Во́йстам (, ) — аграгарадок у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці, на правым беразе ракі Нарачанка. Уваходзіць у склад Вішнеўскага сельсавета.
Да 2016 года Войстам быў цэнтрам Войстамскага сельсаветаРЕШЕНИЕ ГРОДНЕНСКОГО ОБЛАСТНОГО СОВЕТА ДЕПУТАТОВ 31 мая 2016 г. № 143 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Сморгонского района Гродненской области. Насельніцтва 238 чал. (2004). Знаходзіцца за 20 км на паўночны ўсход ад Смаргоні.
Гісторыя Першы пісьмовы ўспамін пра Войстам (пад назвай Ушакова) датуецца 1460, калі Вайдыла і Ядалговічы заснавалі тут касцёл. Пачынаючы з XVI ст. паселішча згадваецца пад сучаснай назвай. У розныя часы Войстам знаходзіўся ў валоданні Зяновічаў, Радзівілаў, Пшаздзецкіх, Талвошавічаў, Буцвіловічаў, Рачыевічаў, Яновічаў, Зяновічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.
на карце Тамаша Макоўскага (1613) Войстам значыцца як мястэчка. Паводле прывілея караля і вялікага князя Міхала Вішнявецкага ад 1672 тут пачалі праводзіцца кірмашы. У XVIII ст. мясцовасць знаходзілася ў валоданні Храпавіцкіх, Бужынскіх.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Войстам апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Ашмянскага, з 1842 Свянцянскага павета Віленскай губерні. У пач. XIX ст. мястэчка перайшло да Пшаздзецкіх. У 1860 тут адкрылася земскае народнае вучылішча. Станам на 1886 — 17 двароў, касцёл, царква, валасная ўправа, пошта, вінная крама, праводзілася два рэгулярныя кірмашы. Да мястэчка належала каля 360 дзесяцінаў зямлі, побач існавалі аднайменныя фальварак, які належаў каталіцкай царкве, і ферма, уласнасць Шжамчужынга. На 1906 у земскай народнай вучылішча налічвалася 117 вучняў (з іх 18 дзяўчынак).
У 1920 Войстам апынуўся ў Сярэдняй Літве, з 1922 — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Свянцянскім павеце Віленскага ваяводства.
У 1939 Войстам увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 стаў цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1970 тут было 112 двароў, на 1992 — 118 двароў, на 1 студзеня 2004 — 106 двароў.
Насельніцтва XIX стагоддзе: 1886 — 189 чал. у мястэчку Войстам, 7 чал. у фальварку Войстам і 8 чал. на ферме Войстам XX стагоддзе: 1970 — 306 чал.; 1992 — 346 чал. XXI стагоддзе: 1 студзеня 2004 — 238 чал.
Інфраструктура У вёсцы працуюць сярэдняя школа, бальніца сястрынскага дагляду, медыцынская амбулаторыя, бібліятэка, сельскі дом культуры, пошта.
Эканоміка Сялянска-фермерская гаспадарка «Войстам». Працуюць 2 крамы, аддзяленне АСБ «Беларусбанк».
Транспарт Мае рэгулярнае аўтобуснае злучэнне са Смаргонню. За некалькі кіламетраў ад Войстама праходзіць рэспубліканская аўтамабільная дарога .
Турыстычная інфармацыя
Дзейнічае краязнаўчы музей Войстамскай сярэдняй школы — экспазіцыі прысвячаюцца гісторыі вёскі, перыяду Другой сусветнай вайны.
Славутасці Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — пабудаваны ў 1927—1939 гадах з цэглы і бутавага камення. Уяўляе сабой выцягнутае прамавугольнае ў плане збудаванне, накрытае двухсхільным бляшаным дахам вальмай над алтарнай часткай. Галоўны фасад завяршае двух'ярусная шатровая вежа. Унутраны аб'ём пакрывае цыліндрычнае скляпенне. Алтарная частка і хоры адкрываюцца шырокімі аркамі. Помнік архітэктуры стылю мадэрн. Старыя каталіцкія могілкі. На могілках пахаваны Ігнат Ходзька — пісьменнік, мемуарыст, грамадскі дзеяч XIX ст. Капліца прыдарожная канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Помнік ахвярам Другой сусветнай вайны (па загінулым 34 землякам, усталяваны ў 1967 г.). Гарадзішча жалезнага веку VI—VIII ст. н. э. (за 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, каля дарогі на Смаргонь) — пляцоўка дыяметрам 50 метраў на ўзгорку вышынёй 5—6 метраў. Даследавалася Ф. Пакроўскім, У. Галубовічам і Г. Штыхавым. Культурны пласт 1,3 метры, знойдзена ляпная кераміка VII ст. да н.э. і гладкасценная VI—VIII ст. н. э. (банцараўскай культуры). Вакол гарадзішча — селішча таго ж перыяду, плошча каля 3 гектараў. Войстамскі валун — геалагічны помнік прыроды мясцовага значэння.
Вядомыя асобы Генадзь Пашкоў — беларускі паэт, перакладчык, публіцыст. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1977). З 1996 года галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя». Скончыў Войстамскую сярэднюю школу.
Літаратура
Спасылкі
Войстам на сайце Radzima.org Войстам на сайце Globustut.by
Катэгорыя:Вішнеўскі сельсавет (Смаргонскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Смаргонскага раёна
Катэгорыя:Бужынскія Катэгорыя:Мястэчкі Віленскага ваяводства