Чэмпіяна́т све́ту 2016 (, таксама вядомы як Betfred World Snooker Championship 2016 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 16 красавіка па 2 мая 2016 года ў тэатры Крусібл, у Шэфілдзе, Англія. Найпрэстыжнейшае і найбуйнейшае па рэйтынгавых ачках і прызавых грошах снукернае спаборніцтва, а таксама трэцяе спаборніцтва Трайной кароны ў сезоне 2015/2016. Турнір стаў 82-м розыгрышам чэмпіянату свету, які быў заснаваны ў 1927 годзе, і 40-м сусветным першынствам, якое праходзіла ў тэатры Крусібл. Кампанія Betfred у шосты раз і ў другі раз запар спансавала чэмпіянат свету. Прызавы фонд турніру склаў £1,500,100 (на £136,100 больш, чым у мінулым годзе), з якіх £330,000 атрымаў пераможца. Першы прыз турніру стаў рэкордным у гісторыі снукера.

Чэмпіянат уключаў у сябе тры кваліфікацыйныя раўнды, якія праходзілі на працягу васьмі гульнявых дзён з 6 па 13 красавіка 2016 года ў міжнародным спартыўным цэнтры «Ponds Forge» у Шэфілдзе і ў якіх гулялі 128 удзельнікаў. 16 пераможцаў апошняга кваліфікацыйнага раўнда патрапілі ў Крусібл, дзе да іх далучыліся 16 першых сеяных удзельнікаў, і, пачынаючы з 1/16 фіналу, яны ўсе гулялі на выбыванне. У першых трох раўндах турніру на арэне тэатру Крусібл выкарыстоўваліся два гульнявыя сталы, а ў паўфіналах і фінале — адзін.

Былыя чэмпіёны свету Стыў Дэвіс і Кен Доэрці, а таксама шасціразовы фіналіст Джымі Уайт і двухразовы фіналіст Мэцью Стывенс не здолелі прайсці кваліфікацыю да чэмпіянату. Шасціразовы чэмпіён Дэвіс, які правёў свой апошні прафесійны матч у першым кваліфікацыйным раўндзе супраць Фергала О'Браена (4:10), абвясціў аб завяршэнні сваёй 38-гадовай прафесійнай кар'еры на другі дзень чэмпіянату. Леташні чэмпіён Сцюарт Бінэм саступіў Алістэру Картэру ў першым раўндзе з лікам 9:10 і стаў 17-м снукерыстам з 1977 года, які выйграў першы чэмпіёнскі тытул і не змог абараніць яго ў наступным годзе. Леташні фіналіст Шон Мёрфі таксама пацярпеў паразу ў першым раўндзе ад Энтані Мак-Гіла (8:10). Такім чынам, гэты чэмпіянат стаў першым з 1980 года, калі дзеючыя чэмпіён і фіналіст вылецелі ў першым раўндзе.

