Панямо́нцы (, ) — вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Беліцкага сельсавета.

Геаграфія Вёска размяшчаецца за 42 км на паўднёвы ўсход ад Ліды, на высокім правым беразе Нёмана; на ўсход ад яе ў Нёман упадае Смолач. Рэльеф раўнінны. З паўночнага ўсходу знаходзіцца лес.

Транспартныя сувязі па дарозе Жалудок — Беліца, што праходзіць праз вёску.

Гісторыя За 0,5 км ад вёскі, на правым беразе Нёмана ёсць селішча XI—XIII ст. і, напэўна, пазнейшага часу. Знойдзена кругавая кераміка, у тым ліку арнаментаваная жалабатымі і зігзагападобнымі лініямі. Выяўлены абломкі чорнага томленага посуду і паліванага посуду, часта сустракаюцца крамянёвыя вырабы.

У 1572 годзе паселішча згадваецца ў складзе маёнтка Збляны М. Ю. Радзівіла ў Лідскім павеце ВКЛ. У XVII ст. Смолач разам з Бабрамі і Пішчоўцамі (30 дымоў) уваходзіла ў склад «нойбургскіх маёнткаў» Радзівілаў, якія трымаў у заставе Ян Дубраўскі, падстолі вендэнскі. Вядома, што ў сваіх «нойбургскіх маёнтках» Радзвілы-пратэстанты падтрымлівалі праваслаўе.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) вёска ў Расійскай імперыі. Была цэнтрам сельскага таварыства Беліцкай воласці Лідскага павета Віленскай губерні.

У Першую сусветную вайну з верасня 1915 да канца 1918 года акупавана германскімі войскамі. Са студзеня 1919 года ў складзе БССР, у красавіку занята польскімі войскамі. З ліпеня да верасня 1920 года кантралявалася Чырвонай Арміяй, затым ізноў польскімі войскамі. З 1921 года ў складзе Польшчы, належала да Беліцкай гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства.

З 1939 года — у БССР, з 4 снежня ў складзе Баранавіцкай вобласці. З 15 студзеня 1940 года вёска ў Жалудоцкім раёне, з 12 кастрычніка належала да Вангеўскага сельсавета. З канца чэрвеня 1941 года да сярэдзіны ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.

З 20 верасня 1944 года ў Гродзенскай вобласці. У 1949 годзе створаны калгас імя Булганіна. З 1951 года землі ў калгасе «Нёман». З 25 лютага 1961 года вёска ў Пескаўскім сельсавеце. З 17 красавіка 1962 года ў Шчучынскім, 25 снежня — у Лідскім раёне.

Да 2016 года вёска ўваходзіла у склад Пескаўскага сельсаветаРешение Гродненского областного Совета депутатов от 26 сентября 2016 г. № 156 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Лидского района Гродненской области .

Інфраструктура Да 2002 года дзейнічала Панямонская базавая школа. Потым будынак школы перададзены на баланс АТ «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых»pawet.net .

Насельніцтва 1921 год — 409 жыхароў. 1940 год — 430 жыхароў. 1960 год — 374 жыхары. 1970 год — 242 жыхары. 1993 год — 139 жыхароў. 1996 год — 134 жыхары. 2004 год — 95 жыхароў. 2010 год — 63 жыхары. 2012 год — 62 жыхары. 2015 год — 48 жыхароў. 2019 год — 27 жыхароў.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Беліцкі сельсавет (Лідскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Лідскага раёна