Брэсцкі кадэцкі корпус або Аляксандраўскі Брэсцкі кадэцкі корпус, з 1857 — Аляксандраўскі кадэцкі корпус — кадэцкі корпус, расійская сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова закрытага тыпу ў Брэсце для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей да вайсковай службы.
Гісторыя корпуса
Дзейнічаў у 1842—1863 гадах. Заснаваны на сродкі скарбу, а таксама памешчыкаў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Беластоцкай губерняў.
Найменне «Аляксандраўскі» — у імя будучага імператара Аляксандра II, які ў 1849—1855 гадах быў галоўным начальнікам (шэфам) кадэцкіх карпусоў Расіі. Размяшчаўся ў пераабсталяваным будынку бернардзінскага кляштара на Валынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці. Быў разлічаны на 400 навучэнцаў (кадэтаў). На вучобу прымаліся дзеці дваран, штаб- і обер-афіцэраў узростам 9,5—11,5 гадоў. Выкладаліся агульнаадукацыйныя прадметы за курс гімназіі (мовы, прыродазнаўчыя і грамадазнаўчыя навукі), страявая падрыхтоўка, верхавая язда, ружэйная стральба, фехтаванне, гімнастыка, плаванне, музыка і танцы. Выпускнікоў накіроўвалі пераважна ў юнкерскія вучылішчы.
У сувязі з пачаткам Крымскай вайны 1853—1856 гадоў і абвяшчэннем ваеннага становішча ў Брэсцкай крэпасці Брэсцкі кадэцкі корпус у 1854 годзе пераведзены ў Маскву, а ў 1860 годзе — у Вільню, дзе ў 1863 годзе скасаваны з рэформай ваенна-навучальных устаноў.
Многія з выхаванцаў корпуса пазней сталі дзеячамі рэвалюцыйнага руху ў Расіі, кіраўнікамі і ўдзельнікамі паўстання 1863—1864 гадоў у Беларусі, Літве і Польшчы, у тым ліку П. І. Адамовіч, Я. В. Дамброўскі, Я. Ф. Кульчыцкі, Б. В. Люгайла, І. А. Падбельскі, З. У. Падлеўскі, Б. С. Паўловіч, Я. А. Пыдзеўскі, М. В. Сакалоў, А. Г. Стаброўскі, П. Ф. Уладычанскі і іншыя.
У Брэсцкім кадэцкім корпусе навучаўся будучы беларускі мастак Апалінар Гараўскі і яго браты. У кадэцкім корпусе мастацкія здольнасці Апалінара заўважыў адзін з выхавальнікаў, палкоўнік Бенуа, заахвочваў маляваць і пазнаёміў з сваім братам вядомым архітэктарам Мікалаем Бенуа.
Дырэктары 1842—1852 — ; 12 мая 1852 — 9 чэрвеня 1852 — Мэйнандэр; 9 чэрвеня 1852 — 25 сакавіка 1854 — ; з вясны 1854 — ; 1859—1863 — .
Педагогі
Канстанцін Мацвеевіч Хадкевіч, Васіль Барысавіч Чысцякоў, Іван Ягоравіч Цюрын, Мікалай Пятровіч Лектарскі, Эрнест Лаўрэнцьевіч Жэрбе, Ілья Сцяпанавіч Едзінеўскі, Мікіта Аляксеевіч Гарызонтаў, Генрых Карлавіч Ланкенау, Карл Карлавіч Марэль, Роберт Іванавіч Джозефсан, Адам Іванавіч Казьмян і іншыя.
Крыніцы
Літаратура
Еленский Осип «Мои воспоминания о забытом корпусе» // Русская старина. — 1895. — Т.83. № 6. — С.143—169; Т.84. № 11. — С.185—203. Кадэцкі корпус // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 тамах / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]; Навуковыя кансультанты: Я. К. Анішчанка [і інш.]. Том 2: К — Я. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С.9.
Спасылкі
Брестский Александровский кадетский корпус // Сайт выпускников Минского СВУ Кадеты и кадетские корпуса российской империи
Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Брэста Катэгорыя:Кадэцкія карпусы Расійскай імперыі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1841 годзе