Прошча — месца (локус), ва ўяўленнях вернікаў, надзеленае незвычайнымі надпрыроднымі (сакральнымі) сіламі і ўласцівасцямі. Агульная рыса месцаў гэтага тыпу — устойлівы характар рытуальных дзеянняў (ахвярапрынашэнні, абраканні), арганізаванасць сакральнай прасторы (крыжы, агароджы, капліцы), прымеркаванасць шанавання да пэўных свят каляндарнага колаУладзімір Лобач Аб’екты сакральнай тапаграфіі як элементы НКС // Ідэнтыфікацыя і інвентарызацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны : Практычнае кіраўніцтва / А. Сташкевіч [і інш.]. — Мінск : Інстытут культуры Беларусі, 2013. — 164 с. : іл. ISBN 978-985-7045-13-6. — С. 94-109..

Паняцце прошча ў навуковы ўжытак увёў Мікалай Янчук у канцы XIX ст. У «Слоўніку беларускай мовы» Івана Насовіча (XIX ст.) прошча тлумачыцца як «асвечанае месца пры крыніцы з пастаўленым пры ім распяццем ці капліцай з іконай, да якіх на свята рабілі крыжовы ход». Прошчамі называлі таксама маленні пра дараванне грахоў з ахвярапрынашэннямі ў месцах, якія лічылі святымі або цудатворнымі (для параўнання — «багамолле»).

Вера ў прошчы генетычна звязана з культам прыроды. Некаторыя прошчы ўзніклі з паганскіх свяцілішчаў. Аднак этнографы фіксавалі ўзнікненне прошч і ў XIX—XX стст., калі з пэўным месцам звязвалі падзею, якую лічылі цудам (напрыклад, хуткае збаўленне хваробы, з’яўленне Божай Маці чалавеку). Прошчам пакланяліся, іх наведвалі, каб пазбавіцца хвароб, рабілі ахвярапрынашэнні (аброчныя тканіны, кветкі, ежа, грошы і іншае). Значную частку прошч прызнавала хрысціянскае духавенства і апекавала іх. Каля такіх прошч нярэдка будавалі капліцы, цэрквы, касцёлы, у дні рэлігійных святаў наладжвалі крыжовыя хады і богаслужэнні. Часта рытуальным цэнтрам прошчы лічылі камень з не зразумелымі надпісамі, камень-следавік, паглыбленне на якім нагадвалі формай чалавечую ступню, што лічылі следам Божай Маці, крыніца або калодзеж, вада з якіх, як лічылі, вылечвала ад пэўных хвароб (пераважна вачэй), некаторыя азёры (напрыклад, Свіцязь), узгоркі (пераважна найвышэйшыя на мясцовасці), адметныя дрэвы. Даволі часта як прошчай станавілася месца, дзе стаяў хрысціянскі храм, што і давала локусу святы статус.

Найбольш вядомыя прошчы — Сіняя крыніца (калодзеж) каля Слаўгарада, Святая крыніца ў Палыкавічах каля Магілёва (раней там быў i святы дуб), Святая горка каля Смілавічаў, нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля Горкі Дзятлаўскага, Святы (Дажбогаў) камень каля Крамянца Лагойскага, крыніца каля Крынічкі (Пупелічы) Барысаўскага, камень-следавік i крыніца каля Сянежыц Навагрудскага, Дзюравы камень каля Каптаруноў Пастаўскага, ліпа каля Капланцаў Бярэзінскага раёнаў і іншыя.

Прошчамі ў гаворках паўночна-заходняй Беларусі называюць таксама асвечаны хлеб.

Крыніцы

Літаратура

Уладзімір Лобач Аб’екты сакральнай тапаграфіі як элементы НКС // Ідэнтыфікацыя і інвентарызацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны : Практычнае кіраўніцтва / А. Сташкевіч [і інш.]. — Мінск : Інстытут культуры Беларусі, 2013. — 164 с. : іл. ISBN 978-985-7045-13-6. — С. 94-109.

Спасылкі

 — матэрыял з успамінамі і сучаснымі практыкамі

Катэгорыя:Святыя месцы