«Гульня́ тро́наў» () — раман у жанры фэнтэзі аўтарства амерыканскага пісьменніка Джорджа Р. Р. Марціна, першая кніга серыі «Песня Лёду і Агню». Упершыню твор быў апублікаваны ў 1996 годзе выдавецтвам Bantam Spectra. Дзеянне рамана адбываецца ў выдуманым сусвеце. У цэнтры твора тры асноўныя сюжэтныя лініі — падзеі, якія папярэднічалі пачатку дынастычных войнаў за ўладу над кантынентам Вестэрас, які нагадвае Еўропу часоў Высокага Сярэднявечча; пагроза наступу плямёнаў адзічэлых і дэманічнай расы Іншых, што насоўваецца з поўначы; а таксама падарожжа дачкі зрынутага караля ў спробах вярнуць Жалезны трон. Апавяданне вядзецца ад трэцяй асобы, напераменку з пункту гледжання розных персанажаў.
Праца над раманам была пачата аўтарам у 1991 годзе. На той момант цыкл задумваўся як трылогія. Джордж Р. Р. Марцін, які імкнецца да напісання тэкстаў вялікага аб'ёму, вырашыў стварыць маштабнае эпічнае фэнтэзі ў духу «Уладара пярсцёнкаў», абапіраючыся на гістарычныя кнігі і перавёўшы акцэнты ад магіі да рэалізму. Асаблівае месца ў «Гульні тронаў» было адведзена геральдыцы, рыцарству, апісанню банкетаў і адзення. Кніга была натхнёная рэальнымі гістарычнымі падзеямі, а героі цыкла мелі прататыпаў з асяроддзя еўрапейскай знаці. Адзін з асноўных пасылаў кнігі — ідэя таго, што смерць ёсць непазбежная ісціна ўсяго жыцця.
Раман атрымаў усеагульнае прызнанне з боку крытыкаў. Ён быў ганараваны прэміі «Локус» за лепшы раман у жанры фэнтэзі, а таксама быў намінаваны на Неб'юла і Сусветную прэмію фэнтэзі. Акрамя таго, аповесць «Кроў Дракона», якая ўвайшла ў склад рамана, у 1997 годзе атрымала прэмію «Х’юга». Праз пятнаццаць гадоў пасля публікацыі раман дасягнуў першага месца ў спісе бэстсэлераў газеты The New York Times. Аглядальнікі станоўча ўспрынялі смелае парушэнне класічных канонаў жанру і разбурэнне літаратурных стэрэатыпаў, прапрацоўку персанажаў і інтрыгуючы сюжэт. Усяго было прададзена звыш мільёна асобнікаў кнігі. Раман быў экранізаваны ў рамках першага сезона тэлесерыяла «Гульня тронаў».
Сюжэт
Сусвет кнігі Дзеянне цыкла разгортваецца ў выдуманым свеце. Асноўныя падзеі кнігі сканцэнтраваны на мацерыку Вестэрас, які паводле эканомікі, культуры і сацыяльнага ладу нагадвае Еўропу часоў Высокага Сярэднявечча, і часткова на больш усходнім кантыненце пад назвай Эсас, які адрозніваецца этнічнай і геаграфічнай разнастайнасцю. Вышэйшую знаць Вестэраса прынята называць Вялікімі Дамамі. Прыкладна за трыста гадоў да падзей «Гульні тронаў» дынастыя Таргарыенаў, выкарыстоўваючы трох драконаў, заваявала ўсе землі Вестэраса ад Сцяны да паўднёвых берагоў Дорна і стварыла адзіную імперыю. Род Таргарыенаў паходзіць са старажытнай Валірыі. Эйган ажаніўся са сваімі сёстрамі, Вісеньяй і Рэйніс, і гэта традыцыя часта паўтаралася ў іх родзе. Дынастыя стала згасаць з гібеллю апошніх драконаў. Вар'яцтва Эйрыса II выклікала паўстанне, якое апынулася паспяховым.
