Рэспубліка Беларусь — краіна ва Усходняй Еўропе. Плошча складае 207,6 тыс. км².

Адміністрацыйнымі адзінкамі Беларусі з’яўляюцца вобласці. Краіна падзяляецца на шэсць абласцей: Брэсцкую, Віцебскую, Гомельскую, Гродзенскую, Магілёўскую і Мінскую. Таксама вылучаецца ў якасці асобнай адміністрацыйнай адзінкі горад Мінск.

Вобласці, у сваю чаргу, падзяляюцца на раёны. Усяго ў Беларусі налічваецца 118 раёнаў.

Геаграфічнае становішча

Беларусь мяжуе з Расіяй, Латвіяй на поўначы, Літвою на паўночным захадзе, Польшчай на захадзе, Украінай на поўдні; непасрэднага выхаду да мора не мае.

Фізіка-геаграфічнае становішча Рэспублікі Беларусь абумоўлена яе знаходжаннем ва ўмераных шыротах Усходняга паўшар’я, на прасторы Усходне-Еўрапейскай раўніны. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, у басейнах верхняга цячэння Дняпра і Нёмана, сярэдняга цячэння Заходняй Дзвіны і Заходняга Буга, сярэдняга і ніжняга цячэння Прыпяці. Амаль напалову краіну дзеліць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. На басейн Балтыйскага мора прыпадае 42 % тэрыторыі, а на басейн Чорнага мора — 58 % тэрыторыі краіны. На гэты конт яшчэ ў пачатку XX ст. беларускі географ А. Смоліч пісаў: «Беларускі народ шчыльнаю масаю засяляе вялікі прастор Зямлі ў самай геаметрычнай сярэдзіне Еўропы, на вялікай Еўрапейскай раўніне, паміж Балтыйскім і Чорным морамі».

У 2000 годзе беларускія навукоўцы і супрацоўнікі РУП «Белкосмааэрагеадэзія» абнародавалі разлікі, паводле якіх геаграфічны цэнтр Еўропы размешчаны ў Віцебскай вобласці, паблізу возера Шо, умоўны пункт — ля берага возера Івесь у аднайменным пасёлку. Для разлікаў выкарыстоўвалася адмыслова распрацаваная камп’ютарная праграма. Еўропу ўзялі за адзінае цэлае, уключыўшы акваторыі Белага і Балтыйскага мораў, Вялікабрытанію, Ірландыю і іншыя астраўныя землі. Атрыманую ў выніку прастору пакрылі інтэгральнай сеткай і па ёй вылічылі цэнтральны пункт. У 2008 г. сталі вядомыя паўторныя разлікі, паводле іх цэнтр Еўропы знаходзіцца на 55º30´ пн.ш. і 28º48´ у.д. ў горадзе Полацку. Памятны знак «Геаграфічны цэнтр Еўропы» адкрыўся ў Полацку 31 мая 2008.

Паводле разлікаў спецыялістаў аб’яднання «Белгеадэзія», зробленых у 1996 годзе, геаграфічны цэнтр Беларусі размешчаны за 70 км на паўднёвы ўсход ад Мінска, каля вёскі Антонава Навасёлкаўскага сельсавета Пухавіцкага раёна.

+Крайнія пункты БеларусіКірунак Бліжэйшыя геаграф. аб’екты Геаграф. каардынаты Поўнач возера Асвейскае 56˚10′ пн.ш. Поўдзеньгарадскі пасёлак Камарын 51˚16′ пн.ш. Захадгорад Высокае23˚11′ у.д. Усходгарадскі пасёлак Хоцімск 53°23'34" пн.ш. 32˚46'43" у.д.

Крайні паўночны пункт Беларусі знаходзіцца на мяжы з Латвіяй і Расійскай Федэрацыей, паблізу ў 1959 годзе насыпаны «Курган Дружбы». Ля крайняга ўсходняга пункта паблізу в. Ліпаўка (Хоцімскі раён) у 2024 годзе адкрыты інфармацыйны знак-помнік.

