеня 1915 года атрымаў 6-ы разрад тэлеграфнага службоўца. Праз паўтара месяца, 1 сакавіка, павышаны да 5-га разраду, яшчэ праз два гады, у лютым 1917 — да 4-га. Таксама ён самастойна асвоіў стрэлачны апарат Уітстана, за што з чэрвеня 1916 года атрымліваў даплату 8 рублёў у месяц. Таксама вядома, што 20 сакавіка 1917 года Уладзімір здаў экзамен на чын вальнапісанага 2-га разраду пры петраградскай гімназіі Пятра Вялікага. Не ясна, як адзначае Ігар Барынаў, збіраўся ён пайсці ў армію або гэта быў адзіны даступны яму спосаб павысіць адукацыйны цэнз.

Рэвалюцыйны 1917 год прынёс навацыі, 28 чэрвеня, следам за пастановай Часовага ўрада вольны наём быў залічаны яму ў стаж дзяржаўнай службы, паступова павышалася жалаванне. Імаверна, праз гэта ён спачатку застаўся на сваім месцы і пасля кастрычніцкіх падзей. Натхнёны перспектывамі, у лістападзе 1918 года Уладзімір збіраўся аддаць сына Барыса ў Шувалава-Азёркаўскую гімназію, адкрытую ў 1909 годзе дабрачынным «Таварыствам па распаўсюджванні сярэдняй і ніжэйшай адукацыі для дзяцей абодвух полаў», яна размяшчалася на вуліцы, дзе жылі Кіты (Вялікая Азёрная 60, будынак захаваўся станам на 2026 год).

Аднак рэвалюцыйны Петраград балансаваў на мяжы голаду і бытавога калапсу, што пагоршыла стан здароўя Уладзіміра і яго жонкі. Вясной 1918 года хворая Ксенія Кіт з’ехала з сынам да сваіх родных пад Кашын. Уладзімір усю восень 1918 года таксама хварэў і пастаянна адпрошваўся са службы. Тады ж сям’я пераехала бліжэй да горада, на вуліцу Вялікую Спаскую 21, кв. 3, у Кушалеўку (масіў дачнага пасёлка і прамзоны за Фінляндскім вакзалам).

Неўзабаве па ўступленні Чырвонай арміі на тэрыторыю Беларусі, 23 студзеня 1919 года Уладзімір Кіт напісаў заяву пра чарговы адпачынак, які, «у выніку ачышчэння радзімы ад немцаў», збіраўся правесці ў Агародніках. 15 лютага ён адправіў у Петраград ліст з просьбай падабраць яму месца ў Мінску, бо праз хваробу бацькоў ён не мог жыць «на два дамы». Відавочна, нічога прыдатнага не знайшлося, бо Кіт вярнуўся ў Петраград і 20 мая 1919 года зноў прасіў пра 10-дзённую адлучку «для суправаджэння хворай жонкі ў правінцыю». Да гэтага тэрміну далучылі чарговы, месячны адпачынак па хваробе.

Выехаўшы 23 мая з Петраграда, Уладзімір Кіт больш туды не вярнуўся. Пасля сканчэння тэрміну, 7 ліпеня начальства накіравала ў Карэлічы тэлеграму: «неадкладна вярніцеся, у выпадку нез’яўлення будзеце звольнены». Асабовая справа закрыта ў ліпені 1919 года, на думку Барынава, гэта значаць, што Кіт не вярнуўся на службу і яго звольнілі.

Выбраная бібліяграфія Rocket Propellant Handbook (у суаўтарстве; Boris Kit, Douglas S. Evered), 1st ed. — New York: The Macmillan Company, 1960.

У культуры Рыгор Барадулін прысвяціў Барысу Кіту чатырохрадкоўе, якое ўвайшло ў кнігу «Дуліна ад Барадуліна»:

Крыніцы

Літаратура Войцік Г. Барыс Кіт. Серыя «Партрэты Віленчукоў». — Вільня: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь», 2001. Савік Л. Вяртанне. — Мн., 1993. Савік Л. Космас беларуса: Жыццяпіс Б. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта. — Мн., 1996.

Спасылкі

Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі Катэгорыя:Папулярызатары навукі Катэгорыя:Фізікі Беларусі Катэгорыя:Беларусы ў ЗША Катэгорыя:Члены Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі Катэгорыя:Беларусы ў Германіі Катэгорыя:Зняволеныя Лукішскай турмы Катэгорыя:Зняволеныя Вілейскай турмы Катэгорыя:Памерлі ў 2018 годзе Катэгорыя:Стагадовыя доўгажыхары Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Навагрудскага раёна