Хвароба Шагаса ці амерыканскі трыпанасамоз — трапічная паразітарная хвароба, якая выклікаецца прасцейшымі Trypanosoma cruzi. Найчасцей пераносіцца насякомымі пад назвай трыатамавыя клапы. Сімптомы змяняюцца на працягу хваробы. На першай стадыі хваробы сімптомы не прысутнічаюць ці нязначныя і могуць уключаць: ліхаманку, напуханне лімфатычных вузлоў, галаўны боль ці мясцовыя пухліны ў месцы ўкуса. Праз 8–12 тыдняў хворыя пераходзяць у хранічную фазу захворвання, у 60–70% далейшыя сімптомы не з’яўляюцца. У астатніх 30–40% людзей развіваюцца далейшыя сімптомы на працягу 10-30 гадоў пасля першаснага заражэння. Яны ўключаюць павелічэнне жалудачкаў сэрца ад 20 да 30%, што вядзе да сардэчнай недастатковасці. Таксама можа назірацца павелічэнне стрававода ці павелічэнне тоўстай кішкі у 10% хворых.
Крыніцы і дыягностыка T. cruzi звычайна распаўсюджваецца сярод людзей і іншых сысуноў праз крывасосных трыатамавых клапоў падсямейства Triatominae. Гэтыя насякомыя вядомыя пад шэрагам мясцовых назваў, у тым ліку: vinchuca у Аргенціне, Балівіі, Чылі і Парагваі, barbeiro (цырульнік) у Бразіліі, pito у Калумбііi, chinche у Цэнтральнай Амерыцы і chipo у Венесуэле. Хвароба таксама можа распаўсюджвацца праз пераліванне крыві, трансплантацыю органаў, спажыванне забруджанай паразітамі ежы і ад маці да плода. Ранняя дыягностыка хваробы праводзіцца шляхам знаходжання паразіта ў крыві з дапамогай мікраскопа. Хранічная хвароба дыягнастуецца шляхам пошуку антыцелаў для T. cruzi у крыві.
Прафілактыка і лячэнне Прафілактыка ў асноўным уключае знішчэнне трыатамавых клапоў і пазбяганне іх укусаў. Іншыя прафілактычныя меры ўключаюць скрынінг крыві для пераліванняў. Паводле дадзеных за 2013 г., вакцына яшчэ не распрацаваная. Інфекцыя на ранніх стадыях лечыцца з дапамогай прэпаратаў бензнідазол ці ніфуртымокс. Яны амаль заўсёды спрыяюць выздараўленню на ранняй стадыі, але чым больш працяглы час чалавек мае хваробу Шагаса, тым менш эфектыўныя прэпараты. У выпадку ўжывання для лячэння хранічнай хваробы лекі могуць адтэрмінаваць ці папярэдзіць з’яўленне сімптомаў апошняй стадыі. Бензнідазол і ніфуртымокс выклікаюць часовыя пабочныя эфекты максімум у 40% хворых,у тым ліку пашкоджанне скуры, нейратаксічнасць і раздражненне стрававальнай сістэмы.
Эпідэміялогія Па ацэнках, прыблізна ад 7 да 8 мільёнаў чалавек, у асноўным у Мексіцы, Цэнтральнай Амерыцы і Паўднёвай Амерыцы маюць хваробу Шагаса. Яна выклікае прыблізна 12 500 смерцяў у год, згодна з дадзенымі на 2006 г. Большасць хворых бедныя, і не ўсведамляюць, што інфікаваныя. З-за шырокамаштабнага перасялення насельніцтва павялічваюцца тэрыторыі знаходжання хваробы Шагаса, цяпер яны ўключаюць многія краіны Еўропы і ЗША. Гэтыя тэрыторыі таксама павялічваліся да 2014 г. Гэтая хвароба была ўпершыню апісаная ў 1909 г. Карлусам Шагасам, у гонар якога яна названая. Яна ўплывае больш чымсьці на 150 жывёл.
Бібліяграфія