Род Баратэанаў, як лічыцца, паходзіць ад пабочнай галіны Таргарыенаў. Пасля звяржэння караля Шторму яны сталі лордамі Штармавога Канца. Чорнавалосыя і дужыя, Баратэаны доўгі час заставаліся вернымі кіруючай дынастыі. Прычынай проціборства стала каханая Роберта Баратэана Ліяна Старк, выкрадзеная Рэегарам Таргарыенам, сынам Эерыса II. Роберт, быўшы правадыром паўстання, пасля перамогі ўзышоў на трон Сямі каралеўстваў, але стаў нікуды не вартым кіраўніком. Светлавалосыя Ланістэры былі самым багатым родам з усіх Вялікіх Дамоў. Яны кіруюць Заходнімі Землямі, а іх крэпасць — Уцёс Кастэрлі. Главой сямейства з’яўляецца лорд Тайвін. Яго старэйшы сын Джэймэ, які служыў у гвардыі Эйрыса, забіў ранейшага караля, за што атрымаў мянушку «Царазабойца».
Старкі — нязменныя лорды Поўначы, род якіх не перарываўся на працягу тысяч гадоў. Паводле легенды, іх продак Брандан Будаўнік узвёў Сцяну. Аглядальнік «Свету фантастыкі» Дзмітрый Златніцкі піша: «Яны халодныя, як землі, якімі яны кіруюць, цвёрдыя, як сцены іх радавога замка Вінтэрфела, і небяспечныя, як лютаваўкі, якія красуюцца на іх сцягах». Ад іншых Вялікіх дамоў Старкі адрозніваюцца тым, што ўшаноўваюць Старых багоў. Менавіта прадстаўнікі гэтага сямейства найбольш шырока задзейнічаны ў сюжэце твора. Таксама Старкаў умоўна можна назваць станоўчымі персанажамі кнігі. Арэны, Захавальнікі Усходу, — адзін з найстаражытных родаў. Да прыходу Таргарыенаў яны былі каралямі Гары і Даліны. На поўдзень ад Перашыйка, у цэнтральнай частцы Вестэраса, размяшчаецца Дом Талі. Іх замак Рыверан на скрыжаванні трох рэк Трызубца дазваляе кантраляваць гандаль у рэгіёне. Да Вялікіх Дамоў таксама адносяцца Тырэлы з Вышасада, якія таксама атрымалі свае землі ад заваёўнікаў Таргарыенаў, Мартэлы з Дорна, якія далучыліся да дзяржавы Таргарыенаў добраахвотна, а таксама Грэйджаі, ваяўнічы народ з Жалезных астравоў.
Сем Каралеўстваў Лорд Вінтэрфела і Захавальнік Поўначы Эдард (Нэд) Старк праводзіць пакаранне смерцю Гарэда, дэзерціра з Начнога Дазору. Вяртаючыся з сынамі Робам і Бранам Старкамі, бастардам Джонам Сноу і выхаванцам Тэанам Грэйджаем, яны знаходзяць шасцярых ваўчанят — чатырох самцоў і дзвюх самак, што супадае з колькасцю і полам дзяцей лорда Старка — і вырашаюць забраць іх сабе. Кароль Роберт Баратэан з жонкай і дзецьмі прыязджае ў Вінтэрфел. Роберт і Нэд, даўнія сябры, якія ў мінулым паўсталі супраць Эйрыса II Вар'ята, зрынуўшы кіруючую дынастыю Таргарыенаў. Кароль прапануе Нэду, які славіцца сваёй сумленнасцю і непадкупнасцю, пасаду правіцы караля. Папярэднік Нэда — Джон Арэн — памёр пры загадкавых абставінах. Таксама Роберт абяцае заручыць свайго сына Джофры з Сансай Старк, старэйшай дачкой Нэда. У дзень палявання сын Нэда Бран залазіць на старую вежу і становіцца выпадковым сведкам інцэсту каралевы Серсеі і яе брата Джэймэ Ланістэра, за што апошні скідвае яго з вежы. Бран выжывае, але яго ногі скоўвае параліч. Пры гэтым хлопчык не памятае падзеі, якія папярэднічалі яго падзенню, таму лічыцца, што Бран зваліўся з вежы выпадкова.
