Жу́каўка (, ) — вёска ў паўночнай частцы Мінскага раёна на мяжы з Лагойскім раёнам Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Юзуфоўскага сельсавета.
Геаграфія Жукаўка размешчана на паўночным схіле Мінскага ўзвышша на скрыжаванні аўтадарогі Мінск — Калачы — Мядзел з аўтадарогай Юзуфова — Лысая Гара — Жукаўка. Каля вёскі цячэ рака Лукавая.
Гісторыя
У Расійскай імперыі Жукаўка ўваходзіла ў склад Беларуцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні.
З лютага па снежань 1918 года акупаваная войскамі кайзераўскай Германіі, са жніўня 1919 года па ліпень 1920 года — войскамі Польшчы. З 1919 года ў складзе БССР.
Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года непадалёку ад вёскі праходзіла мяжа з Заходняй Беларуссю.
Рашэннем Народнага камісара па ваенных і марскіх справах СССР К. Я. Варашылава ад 11 красавіка 1932 года была зацверджана паласа Мінскага раёна абароны ў наступным выглядзе: абвод умацаванага раёна па лініі Акалова — Плешчаніцы — Жукаўка — Заслаўе — Койданава — Станькава. У 1934—38 гадах у ваколіцах Жукаўкі пабудаваны шэраг доўгатэрміновых агнявых кропак батальённага раёна абароны «IV» Мінскага ўмацаванага раёна, які ўваходзіў у Лінію Сталіна. Сярод гэтых доўгатэрміновых агнявых кропак каля Жукаўкі размешчаны адзіны кулямётны капанір у Мінскім умацаваным раёне.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны з пачатку ліпеня 1941 года па пачатак ліпеня 1944 года вёска была акупаваная.
Славутасці
У вёсцы знаходзіцца драўляная Свята-Петра-Паўлаўская царква пабудаваная ў 1994 годзе. Каля царквы — драўляная брама-званіца. Крыху воддаль на рацэ знаходзіцца капліца-купель.
На паўднева-усходняй ускраіне вёскі знаходзяцца могілкі з капліцай свяціцеля Мікалая Цудатворца. На могілках пахаваны жыхары вёскі Жукаўка і навакольных вёсак, у тым ліку загінулыя падчас Вялікай Айчыннай вайны. Самыя старыя пахаванні, якія захаваліся, адносяцца да канца XIX стагоддзя.
Спасылкі
Катэгорыя:Юзуфоўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Мінскага раёна