Падвары́шкі. Сустракаецца таксама варыянт Падва́рышкі (, ) — вёска ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Беняконскага сельсавета.

Гісторыя Самая старая згадка пра Падварышкі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага датуецца 1690 годам, калі Стэфан Корф, канонік Жамойцкі, набыў маёнтак Гайцюнішкі, у склад якога ўваходзілі Падварышкі.

З 1795 года ў Расійскай імперыі. На пачатку XIX ст. вёска і маёнтак Падварышкі ў Беняконскай воласці Лідскага павета Віленскага ваяводства, належалі барону Каралю Остэн-Сакену і яго сыну Станіславу. У 1835 г. дачка Караля Вераніка Остэн-Сакен дазволіла, каб яе выкраў Адам Рымша, жанаты шляхціц. Праз шмат гадоў закаханыя ўзаконяць адносіны, так перайшла сядзіба да Рымшаў.

У 1842 годзе ў Падварышках меўся двор з трохпакаёвым домам з часанага дрэва, крыты саломай. Пад адным дахам з домам месцілася людская і варыўня (памяшканне для захоўвання садавіны і гародніны). На гаспадарчым двары меліся адрыны для жывёлы, хлеба, сена і саломы, валоўнік, птушнік, свіран, ледавік і бровар. У вёсцы Падварышкі стаяла карчма з дзвюмя хатамі і стайнямі.

На працягу ХІХ ст. Падварышкі належалі роду Рымшаў. Ганна Рымша выйшла замуж за Тадэвуша Кярсноўскага і перадала маёмасць сям'і мужа.

З 1921 года ў складзе Польшчы, у Беняконскай гміне Лідскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1939 годзе Падварышкі разам з прылеглымі хутарамі Рымшышкамі, Мядзінамі і лясной гаспадаркай Геленава, займалі плошчу каля 800 га. Апошнімі ўладальнікамі маёмасці былі Ганна і Тадэвуш Кярсноўскія, іх сын Рышард Кярсноўскі пакінуў успаміны аб Падварышках.

З 1939 года ў БССР.

Насельніцтва 1970 год — 343 чал. 1999 год — 505 чал. 2004 год — 442 чал. 2009 год — 383 чал. 2014 год — 341 чал.

Славутасці Сядзібны дом Рымшаў (1930—1931) з паркам.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Лаўрэш Л. Маёнтак Падварышкі і суседнія Гайцюнішкі // Наша слова.pdf № 32 (84), 9 жніўня 2023.; № 33 (85), 16 жніўня 2023.; № 34 (86), 23 жніўня 2023. // на pawet.net Лаўрэш Л. Страчаная цывілізацыя: Гайцюнішкі і суседнія Падварышкі // Новы Замак. 2025. № 14. С. 198–213.

Катэгорыя:Беняконскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Воранаўскага раёна