Анго́ла (), Рэспу́бліка Анго́ла () — дзяржава ў паўднёва-заходняй частцы Афрыкі. Мяжуе на поўначы з Рэспублікай Конга, на поўначы і паўночным усходзе — з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга, на ўсходзе — з Замбіяй, на поўдні — з Намібіяй. На захадзе тэрыторыя краіны абмываецца водамі Атлантычнага акіяна, працягласць берагавой лініі — 1600 км. Сталіца — г. Луанда (каля 4,5 млн жыхароў). Іншыя буйныя (звыш 100 тыс. жыхароў) гарады — Уамба, Лубанга, Бенгела, Намібе. Эксклаў, аддзелены ад асноўнай тэрыторыі краіны — правінцыя Кабінда.
Тэрыторыя — 1246,7 тыс. кв. км (краіна займае па плошчы тэрыторыі 7-е месца на Афрыканскім кантыненце), у адміністрацыйным дачыненні падзеленая на 18 правінцый, уключаючы сталіцу, якая мае аналагічны статус, 157 муніцыпалітэтаў і звыш 500 сельскіх адміністрацыйных адзінак — камун.
Грашовая адзінка — кванза (1 дол. ЗША = 74,8 кванз). Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці, адзначаецца 11 лістапада. Дзяржаўная мова — партугальская.
Клімат — вільготны трапічны на поўначы, умераны ў цэнтральнай частцы краіны, засушлівы на поўдні. Сезон дажджоў працягваецца з кастрычніка па красавік, сухі — з мая па верасень.
Гісторыя
Да сярэдзіны першага тысячагоддзя н. э. тэрыторыя Анголы была населена пераважна кайсанскімі народамі. Каля V ст. з поўначы сюды мігрыравалі плямёны банту, якія займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, ведалі выраб керамікі і вытворчасць жалеза. Да XVI ст. яны заснавалі шэраг дзяржаўных утварэнняў. Найбуйнейшымі з іх былі Каралеўства Конга, Ндонга, Нгоё.
Упершыню еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэрыторыі Анголы ў 1482 годзе. У XVI ст. яны заснавалі на ўзбярэжжы Анголы шэраг апорных пунктаў, у тым ліку ў 1576 годзе — Сан-Паўлу-ды-Луанда (цяперашняя Луанда). Да канца XIX ст. Партугалія завяршыла каланізацыю тэрыторыі сучаснай Анголы стварыўшы калонію Партугальская Заходняя Афрыка.
У лютым 1961 года пачалася нацыянальна-вызваленчая барацьба ангольскага народа за ліквідацыю партугальскага каланіялізму. Яна вялася пад кіраўніцтвам трох сфармаваных на этнічнай аснове арганізацый — Народнага руху за вызваленне Анголы (МПЛА), Нацыянальнага фронту вызвалення Анголы (ФНЛА) і Нацыянальнага саюза за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА). На працягу доўгага часу паміж імі існавала суперніцтва, якое ў 1975 годзе перарасло ў ваеннае супрацьстаянне.
11 лістапада 1975 года ў Луандзе кіраўніцтва МПЛА абвясціла нацыянальную незалежнасць Анголы. УНІТА на чале з Жонашам Савімбі працягнула ўзброеную барацьбу за ўладу, у асобныя перыяды кантралюючы да 2/3 тэрыторыі краіны. Кропка ва ўнутрыангольскім канфлікце, які стаў адным з самых працяглых на Афрыканскім кантыненце, была пастаўленая ў красавіку 2002 года, пасля смерці Ж. Савімбі.
Дзяржаўны лад Ангола — прэзідэнцкая рэспубліка. Прэзідэнт краіны, кіраўнік дзяржавы і ўрада — гэта лідар найбуйнейшай партыі ў Нацыянальнай асамблеі, які аўтаматычна становіцца прэзідэнтам.
Вышэйшы заканадаўчы орган — Нацыянальная асамблея (аднапалатны парламент, які складаецца з 220 дэпутатаў). Пасля выбараў, якія адбыліся 24 жніўня 2022 года, кіруючая партыя МПЛА атрымала 124 месцы ў парламенце, апазіцыйная партыя УНІТА атрымала 90 месцаў.
Судовая сістэма Анголы ўключае ў сябе Канстытуцыйны суд, Вярхоўны суд, Вышэйшы ваенны суд, а таксама правінцыйныя і муніцыпальныя суды.
Насельніцтва Насельніцтва (май 2008) — больш за 14,5 млн чалавек. Асноўныя этнічныя групы — авімбунду (37 %), кімбунду (25 %), баконга (13 %), чоквэ, куаньяма/авамба, ньянека, нгангела, кабінда і інш — 25 %. Прырост насельніцтва складае каля 3 % у год. У гарадах пражывае больш 40 % насельніцтва краіны.