Эдард Старк прымае прапанову Роберта і, забраўшы дочак, адпраўляецца ў сталіцу Вестэраса — Каралеўскую Гавань. Яго жонка Кейтылін застаецца з сынамі — Бранам, які ляжыць без свядомасці, Рыканам і Робам. Апошні на час ад'езду бацькі становіцца намеснікам Вінтэрфела. Джон Сноу адпраўляецца на поўнач, на Сцяну, каб стаць, як і брат Нэда Старка Бенджэн, братам Начнога Дазору, пра што ён даўно марыў. На Брана здзяйсняецца замах, аднак лютавоўк ратуе і яго, і Кейтылін. Ачуўшыся, Бран дае яму імя Лета. У сваіх снах ён бачыў сэрца Белай Пустэчы, размешчанай далёка на Поўначы, і набліжэнне зімы. Кінжал забойцы быў з валірыйскай сталі, таму Кейтылін адпраўляецца ў Гавань, каб даведацца, каму ён належаў. Петыр Бейліш, вядомы як Мезенец, яе даўні кавалер, паведамляе, што гэта рэч Тырыяна Ланістэра, брата каралевы. Заручыўшыся падтрымкай рыцараў з саюзных дамоў, Кейтылін бярэ карліка ў палон і адвозіць яго да Лізы Арэн, сваёй сястры, у Арлінае Гняздо — горную крэпасць Усходу. Тырыян адмаўляе абвінавачванне ў спробе забойства Брана і патрабуе суду паядынкам. Яго гонар абараняе найміт Брон, які спрытам перамагае непаваротлівага рыцара ў цяжкіх латах. Тырыяна і Брона няхочучы адпускаюць, і яны пакідаюць Гняздо.
300px|thumb|left|Джэймэ Ланістэр забівае Эйрыса — праца Майкла Камарка, аднаго з найбольш паважаных Марцінам ілюстратараў
Прыбыўшы ў Каралеўскую Гавань, Нэд Старк трапляе ў гушчу прыдворных змоў і інтрыг. Паступова Нэд высвятляе, што прынц Джофры, прынцэса Мірцэла і прынц Томен народжаны каралевай Серсеяй не ад мужа, а ад уласнага брата Джэймэ. Законных спадчыннікаў у Роберта няма, бо ўсе яго дзеці народжаны па-за шлюбам. Падчас тайнай гутаркі з Серсеяй Нэд гаворыць, што ведае пра яе сувязі з Джэймэ, і прапануе ёй бегчы разам з дзецьмі. Замест гэтага яна падгаворвае свайго кузена Ланселя, збраяносца Роберта, напаіць яго падчас палявання на вепрука. Лорд Тайвін Ланістэр, бацька Серсеі і Джэймэ, тайным загадам пасылае Грыгара Клігана з войскамі рабаваць Рачныя землі з мэтай выбавіць Старка і ўзяць яго ў палон для абмену на Тырыяна. У адказ на скаргі рачных лордаў Нэд завочна прыгаворвае Грыгара Клігана да смерці і пасылае атрад на чале з Берыкам Дандарыянам для выканання прысуду.