Кайрэн Уілсан упершыню дайшоў да чвэрцьфінальнай стадыі чэмпіянату, што дазволіла яму ўпершыню патрапіць у топ-16 сусветнага рэйтынгу пасля чэмпіянату. 45-гадовы Алан Мак-Манус выйшаў у паўфінал чэмпіянату свету ўпершыню з 1993 года і ў паўфінал рэйтынгавага турніру ўпершыню з 2006 года, а таксама стаў самым узроставым паўфіналістам сусветнага першынства з 1985 года, калі да паўфіналу дайшоў 52-гадовы Рэй Рыярдан. Чэмпіянат свету 2016 года стаў першым у гісторыі, у паўфінале якога гулялі два прадстаўнікі Азіі, а таксама першым з 2005 года, калі да паўфіналу дайшлі два снукерысты з кваліфікацыі. У паўфінальным матчы паміж Дзінам Цзюньхуэем з Кітая, які вылецеў з топ-16 перад турнірам і ўпершыню з 2007 года гуляў у кваліфікацыі да сусветнага чэмпіянату, і Аланам Мак-Манусам снукерысты зрабілі 10 соценных брэйкаў, усталяваўшы новы рэкорд па колькасці сэнчуры ў прафесійным матчы. У сваю чаргу, Дзін, які аформіў 7 соценных брэйкаў, усталяваў новы рэкорд чэмпіянату свету і паўтарыў рэкорднае дасягненне Стывена Хендры, які выканаў 7 соценных серый у фінале чэмпіянату Вялікабрытаніі 1994 года. Апроч таго, ён перамог у матчы з лікам 17:11 і стаў першым азіятам у гісторыі, які дайшоў да фіналу чэмпіянату свету, а таксама першым удзельнікам кваліфікацыі з 2011 года, які дайшоў да фіналу. У другім паўфінальным матчы паміж Маркам Сэлбі і Маркам Фу з Ганконга, які дайшоў да паўфіналу ўпершыню з 2006 года, быў усталяваны новы рэкорд чэмпіянату па працягласці фрэйма — 76 хвілін і 11 секунд. Сэлбі перамог з лікам 17:15 і ў трэці раз выйшаў у фінал галоўнага снукернага турніру пасля паразы ў 2007 годзе і перамогі ў 2014 годзе. У чвэрцьфінальным матчы супраць Сэлбі Кайрэн Уілсан аформіў найвышэйшую серыю на турніры — 143 ачкі. У агульнай колькасці на чэмпіянаце свету было аформлена 86 соценных брэйкаў, што паўтарыла рэкордны вынік розыгрышу 2015 года. Дзін Цзюньхуэй, які аформіў 15 соценных брэйкаў, выканаў найбольшую колькасць соценных серый на чэмпіянаце з 2002 года, калі Стывен Хендры ўсталяваў рэкорд у 16 брэйкаў за 100 ачкоў.

Пераможцам турніру стаў Марк Сэлбі, які адразу захапіў ініцыятыву ў фінальным матчы супраць Дзіна, павёўшы з лікам 6:0, і скончыў першы гульнявы дзень з лікам 10:7, а на другі дзень давёў паядынак да перамогі з лікам 18:14, у другі раз перамогшы на найбуйнейшым снукерным спаборніцтве. Сэлбі перайграў на сваім шляху да тытула Роберта Мілкінса (10:6), Сэма Бэйрда (13:11), Кайрэна Уілсана ў чвэрцьфінале (13:8), Марку Фу ў паўфінальным матчы (17:15) і Дзіна Цзюньхуэя ў фінальным паядынку з лікам 18:14. Такім чынам, 32-гадовы лідар сусветнага рэйтынгу выйграў свой 18-ы прафесійны і сёмы рэйтынгавы тытул, а таксама шосты турнір Трайной кароны і другі турнір у 2016 годзе (пасля адкрытага чэмпіянату Гдыні). Сэлбі стаў 13-м снукерыстам у гісторыі, які выйграў чэмпіянат свету больш за адзін раз, і шостым снукерыстам, які зрабіў гэта ў тэатры Крусібл (з 1977 года). Апроч таго, гэтая перамога паспрыяла таму, што англічанін застаўся на першай пазіцыі ў рэйтынгу, скончыўшы пяты сезон запар у якасці снукернага лідара.

Турнір

Чэмпіянат свету 2016 года стаў 82-м чэмпіянатам свету па снукеры, які штогод праходзіў з 1927 года з перапынкамі з 1941 па 1945 гады і з 1958 па 1963 гады. Турнір з'яўляецца адным з трох турніраў Трайной снукернай кароны (разам з чэмпіянатам Вялікабрытаніі і Мастэрс), а таксама самым прэстыжным і самым высокааплатным з усіх снукерных спаборніцтваў. З самога заснавання чэмпіянат свету праходзіў у розных гарадах Англіі, а таксама на востраве Джэрсі (1957), у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (1965) і ў Аўстраліі (1971, 1975). З 1977 года сусветнае першынства праходзіць на арэне тэатру Крусібл у Шэфілдзе.

