Казімі́рава (, ) — вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Малевіцкага сельсавета.
За 3,7 км ад вёскі знаходзіцца чыгуначны прыпыначны пункт Казімірава.
У 1924—1954 гадах цэнтр Казіміраўскага сельсавета.
Гісторыя Па пісьмовых крыніцах вядома з XVIII стагоддзя як дзяржава (дзяржаўнае зямельнае ўладанне ў распараджэнні прыватнай асобы).
У 1713 годзе рэчыцкі падкаморы Антоні Казімір Юдзіцкі заснаваў мястэчка Казімірава, назваўшы яго ў свой гонар. У тым жа годзе ён заснаваў тут мужчынскі ўніяцкі манастыр ордэна базыльян.
У 1834 годзе пазначана як мястэчка. Пасля адкрыцця ў лістападзе 1873 года руху па чыгунцы Асіповічы—Гомель пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. У 1886 годзе мястэчка, 12 крам, вадзяны млын і вятрак. У 1897 годзе царква, яўрэйскі малітоўны дом, заезны дом. Побач быў аднайменны фальварак.
3 сакавіка 1920 года польскія войскі пасля прарыву фронту каля вёскі Радуша захапілі вёску і ўчынілі жорсткую расправу над палоннымі. Былі расстраляны супрацаўнікі ваенкаматa і чырвонаармейцы — усяго 23 чалавек (пахаваны ў брацкай магіле каля могілак). З 1921 года дзейнічала школа. З 20 жніўня 1924 года да 16 ліпеня 1954 года цэнтр Казіміраўскага сельсавета Жлобінскага раёна Бабруйскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1930 годзе арганізаваны калгас.
У Вялікую Айчынную вайну некаторы час у вёсцы захоўвалася друкарня Рагачоўскага падпольнага райкома КП(б)Б. На фронце загінулі 73 вяскоўцы. У 1962 годзе да вёскі далучаны пасёлак Жальвін, у 1966 годзе — вёска Касагі. У складзе саўгаса імя В. І. Казлова (цэнтр — вёска Малевічы).
Ёсць аддзел сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт. Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі, да якой на поўначы далучаюцца кароткія, шчыльна забудаваныя шыротныя вуліцы. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу.
Насельніцтва
1765 год — 2 вёскі з 45 дварамі. 1897 год — 60 двароў. 1925 год — 61 двор. 1959 год — 165 жыхароў. 2019 год — 48 жыхароў.
Славутасці Свята-Успенскі Казіміраўскі жаночы манастыр. Праваслаўны прыход у Казіміраве быў адноўлены ў 1996 годзе, а ў 2000 годзе пераўтвораны ў жаночы манастыр. Новую драўляную царкву асвяцілі 9 жніўня 2002 года.
Казіміраўская ікона Божай Маці
Паводле царкоўнага падання, Казіміраўская ікона Божай Маці дасталася заснавальніку паселішча Антонію Казіміру Юдзіцкаму ад продкаў і лічылася цудатворнай. Пасля аднаўлення прыхода мясцовая жыхарка, якая захоўвала абраз, перадала яго вернікам. 16 кастрычніка 2013 года Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы ўстанавіў святкаванне ў гонар Казіміраўскай іконы Божай Маці.
Галерэя
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Малевіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Жлобінскага раёна Катэгорыя:Мястэчкі Менскага ваяводства