На поўнач ад дзяржаўнай мяжы змешана-лясныя ландшафты змяняюцца таёжнымі. Дзяржаўная мяжа з Расіяй праходзіць па ўзвышшах і нізінах. Яе перасякаюць рэкі Заходняя Дзвіна, Дняпро, Сож і інш.. На поўдні Беларусь мяжуе з Украінай, на некаторым працягу мяжа ідзе па Дняпры, а затым па Палескай нізіне, перасякаецца шматлікімі прытокамі Прыпяці, што цякуць з поўдня. На поўдзень ад дзяржаўнай мяжы лясная зона змяняецца лесастэпам. На захадзе Беларусь мяжуе з Польшчай. Вялікі ўчастак мяжы (150 км) праходзіць па р. Заходні Буг, затым мяжа ідзе праз Белавежскую пушчу, па р. Свіслач, паблізу ад беларуска-польскай мяжы праходзіць водападзел Нёмана і Віслы. На мяжы Беларусі, Польшчы і Літвы раскінуліся Аўгустоўская і Гродзенская пушчы. На паўночным захадзе Беларусь мяжуе з Літвой і Латвіяй. Урэз р. Нёман на мяжы з Літвою — самы нізкі пункт Беларусі. Дзяржаўная мяжа праходзіць па рэках Дзісна і Заходняя Дзвіна, азёрах Дрысвяты і Рычы.

Тым не менш, межы краіны не ўтвараюцца ярка выяўленымі або цяжкадаступнымі прыроднымі рубяжамі; яны праходзяць па раўнінах і ўзвышшах, гэта спрыяе свабоднай цыркуляцыі паветраных мас праз тэрыторыю Беларусі, фарміраванню транзітнага рачнога сцёку, міграцыям жывых арганізмаў. У шматлікіх месцах дзяржаўная мяжа Беларусі перасечана транспартнымі магістралямі.

Асаблівасці эканоміка-геаграфічнага становішча (ЭГС) Беларусі абумоўлены яе размяшченнем у цэнтры Еўропы. Праз тэрыторыю Беларусі праходзяць самыя кароткія транспартныя шляхі з Расіі ў краіны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а таксама з басейна Балтыйскага мора да Чорнага. Праз тэрыторыю Беларусі праходзяць важныя транспартныя магістралі, у тым ліку чыгунка, якая перасякае ўсю Еўразію ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. Такое размяшчэнне спрыяе развіццю гандлёвых сувязей Беларусі з рознымі краінамі, яе інтэграцыі ў супольнасць еўрапейскіх дзяржаў. ЭГС Беларусі спрыяе развіццю ў яе межах камунікацый для забеспячэння сувязей паміж рознымі краінамі, міжнароднага турызму.

Аднак на працягу гісторыі размяшчэнне Беларусі ў цэнтры Еўропы не раз прыводзіла да таго, што на яе тэрыторыі сутыкаліся інтарэсы вялікіх дзяржаў. Абедзве сусветнай вайны пракаціліся праз тэрыторыю Беларусі. У цяперашні час такое палітыка-геаграфічнае становішча патрабуе ад Беларусі правядзення збалансаванай, шматвектарнай знешняй палітыкі.

Прырода

Геалагічная будова і карысныя выкапні

У геалагічным сэнсе Беларусь размешчана на захадзе Усходне-Еўрапейскай платформы. Старажытны крышталічны падмурак складзены з магматычных і метамарфічных парод, залягае на глыбіні да 5-6 км (Прыпяцкі прагін), каля в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна выходзіць на паверхню. Платформавы чахол складзены пераважна з асадкавых горных парод, укрывае практычна ўсю тэрыторыю Беларусі.

На Беларусі выяўлена і разведана больш за 5 тыс. радовішчаў і пакладаў карысных выкапняў. Сярод іх: нафта і спадарожны газ, каменная і калійныя солі, буры вугаль, гаручыя сланцы, даламіты, торф, мергелі, сапрапелі, гліны, будаўнічыя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы і абліцовачны камень, жалезныя руды і інш.

Рэльеф

Беларусь знаходзіцца на Усходне-Еўрапейскай раўніне. У яе межах вылучаюцца ўзвышшы (абсалютная вышыня больш 200 м), раўніны (150—200 м) і нізіны (да 150 м). Найбольш прыпаднятая цэнтральная частка Беларусі — Беларуская града. Тут размешчана Мінскае ўзвышша, на якім знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — гара Дзяржынская (345 м); вышыню больш за 300 м маюць яшчэ шэраг пунктаў — горы Лысая, Маяк і інш. Трохі саступаюць Мінскаму ўзвышшу па абсалютных вышынях Навагрудскае (г. Замкавая — 323 м), Ашмянскае, Віцебскае ўзвышшы. Найбуйнейшыя нізіны на тэрыторыі Беларусі: Палеская, Верхнянёманская, Полацкая, Нарачана-Вілейская. Самы нізкі пункт — урэз ракі Нёман на мяжы з Літвой, да 90 м над узроўнем мора.

Асаблівасці рэльефу Беларусі цесна звязаныя з геалагічнай будовай тэрыторыі. Да прыпаднятых участкаў крышталічнага падмурка прымеркаваныя ўзвышшы. Тэрыторыі з глыбокім заляганнем крышталічнага падмурка звычайна занятыя нізінамі.

Вырашальным жа фактарам фарміравання рэльефу Беларусі сталі ледавікі. На працягу апошніх 500—600 тыс. гадоў тэрыторыя Беларусі выпрабавала не менш 5 зледзяненняў. Ледавікі насоўваліся на тэрыторыю Беларусі, галоўным чынам, са Скандынавіі. Найбольш працяглым было Дняпроўскае зледзяненне, якое пакрывала ўсю тэрыторыю Беларусі. Апошняе зледзяненне — Паазерскае; ледавік, які пакінуў тэрыторыю Беларусі каля 10 тыс. гадоў назад, займаў толькі поўнач Беларусі.

Ледавіковыя адклады, транспартаваныя ледавіком, называюць марэнай. Марэнныя адклады на Беларусі складаюцца з пяску і гліны, жвіру, галькі, валуноў. Старажытныя ледавікі сфарміравалі марэнныя ўзгоркі, узвышшы, грады і раўніны. Найбольш характэрныя марэнныя формы рэльефу для Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі (Беларуская града, Віцебская ўзвышша, Браслаўская града і інш.). Патокамі адталых ледавіковых вод створаныя водна-ледавіковыя (флювіягляцыяльныя) раўніны і нізіны (Цэнтральнабярэзінская раўніна і інш.). Іх паверхня складзеная пераважна пясчанымі адкладамі, плоская і слабахвалістая, часта забалочаная. Пасля раставання ледавіка ўзнікалі буйныя прыледавіковыя азёры. Пазней яны былі спушчаны па рэках. Цяпер на іх месцы — азёрна-ледавіковыя нізіны (Полацкая і інш.).

Яшчэ адным фактарам фарміравання сучаснага рэльефу Беларусі была дзейнасць рэк, якія сфарміравалі рачныя даліны. Буйныя рэкі маюць даліны шырынёй у некалькі кіламетраў. Найбольшай шырынёй адрозніваюцца даліны рэк на Палессі, так шырыня даліны Прыпяці дасягае 75 км.

Сучасны рэльеф змяняецца пад дзеяннем не толькі прыродных, але і антрапагенных фактараў. У месцах здабычы карысных выкапняў узнікаюць кар’еры, а з адвалаў пустой пароды ўтворацца тэрыконы (напр., адыходы калійнай вытворчасці каля Салігорска).

