Ян Чы́квін (; , в. Дубічы Царкоўныя, цяпер Гайнаўскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — , Бельск-Падляскі) — беларускі паэт, перакладчык, гісторык рускай і беларускай літаратур. Доктар гуманітарных навук, звычайны прафесар.
Біяграфія З дзяцінства меў схільнасць да літаратурнай творчасці, аднак вырашыў спачатку атрымаць грунтоўную філалагічную прафесію. У 1959 годзе паступіў, а ў 1964 годзе скончыў факультэт рускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Сваю працоўную дзейнасць пачаў у якасці настаўніка ў IV агульнаадукацыйным ліцэі ў Беластоку. У 1969 годзе перайшоў на працу ў беластоцкі філіял Варшаўскага ўніверсітэта, дзе стаў першым мясцовым русістам, які абараніў доктарскую дысертацыю, а затым і атрымаў ступень доктара габілітаванага.
У сувязі з адсутнасцю на той час пасады дацэнта ў Беластоку, з 1985 па 1997 год працаваў у Варшаўскім універсітэце, пасля чаго ў 1998 годзе вярнуўся ўжо ў самастойны Беластоцкі ўніверсітэт. У 2002—2008 гадах займаў пасаду дырэктара Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі Беластоцкага ўніверсітэта.
У 1970 годзе Ян Чыквін разам з Сакратам Яновічам сталі першымі беларускамоўнымі пісьменнікамі, прынятымі ў Саюз літаратараў Польшчы (з 1989 года быў членам Саюза польскіх пісьменнікаў). Неўзабаве пасля гэтага яны стварылі ў Беластоку Літаратурны клуб, які аб'яднаў мясцовых творцаў. З 1989 года Ян Чыквін з'яўляўся старшынёй Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа». Выступіў ініцыятарам стварэння і галоўным рэдактарам часопіса «Тэрмапілы» (), а таксама заснавальнікам і выдаўцом серыі «Бібліятэчка Белавежы», у межах якой выйшла больш за сто кніг. З'яўляўся членам беларускага ПЭН-цэнтра. Жыў у Бельску-Падляскім.
Навуковая дзейнасць Як літаратуразнавец і гісторык літаратуры даследаваў рускую паэзію «сярэбранага веку», у тым ліку напісаў гісторыка-літаратурнае даследаванне, прысвечанае творчасці Афанасія Фета. Вывучаў лірыку медытатыўнага характару, якая адлюстроўвае захапленне хараством свету і гармоніяй прыроды.
Аўтар шэрагу літаратуразнаўчых і крытычных манаграфій па гісторыі беларускай літаратуры: «Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа» (Беласток, 1997); «Беларускія пісьменнікі Польшчы. Бібліяграфічны даведнік 1957—1998» (Беласток, 2000); «Па прызванні і абавязку. Літаратурна-крытычныя артыкулы» (Беласток, 2005); «Ідэя, вобраз, інтэрпрэтацыя» (2014).
Выступіў укладальнікам і аўтарам прадмовы да кнігі «Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова XX ст.» (Мінск, 2000).
Творчасць Дэбютаваў як паэт на старонках тыднёвіка «Ніва» ў 1957 годзе. Паэзія Яна Чыквіна носіць філасофскі, сімвалічны, часам ускладнёна-метафарычны характарУ. Конан (2000).
Аўтар шэрагу зборнікаў беларускамоўнай паэзіі: «Іду» (Беласток, 1969); «Святая студня» (Беласток, 1970); «Неспакой» (Беласток, 1977); «Светлы міг» (Мінск, 1989); «Кругавая чара» (Беласток, 1992); «Свет першы і апошні» (Беласток, 1997).
У перакладзе на польскую мову выйшлі кнігі «На парозе свету» (, Варшава, 1983), «Сонечная вязь» (, Ольштын, 1988), «Адпачынак ля перасохлай крыніцы» (Беласток, 1996). Апублікаваў таксама некалькі вершаў па-польску.
Актыўна працаваў як перакладчык. Перакладаў беларускую паэзію на польскую мову, а таксама творы польскіх паэтаў на беларускую, у прыватнасці, вершы Чэслава Мілаша, Віславы Шымборскай, Тадэвуша Ружэвіча, Станіслава Баранчака.
Узнагароды Залаты медаль «За заслугі ў культуры Gloria Artis» (2008) — за выдатны ўклад у літаратуру і асветніцкую дзейнасць.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Беларусісты Польшчы Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Паэты Польшчы Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі літаратуры Катэгорыя:Дактары гуманітарных навук Катэгорыя:Прафесары Беластоцкага ўніверсітэта Катэгорыя:Выкладчыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Члены Беларускага ПЭН-цэнтра Катэгорыя:Нарадзіліся ў Гайнаўскім павеце