Саматэ́вічы. Сустракаецца таксама варыянт Самаце́вічы, Самацэ́вічы (, ) — былая вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Чарняўцы. Уваходзіла ў склад Беладубраўскага сельсавета.
Саматэвічы — даўняе мястэчка гістарычнай Мсціслаўшчыны, малая радзіма народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Знаходзілася за 30 км на паўднёвы захад ад Касцюковічаў, за 33 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (лінія Крычаў — Сураж); на аўтамабільнай дарозе Касцюковічы — Красная Гара. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхароў вёскі ў 1991 годзе перасялілі ў Новыя Саматэвічы, а само паселішча было ліквідавана ў 2015 годзе.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1585 годзе як сяло Крычаўскай воласці і староства Мсціслаўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасці. У 1668 годзе ўпершыню значыцца царква. У XVIII стагоддзі побач існавалі мястэчка Саматэвічы, дзе было 42 двары і аднайменнае сялоСаматэвічы, Новыя падарожжы дылетанта. Паводле інвентару Крычаўскага староства 1694 года, у паселішчы было 4 дымы, паводле інвентару 1709 года — 8 дымоў, 6 валок зямлі.
У складзе Расійскай імперыі У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Саматэвічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе станам на 1795 год знаходзіліся ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні, з’яўляліся ўласнасцю графа Р. А. Пацёмкіна. У 1842 годзе была пабудавана Свята-Троіцкая царква, у 1864 годзе адкрыта народнае вучылішча, дзе ў 1889 годзе было 54 вучняў. З 1867 года двойчы на год праводзіліся кірмашы на Іллю. Уладальнік сяла меў у Саматэвічах і Кісялёўцы 107 дзесяцін зямлі.
Па звестках 1880 года, Саматэвічы (яно ж Дзімітраўск) — мястэчка, уласнасць Дзмітрыя Станіслававіча Галынскага, цэнтр воласці. У 1885 годзе ў паселішчы налічваліся валасное праўленне, царква, касцёл, школа, бальніца, вятрак, заезны двор, бровар (у 1879 годзе працавалі 9 рабочых), 6 крам, Гайдукоўскае паштовае аддзяленнеБелЭн, т.14, с.137. Вяскоўцы, апрача земляробства, займаліся бондарствам і кавальствам. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, існавалі аднаменныя мястэчка (77 двароў, багадзельня, карчма, крама, малітоўны дом, фельчарскі ўчастак) і сяло (162 двары, царква, хлебазапасны магазін).
Найноўшы час 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Саматэвічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад БССР. 16 студзеня вёска разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі апынулася ў складзе РСФСР, але ў 1924 годзе, у выніку першага ўзбуйнення БССР, Саматэвічы вярнулі Беларусі, дзе 20 жніўня 1924 года яны сталі цэнтрам Саматэвіцкага сельсавета ў Касцюковіцкім раёне Калінінскай акругі (з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці).
Да гэтага часу ў Саматэвічах ужо дзейнічала 4-гадовая школа (заснавана ў пачатку 1920-х гадоў у былым панскім палацы), якая ў 1924 годзе была ператворана ў 7-гадовую. У тым жа годзе ў школе налічвалася 121 вучняў, у 1927 годзе — 321 вучань, у 1928 годзе былі адчынены класы са спецыялізацыяй па пчалярстве. У міжваенны перыяд у вёсцы працавалі таксама хата-чытальня, пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, фельчарска-акушэрскі пункт (адчынены ў 1926 годзе), дзіцячая пляцоўка і яслі, вузел сувязі (арганізаваны ў 1933 годзе), кааператыўнае і сельскагаспадарчае таварыствы. Утвораны саўгас меў у 1930 годзе 2 тыс. га зямлі, уваходзіў у Аршанскі свінагадоўчы трэст. У 1935 годзе ў вёску праведзена электрычнасць ад Бялынкавіцкай ГЭС.
Падчас Другой сусветнай вайны ў снежні 1942 года нацысты стварылі гета ў Саматэвічах, забілі 283 жыхароў Саматэвічаў і ў лютым 1943 года спалілі 16 двароў вёскі.
У пасляваенны перыяд у вёсцы дзейнічалі аптэка, бальніца, бібліятэка, дзіцячы сад-яслі, дом культуры, лесапільня, сярэдняя школа, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, 2 сталовыя, 5 спартыўных пляцовак і 6 крам. У 1977 годзе да Саматэвічаў, якія былі цэнтрам аднайменнага саўгаса, былі далучаны вёскі Зялёнкавічы 1 і Зялёнкавічы 2Рашэнні выканкома Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 15 і 29 сакавіка 1977 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1977, № 15 (1533).. У 1984 годзе быў заснаваны літаратурны музей ураджэнца Саматэвічаў Аркадзя Куляшова (у 1986 годзе перамешчаны ў Касцюковіцкі краязнаўчы музей).
У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары паселішча ў 1991 годзе пераселены ў пасёлак Новыя Саматэвічы за 20 км ад вёскі. 30 чэрвеня 2015 года паселішча ліквідавана, зруйнаваны больш за 1,5 тысячы будынкаў, апроч царквы.
Насельніцтва XVIII стагоддзе: 1747 год — 23 двары; 1772 год — 197 чал., 42 двары; 1779 год — 220 чал., 46 двароў; 1795 год — 220 чал.; 46 двароў. XIX стагоддзе: 1816 год — 289 чал.; 1834 год — 349 чал.; 1848 год — 60 двароў; 1858 год — 408 чал.; 1880 год — 473 чал., 83 двары у мястэчку Саматэвічах; у 1886 год — 523 чал. у сяле Саматэвічах, 94 дварыЭГБ, т.6-1, с.217; 1888 год — 744 чал. у сяле Саматэвічах, 97 двароў; 1897 год — 494 чал., 97 двароў у мястэчку Саматэвічах і 953 чал., 162 двары ў сяле СаматэвічахГВБ, т.5, кн.1, с. 705. XX стагоддзе: 1909 год — 744 чал., 97 двароў у мястэчку Саматэвічах і 1006 чал., 144 двары ў сяле Саматэвічах; 1959 год — 1048 чал.; 1970 год — 9711 чал.; 1986 год — 1098 чал., 424 двары. XXI стагоддзе: 2007 год — 1 чал., 1 двор; 2015 год — 0 чал.
Славутасці
Свята-Троіцкая царква (1835—1842, мураваная, руіны). Мемарыяльны камень Аркадзю Куляшову.
Памятныя мясціны Помнік загінулым у Другой сусветнай вайне.
Вядомыя асобы Аркадзь Куляшоў (1914—1978) — беларускі пісьменнік, народны паэт БССР. Павел Яўменавіч Астапенка (1918—2010) — беларускі дыпламат, намеснік міністра замежных спраў БССР. Іван Дзмітрыевіч Ветраў (1905—1986) — беларускі дзяржаўны дзеяч. Дзмітрый Дзмітрыевіч Гобараў (нар. 1962) — беларускі дзяржаўны дзеяч і палітык.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства Катэгорыя:Населеныя пункты, заснаваныя ў 1585 годзе