Чэмпіянат свету 2016 праходзіў пад эгідай сусветнай асацыяцыі прафесійнага більярда і снукера () і ўваходзіў у каляндар мэйн-тура, а таксама з'яўляўся дзясятым і апошнім рэйтынгавым турнірам снукернага сезона 2015/2016.

Матчы асноўнай стадыі турніру (31 паядынак) гуляліся на двух сталах арэны тэатру Крусібл, а кваліфікацыя спаборніцтва праходзіла ў міжнародным спартыўным цэнтры «Ponds Forge» у Шэфілдзе, Англія і скончылася за некалькі дзён да пачатку чэмпіянату свету.

Прызавыя грошы

Кампанія Betfred у шосты раз і ў другі раз запар спансіравала чэмпіянат свету па снукеры. Прызавы фонд турніру ўзрос у параўнанні з мінулым годам на £136,100 і склаў £1,500,100 (найвышэйшы прызавы фонд на чэмпіянаце свету з 2003 года). Таксама на £30,000 больш у параўнанні з чэмпіянатам свету 2015 атрымаў пераможца турніру — £330,000, якія сталі новым рэкордным першым прызам асобнага турніру ў гісторыі снукера.

Згодна з грашовай рэйтынгавай сістэмай, якая прыняла статус афіцыйнай з сезона 2014/2015, прызавыя грошы сталі эквівалентнымі рэйтынгавым ачкам. Такім чынам, рэйтынг снукерыста стаў адлюстроўваць суму прызавых грошай, якія ён зарабіў на рэйтынгавых турнірах за апошнія два гады.

ДасягненнеПрызавыяПераможца£330000Фіналіст£137500Паўфіналісты£66000Чвэрцьфіналісты£330001/8 фіналу£220001/16 фіналу£13250Снукерысты з топ-16 сеяных, якія пачалі турнір з 1/16 фіналу без кваліфікацыі, не атрымлівалі рэйтынгавых ачкоў у выпадку паразы ў першым жа матчы.1/24 фіналу£99001/40 фіналу£6600Найвышэйшы брэйк у кваліфікацыі£1000Найвышэйшы брэйк у асноўнай стадыі£10000Агульны прызавы фонд £1500100 Максімальны брэйк £20000 Максімальны брэйк у кваліфікацыі £8500

Дабрачыннасць

Дабрачынная акцыя, якая была арганізавана ў 2014 годзе і адпаведна з умовамі якой спонсар турніру, кампанія Betfred, у 2015 годзе ахвяравала дзіцячаму хоспісу «Bluebell Wood» у Паўночным Энстане, графства Іаркшыр, які прапануе дапамогу і падтрымку дзецям і моладзі з прагназуемым неспрыяльным зыходам захворвання, 25 тысяч фунтаў стэрлінгаў, зноў адбылася і ў 2016 годзе. Кампанія паабяцала ахвяраваць хоспісу па 200 фунтаў стэрлінгаў за кожны сэнчуры, які снукерысты аформілі ў асноўнай стадыі чэмпіянату. Апроч таго, калі снукерысты выканалі б больш за 70 соценных серый у рамках чэмпіянату (што і адбылося ў канчатковым выніку), кампанія паабяцала ахвяраваць хоспісу суму ў £25,000. Да гэтага больш за 70 сэнчуры-брэйкаў было аформлена на чатырох чэмпіянатах свету, у тым ліку на апошнім, дзе быў усталяваны рэкорд па іх колькасці (86 соценных серый).

