Ялегі Пранціш Вуль, сапраўднае імя Элігій-Францішак Карафа-Корбут (,  — , ) — беларускі паэт.

Удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага, за ўдзел у якім быў сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі гурток. Аўтар верша «К дудару Арцёму ад надзвінскага мужыка» — аднаго з найлепшых узораў раннебеларускай грамадзянскай лірыкі. Разглядаецца асобнымі даследчыкамі як магчымы аўтар альбо суаўтар паэмы «Тарас на Парнасе»Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX стагоддзе: Навук.-літ. альманах. Мн., 2000. Кн. 2. C. 188—191Запрудскі І. Ялегі Пранціш Вуль і пытанне атрыбуцыі паэмы «Тарас на Парнасе» // Працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Мн., 2004. Вып.5..

Біяграфія Нарадзіўся ў Віцебску 21 красавіка 1835 года, быў старэйшым сынам у сям'і беднага віцебскага чыноўніка Маўрыкія Фаміча Карафа-Корбута. З 1846 года вучыўся ў Віцебскай гімназіі. Верагодна з-за слабага здароўя і неўладкаванага матэрыяльнага становішча сям'і будучы паэт не здолеў скончыць сёмы выпускны клас гімназіі.

Пасля зыходу з гімназіі Ялегі Пранціш Вуль уладкаваўся пісарам у Віцебскую , дзе займаўся акцызнымі пытаннямі, зборам і ўлікам падаткаў ад продажу гарэлкі і працаваў там у 1856-1862 гадах. Гэты этап жыцця паэта засведчаны дакументальна:

8 верасня 1855 года ўзяў шлюб з Ганнай Талвінскай у Віцебскім прыходскім касцёле св. АнтоніяНГАБ, ф.1781 воп.26 спр.1246, с.51..

Верагодна, недзе ў 1856 годзе Вуль пазнаёміўся з беларускім пісьменнікам Арцёмам Вярыгам-Дарэўскім, у чыім «Альбоме» 23 красавіка 1859 года з'явіўся 28-ы запіс, зроблены Ялегіям Пранцішам Вулем, які складаўся з беларускага верша «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» і польскага «Няновая думка». У тым жа 1859 годзе яшчэ два польскія вершы Вуля — «Канец дарогі» і «Размова з сяброўкай» — з'явіліся ў варшаўскім часопісе «Ruch Muzyczny».Хаўстовіч М. Знайсці Ялегі Пранціша Вуля ў Варшаве. // Даследванні і матэрыялы. Т.5., Варшава, 2019. C. 229—239.

Уся сям'я ўдзельнічала ў паўстанні 1863—1864 гадоў, Ялегі і яго брат Вільгельм былі сасланыя ў Сібір на пасяленне, а бацька асуджаны да 8 гадоў катаргі. Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі гурток. Працаваў карэктарам у «Газеце польскай». Памёр пасля цяжкай хваробы 8 снежня 1894. Пахаваны на могілках Старыя Павонзкі ў Варшаве.

Творчасць Што табе, дудар, прыспела Смелы песні завадзіць? Ці то лёгкае, брат, дзела Нашу браццю прасвяціць? Крыкнуць на цябе паноўя, Што ты шкоднік і місцюк, — Страціш голас і здароўе І дуду упусціш з рук. Я. Вуль. Радкі з верша «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка».Альбом в кожаном футляре Ужо падчас вучобы Ялегі Пранціш вылучаўся сваімі літаратурнымі здольнасцямі. У ранні перыяд творчасці індывідуальная манера будучага пісьменніка фарміравалася пад вызначальным уплывам А. Вярыгі-Дарэўскага і Г. Марцінкевіча, беларускай народнай культуры і традыцыямі расійскай прафесійнай паэзіі. Дасылаў агляды культурнага жыцця Віцебска ў варшаўскую «Gazetę codzienną». Аднымі з вучнёўскіх прац, якія былі дакументавана засведчаныя як кіраўніцтвам гімназіі, так і апекуном былі «Воспоминания детства и юности» (верасень 1851), «Витебск» (верасень 1852), «Крестины ў белорусских крестьян» (май 1853), «О Державине вообще и об оде „Бог“ в особенности» (студзень 1854).

Адзіны вядомы беларускамоўны верш «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» адметны дасканаласцю формы, натуральнасцю і чысцінёй мовы, а таксама сведчыць пра дэмакратычныя погляды аўтара.

Пісаў таксама на польскай мове.

Першапублікацыя верша «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» адбылася ў «Нашай Ніве» 9 лістапада 1912 года. Затым яго тэкст быў уключаны ў «Хрэстаматыю беларускае літаратуры» Максіма Гарэцкага.

Літаратура

Кісялёў Г. Хто вы, Карафа-Корбуты? // Полымя. 1992, № 3; Кісялёў Г. Загадка беларускай 'Энеіды'. Мн., 1971; Запрудскі І. Вядомы адным вершам // ЛіМ. 1993, 19 сак.; БП, т. 2;

Подлипский А. М. Витебская Александровская гимназия. Витебск, 1994. — 1500 экз. Русецкий А. В., Русецкий Ю. А. Художественная культура Витебщины: Поозерье, Подвинье, Верхнее Поднепровье (в контексте восточно-славянских и западно-европейских культурных процессов): монография / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. — Витебск: Издательство УО ВГУ им. П, М. Машерова, 2008. — 540 с. : ил. ISBN 978-985-425-802-7

Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Польскамоўныя паэты Катэгорыя:Рускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Карафа-Корбуты Катэгорыя:Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі