Асве́йскае во́зера, Асвея — возера на поўначы Беларусі, другое паводле плошчы сярод беларускіх азёр. Знаходзіцца ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Дрыса.

Назва Назва Асвея звязаная са старалітоўскім ašva, прускім *asva «кабыла», далей да індаеўрапейскага кораня *ek'ṷo-s «конь»J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 301—302..

Прамы гідранімічны адпаведнік — назва возера Asvejà на Аўкштайцкім Паазер’і, далей латышская Asva, літоўскія Ašva, Ašvija, Ašvinė, пруск. Asswene (усё рэкі)A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 49..

Гідраграфія Плошча возера 52,8 км², глыбіня да 7,5 м, даўжыня 11,4 км, шырыня да 7,8 км.

Катлавіна падпруднага тыпу, авальнай формы, выцягнутая з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Мелкаводнае, водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, сярэдняя глыбіня не перавышае 2 метраў. У заходняй частцы возера знаходзіцца востраў Манастыршчына плошчай каля 5 км² — самы вялікі востраў на Беларусі.

Даўжыня берагавой лініі 33,4 км. Берагі возера нізкія, тарфяністыя або пясчаныя. Вадазбор — градава-хвалістыя ўзвышшы ледавіковага паходжання з чаргаваннем раўнінных паніжэнняў.

Упадае рака Выдрынка і больш за 40 ручаёў. Сцёк адбываецца праз канал Дзегцяроўка.

Для возера характэрна ўстойлівая летняя і зімовая межань і павышаны ўзровень вады ўвосень.

Каля 80 % плошы дна возера ўкрыта гліністымі іламі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўночна-ўсодніх берагоў дно выслана заіленым пяском. Сапрапель высцілае 65 % плошчы азёрнай чашы, сярэдняя магутнасць адкладаў 3 м, найбольшая 7,5 м.

Экалогія Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Кіслародная насычанасць добрая ўвесь год. Празрыстасць вады дасягае 2,3 м.

Возера адносіцца да эўтрофнага тыпу. Прыток вады ў вадаём адбываецца, галоўным чынам, за кошт ападкаў. Апошнія 20 гадоў возера інтэнсіўна зарастае надводнай расліннасцю і паступова страчвае сваё значэнне ў якасці рыбапрамысловага вадаёма і месца гнездавання вадаплаўных птушак. Найбольш верагодная прычына такіх змяненняў — зніжэнне ўзроўню вады. Для пад’ёму і стабілізацыі ўзроўню вады ў возеры, у 1951 годзе на канале Дзегцяроўка было ўзведзена гідратэхнічнае збудаванне са шлюзам-рэгулятарам, загараджальнай дамбай і водападводзячым каналам. Аднак цяпер дамба знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным стане. Другой меркаванай прычынай зніжэння ўзроўню вады могуць быць вынікі торфараспрацовак, якія праводзіліся недалёка ад возера.

Возера Асвейскае — буйнейшае ў рэгіёне Паазер’я месца размнажэння і паслягнездавой канцэнтрацыі некаторых паляўнічых відаў вадаплаўных птушак: качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos), нырка-сівака (Aythya ferina) і лыскі (Fulica atra). Акрамя таго, возера і навакольныя тэрыторыі з’яўляюцца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у перыяд міграцый вясной і восенню.

Водзяцца лешч, шчупак, язь, карась, мянтуз, сазан; ёсць вугор. У трысняговых зарасніках сустракаюцца андатра і бабёр.

Возера выкарыстоўваецца ў рыбнай гаспадарцы, у рэкрэацыйных мэтах. З’яўляецца ядром Асвейскага ландшафтнага заказніка. На беразе Асвейскага возера знаходзіцца паляўніча-рыбалоўная база Верхнядзвінскай ЛПГ.

На беразе возера размясціўся гарадскі пасёлак Асвея, пасёлак Чапаеўскі і вёскі Вялікае Сяло, Асвеіца, Канчаны і іншыя.

Крыніцы

Літаратура

Край Асвейскіх азёр = Край Освейских озер / А. Ф. Бубала, В. І. Рудой; фота А. Ф. Бубала, А. У. Маладзечкін, В. Л. Салаўёў. — Наваполацк, 2007. — 44 с.

Ліст карты O-35-141. Выданне 1978 года.

Катэгорыя:Азёры Віцебскай вобласці Катэгорыя:Азёры Верхнядзвінскага раёна Катэгорыя:Басейн Дрысы