Фармат турніру

На чэмпіянаце свету 2016 прынялі ўдзел 144 гульцы, з якіх 119 — удзельнікі мэйн-тура і 25 — аматары. 128 удзельнікаў — гульцы з нумарамі пасеву з 17 па 144 пачалі турнір з першага кваліфікацыйнага раўнда ў фармаце матча на выбыванне (64 гульні), які праходзіў за 10 дзён да асноўнай стадыі. Пасля гэтага пераможцы гулялі паміж сабой у другім раўндзе (32 гульні) і ў заключным трэцім (16 гульняў). Пры гэтым пасеў чэмпіянату прадвызначаў немагчымасць сустрэчы гульцоў з нумарамі пасеву з 17 па 80 раней за другі кваліфікацыйны раўнд, гульцоў з нумарамі пасеву з 17 па 48 раней за трэці раўнд, а снукерысты з нумарамі пасеву з 17 па 32 увогуле не маглі патрапіць адзін на аднаго ў кваліфікацыі. Кваліфікацыя чэмпіянату свету ў трэці раз запар праходзіла ў міжнародным спартыўным цэнтры «Ponds Forge» у Шэфілдзе, Англія. Такім чынам, у асноўную стадыю спаборніцтва свету выйшлі 16 гульцоў, якія далучыліся да 16 снукерыстаў з нумарамі пасеву з 1 па 16.

16 пераможцаў трэцяга кваліфікацыйнага раўнда і 16 гульцоў, якія трапілі на чэмпіянат без кваліфікацыі, гулялі ў асноўнай стадыі на выбыванне, пачынаючы з 1/16 фіналу, дзе члены дзвюх гэтых груп гулялі паміж сабой. Лёсаванне турніру прадвызначала немагчымасць сустрэчы гульцоў топ-16 раней за 1/8 фіналу, гульцоў топ-8 раней чвэрцьфіналаў, гульцоў з першай чацвёркі сеяных раней паўфіналу і двух першых сеяных раней фіналу чэмпіянату свету. Пяць раўндаў асноўнай стадыі праходзілі на працягу семнаццаці дзён на самай вядомай снукернай арэне ў свеце ў тэатры Крусібл у Шэфілдзе, Англія.

Стадыя Тэрміны Першы кваліфікацыйны раўнд 6 — 9 красавіка 19 10 Другі кваліфікацыйны раўнд 10 — 11 красавіка 19 10 Трэці кваліфікацыйны раўнд 12 — 13 красавіка 19 10 1/16 фіналу 16 — 21 красавіка 19 10 1/8 фіналу 21 — 25 красавіка 25 13 1/4 фіналу 26 — 27 красавіка 25 13 1/2 фіналу 28 — 30 красавіка 33 17 Фінал 1 — 2 мая 35 18

Кваліфікацыя

Пасеў ігракоў на чэмпіянат свету 2016 быў утвораны паводле афiцыйнага рэйтынгу на 4 красавіка 2016 года (пасля адкрытага чэмпіянату Кітая 2016 года). Першы нумар пасеву атрымаў дзеючы чэмпіён свету Сцюарт Бінэм, які займаў другое месца ў рэйтынгу. Лідар сусветнага рэйтынгу Марк Сэлбі атрымаў другі нумар пасеву на чэмпіянаце.

Кваліфікацыйная сетка

Соценныя брэйкі

У 112 матчах кваліфікацыі да чэмпіянату свету гульцы аформілі 132 соценныя серыі, што на 49 сэнчуры больш, чым у такой жа колькасці матчаў у 2015 годзе.

Лідарамі па колькасці соценных серый сталі Алістэр Картэр, Джымі Робертсан і Напон Саенхам, якія зрабілі па 5 сэнчуры-брэйкаў і з якіх толькі Картэр прайшоў кваліфікацыю. Прыз за найвышэйшы брэйк, зроблены ў кваліфікацыі, роўны £1000, атрымаў Цепчая Ун-Ну, які аформіў серыю ў 144 балы ў матчы трэцяга кваліфікацыйнага раўнда супраць Энтані Мак-Гіла.

Ніжэй прадстаўлены ўдзельнікі, упарадкаваныя па іх найвышэйшай серыі на турніры. Насупраць пералічаны ўсе соценныя брэйкі кожнага гульца.