У выніку падкопаў Серсеі Роберт атрымлівае смяротнае раненне ў сутычцы з вепруком. Нэд не паспявае паведаміць яму вынікі свайго расследавання. Кароль падпісвае завяшчанне, у якім прызначае Джофры спадчыннікам, а Эдарда — лордам-пратэктарам, пасля чаго памірае. Рэнлі Баратэан, малодшы брат караля, прапануе ўначы здзейсніць пераварот і ўзяць у палон дзяцей Роберта, але Эдард адпрэчвае гэту ідэю. У троннай зале Серсея рве завяшчанне і абвяшчае Джофры каралём, сябе — яго рэгенткай, а Эдарда Старка — здраднікам. Варта горада Залатыя плашчы разам з людзьмі Ланістэраў забіваюць людзей Старка і арганізоўваюць разню ў вежы Правіцы. Нэда кідаюць у вязніцу, а Сансу бяруць пад хатні арышт. Ар'і, малодшай дачцэ Нэда, удаецца збегчы з замка і схавацца ў горадзе. Джофры вянчаюць як караля Вестэраса. Нэд згаджаецца далучыцца да братоў Начнога Дазору ў абмен на бяспеку Сансы, але Джофры загадвае адсекчы яму галаву. Сір Ілін Пейн выконвае прысуд на ступенях Вялікай Септы Бейлара. Ар'я назірае за гэтым, але вярбоўнік Начнога Дазору Ёрэн забірае яе і абяцае вярнуць дамоў.
Даведаўшыся пра разню ў Каралеўскай Гавані і пра тое, што намячаецца грамадзянская вайна за прастол, старэйшы сын Эдарда Роб Старк збірае войска і ідзе на поўдзень. Намеснікам Вінтэрфела прызначаюць Брана, а яго рэгентамі — мейстара Лювіна і сіра Родрыка Каселя. Незаконны арышт Тырыяна абвастрае адносіны ў дзяржаве — паміж Ланістэрамі з аднаго боку і Старкамі і Талі з іншага. У Рыверане і Уцёсе Кастэрлі пачынаюць збірацца войскі. Для вядзення ваенных дзеянняў Роб згаджаецца на саюз з домам Фрэяў. Ён атрымлівае перамогу ў бітве ў Шапталым Лесе над войскамі Джэймэ Ланістэра і берэ таго ў палон, а пазней здымае аблогу з Рыверана, крэпасці Талі. Пасля таго, як Роб адмаўляецца ад саюза з братамі Роберта, Рэнлі і Станісам, кожны з якіх мае свае прэтэнзіі на прастол, лорды Поўначы і Трызубца абвяшчаюць яго Каралём Поўначы.
Сцяна На паўночнай мяжы каралеўства размяшчаецца Сцяна — велізарны бар'ер з лёду і каменя сямісот футаў вышынёй, на якім нясуць сваю службу браты Начнога Дазору. Яны пакляліся назаўжды аддаць сябе сваёй справе, адмовіцца ад тытулаў і роду, не мець жонак і дзяцей і да канца сваіх дзён абараняць Сцяну. Фактычна брацтва абараняе Сем Каралеўстваў ад паўночных плямёнаў адзічэлых, анархічнай супольнасці, якая жыве па ўласных законах у Зачараваным Лесе на поўнач ад Сцяны. У пралогу тры браты Начнога Дазору — сір Уэймар Ройс, Гарэд і Уіл — пераследваюць адзічэлых за Сцяной, але сутыкаюцца з Іншымі і двое з іх гінуць. Гарэд збягае і перасякае Сцяну, але яго ловяць і Эдард Старк карае смерцю за дэзерцірства.
Джон Сноу, бастард лорда Старка, прыбывае на Сцяну. Ён аб’ядноўвае навабранцаў супраць суровага настаўніка рукапашнага бою і абараняе баязлівага, але дабрадушнага Сэмвела Тарлі — навічка, якога незалюбілі іншыя браты за яго грузнасць. У Дазоры ёсць тры класы братоў — будаўнікі, якія чыняць Сцяну і замкі Дазору, сцюарды, які забяспечваюць жыццё Дазору, а таксама разведчыкі, якія выконваюць розныя заданні за Сцяной. Джон, дзякуючы сваім баявым навыкам, разлічвае стаць разведчыкам, але яго прызначаюць у сцюарды лорда-камандуючага Начным Дазорам Джыёра Морманта. Сэм, дзякуючы старанням Джона, становіцца сцюардам і памочнікам мейстара Эймана, які трымае бібліятэку і крумкачоў.