Палессе, тып мясцовасці

Клімат

Беларусь знаходзіцца ў зоне ўмерана-кантынентальнага клімату.

Клімат Беларусі фарміруецца пад дзеяннем фактараў, якія ўплываюць на клімат усёй Усходне-Еўрапейскай раўніны. Галоўныя з іх — геаграфічнае становішча (у першую чаргу — геаграфічная шырата) і рэльеф. Асаблівасці клімату Беларусі тлумачацца яе размяшчэннем ва ўмераных шыротах, параўнальнай блізкасцю да Атлантычнага акіяна, адсутнасцю прыродных бар’ераў на шляху паветраных мас: марскіх — з захаду і кантынентальных — з усходу і паўднёвага ўсходу.

Самы цёплы месяц года ліпень, самы халодны, найчасцей, студзень. Так, у Мінску сярэдняя тэмпература студзеня складае −6,9 ºС, а ў ліпені яна дасягае 17,8 ºС. Сярэдняя тэмпература змяняецца ў залежнасці ад рэгіёнаў Беларусі. У ліпені сярэдняя тэмпература складае ад 17 °C на поўначы да 18,5 °C на поўдні. Сярэдняя тэмпература ў студзені вагаецца ад −4,5 °C на паўднёвым захадзе да −8 °C на паўночным усходзе. У некаторых рэгіёнах тэмпература, ніжэйшая за нуль, захоўваецца больш як трэць года.

На тэрыторыі Беларусі ў сярэднім за год выпадае 600—700 мм ападкаў. 70 % ападкаў у выглядзе дажджу выпадае ў красавіку-кастрычніку. Колькасць снежных дзён у Беларусі ад 75 на паўднёвым захадзе да 125 на паўночным усходзе. Максімальная вышыня снежнага покрыва адпаведна ад 15 да 30 см.

На Беларусі пераважаюць заходнія вятры. З захаду на ўсход павялічваецца кантынентальнасць клімату. + Сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі ў студзеніКлімат // Беларуская энцыклапедыя. — Т. 18, ч. 2: Беларусь. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 41. Сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі ў ліпені Сярэдняя колькасць ападкаў у Беларусі ў студзені (у міліметрах)Клімат // Беларуская энцыклапедыя. — Т. 18, ч. 2: Беларусь. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 43. Сярэдняя колькасць ападкаў у Беларусі ў ліпені (у міліметрах)

Унутраныя воды

На Беларусі больш за 20 тыс. рэк. Самыя працяглыя і мнагаводныя рэкі Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман, Прыпяць.

Беларусь часта называюць «сінявокай» з-за вялікай колькасці азёр: іх у Беларусі налічваецца каля 11 тыс. Агульная іх плошча каля 2 тыс. км², агульны аб’ём вады каля 6 км³. Азёр плошчай больш за 10 км² налічваецца 20. Самае вялікае па плошчы возера Нарач (79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае возера (глыбіня 53,7 м). Да найбольшых належаць азёры Асвейскае (52,8 км²), Чырвонае (40,8 км²), Лукомскае (37,7 км²), Дрывяты (36,1 км²) і інш. Найбольш азёр на поўначы краіны — у Беларускім Паазер’і і на поўдні — у Беларускім Палессі. У асобных раёнах (Браслаўскі, Ушацкі) пад азёрамі да 10 % тэрыторыі. Многія азёры ўтвараюць групы, у іх ліку Ушацкая група азёр, якая ўключае каля 40 азёр, сістэма Браслаўскіх азёр (больш за 50) і інш. Катлавіны азёр найчасцей ледавіковага (пераважна на поўначы), рачнога, карставага паходжання. Азёры паўночнай часткі краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі.

Сярод штучных азёр найбольшае Вілейскае вадасховішча.

Тэрыторыя краіны багатая на балоты. Найбольш багаты балотамі рэгіён — Палессе.

Глебы