Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — страчаны каталіцкі храм, які знаходзіўся ў цэнтры вёскі Рамні Гарадоцкага раёна, Віцебскай вобласці.

Гісторыя

Пабудаваны ў 1896 годзе з дрэва на падмурку храма XVIII стагоддзя з захаваннем яго планіроўкі. Будаўніцтва вялі польскія дойліды пры ўдзеле мясцовых жыхароў. Прыхаджанамі храма былі латышы-перасяленцы, якія аселі ў ваколіцах Гарадка.

Першапачаткова вакол касцёла стаяла агароджа з бутавага каменю, за якой былі могілкі. За савецкім часам пахаванні былі разрабаваны, а ў самім касцёле знялі дах, вітражы, і ўладкавалі ў будынку калгасны склад.

У 1998 годзе будынак перадалі праваслаўнай царкве, якая пачала праводзіць аднаўленчыя працы ў храме, аднак гэтаму запярэчыла каталіцкая супольнасць, заявіўшы, што перабудовы парушаць гістарычную архітэктуру касцёла. Каталіцкая царква пагадзілася рэстаўраваць касцёл пры ўмове арганізацыі парафіі, аднак каталіцкага насельніцтва ў наваколлі няма, і ў выніку за рэканструкцыю ніхто не ўзяўся. З таго часу храм закансервавалі.

У 2007 годзе касцёл быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння — адзіны архітэктурны помнік у раёне.

Цалкам згарэў 17 красавіка 2019 года ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём пры спальванні смецця: полымя перайшло спачатку на сухую расліннасць, а потым на будынак храма, знішчыўшы большую яго частку. У адносінах да 40-гадовага вяскоўца, па віне якога загарэўся касцёл, была распачата крымінальная справа па частцы 2 артыкула 345 «Знішчэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей або культурных каштоўнасцей па неасцярожнасці». Страты былі ацэнены ў 70 тысяч беларускіх рублёў.

Архітэктура

Помнік архітэктуры эклектыкі. Пластыка і кампазіцыя касцёла — прыклад характэрнага для канца XIX стагоддзя спалучэння элементаў класіцызму з рысамі мадэрну і псеўдарускага стылю.

Будынак адносіўся да тыпу адназрубных культавых збудаванняў. Да прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёму з захаду прымыкаў бабінец, другі ярус якога з’яўляўся званіцай, з усходу — апсіда з 2 сакрысціямі. Да фасада далучаўся прыруб нартэкса, над вальмавым дахам якога была пастаўлена чатырохгранная шатровая званіца са спічастым шпілем.

Алтарная частка з рызніцамі складала адзіную плоскасць і стварала пры рознай вышыні аб’ёмаў і форме пакрыццяў ступеньчаты сілуэт. Крыжовы ў плане дах абмяжоўваўся на тарцах франтонамі, увянчанымі шлемападобнымі галоўкамі. Магутны карніз па ўсім перыметры будынка падтрымліваў вялікую навісь даху. Тымпаны франтонаў былі прарэзаны круглымі люкарнамі, сцены цэнтральнай часткі — спаранымі паўцыркульнымі вокнамі з разнымі ліштвамі. Касцёл быў пакрыты бляхай, ашаляваны: высокая цокальная частка, аддзеленая гарызантальнай цягай, — вертыкальна, верхняя — гарызантальна.

Цэнтральнае памяшканне ў інтэр’еры перакрывалася крыжовым скляпеннем, астатнія мелі плоскія перакрыцці. Сцены былі ўпрыгожаны роспісамі. Над нартэксам размяшчаліся антрэсолі хораў.

Літаратура

— С. 219.  — С. 132. — С. 313—314.

Спасылкі

Катэгорыя:Касцёлы Гарадоцкага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі эклектыкі Рамні Катэгорыя:Рамні Катэгорыя:Колішнія касцёлы Віцебскай вобласці Катэгорыя:1896 год у Беларусі Катэгорыя:Драўляныя касцёлы Беларусі Катэгорыя:Зніклі ў 2019 годзе