Асноўныя рэлігіі. Больш паловы ангольцаў — каталікі, 35 % — пратэстанты, астатнія прытрымваюцца традыцыйных вераванняў.
Сярэдняя працягласць жыцця складае 40 гадоў. Дзіцячая смяротнасць — адна з самых высокіх у свеце (260 на 1000 дзяцей ва ўзросце да 5-ці гадоў, 154 — на 1000 нованароджаных). 65 % жыхароў Анголы не абхопленыя базавым медыцынскім абслугоўваннем. Адзначаны рост захворвання СНІДам. Застаецца надзвычай высокім узровень смяротнасці ад малярыі і інфекцыйных захворванняў.
Непісьменнасць насельніцтва ва ўзросце старэй 15 гадоў — каля 42 %.
Эканоміка Па запасах карысных выкапняў Ангола з’яўляецца адной з найбагацейшых краін Афрыкі. У Анголе маюцца радовішчы нафты (агульныя запасы — 4,2 млрд т., прамысловыя — 420 млн т), газу, алмазаў, жалезнай (0,2-0,5 млрд т.) і меднай (125—280 млн т) руд, фасфарытаў (60-150 млн т), кварца (0,8-1 млрд т), граніту (1,2 млрд т), золата, серабра, рэдказямельных элементаў, гіпсу, сыравіны для вытворчасці цэменту. Валодае вялікімі гідраэнергетычнымі рэсурсамі (па ацэнцы парадку 1,9 млрд кВт*г).
Сацыяльна-эканамічнае становішча Анголы застаецца складаным. Шматгадовая грамадзянская вайна нанесла краіне сумарную матэрыяльную шкоду парадку 20 млрд дол. ЗША. Агульны аб’ём прамысловай вытворчасці, за выключэннем здабычы нафты, скараціўся да 10 % ад узроўню 1973. Узровень жыцця ў краіне працягвае заставацца нізкім: прыбыткі 70 % ангольцаў складаюць меней 1 дол. у дзень. Некаторае аздараўленне эканамічнай сітуацыі дасягаецца галоўным чынам за кошт павелічэння прыбыткаў ад экспарту прадуктаў нафтавай і горназдабываючай галін. У 2007 у Анголе здабывалася 1,7 млн барэляў нафты ў дзень (625,7 млн барэляў у год). Да 2010 плануецца давесці здабычу да 2,6 млн барэляў нафты ў дзень. Доля нафты ў ангольскім ВУП складае каля 60 %, а ў агульным аб’ёме паступленняў у бюджэт — 80 %.
Аб’ём ВУП у 2007 па папярэдніх дадзеных, склаў парадку 59 млрд дол. ЗША, ВУП на душу насельніцтва — 2780 дол. ЗША. Тэмпы росту ВУП у 2007 годзе — каля 23 %. Інфляцыя ў 2007 склала троху меней 12 %.
Другім па значэнні пасля нафтавага застаецца горназдабываючы сектар, высокія тэмпы росту якога забяспечвае дыяментна-брыльянтавы комплекс. У 2007 у Анголе было здабыта 9,7 млн карат дыяментаў, што ў коштавым выразе склала парадку 1,3 млрд дол. ЗША. У адпаведнасці з прагнозамі ў 2008 вытворчасць неапрацаваных дыяментаў у краіне дасягне 10 млн карат.
Па дадзеных Сусветнага банка, валютныя рэзервы Анголы выраслі з 3 млрд дол. у снежні 2005 да 9,2 млрд дол. да канца 2006, а ў 2007 склалі 13,5 млрд дол. За кошт павелічэння золатавалютных запасаў урадам створаны стабілізацыйны фонд.
Нягледзячы на рост сельскагаспадарчай вытворчасці, які адзначаецца ў апошні час, краіна мае сур’ёзныя цяжкасці з забеспячэннем насельніцтва прадуктамі харчавання. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 10 % патрэбнасцяў краіны ў харчаванні і сыравіне.
Валютныя паступленні Анголы ў асноўным забяспечваюцца за кошт вывазу нафты, газу і нафтапрадуктаў, а таксама неапрацаваных дыяментаў. За кошт павелічэння продажу нафты рэзка выраслі аб’ёмы ангольскага экспарту (90 % — нафта), У 2006 экспарт дасягнуў 35 млрд дол. ЗША (2005 — 20 млрд дол. ЗША, 2004 — 13,5 млрд дол. ЗША). Імпарт 2006 — 10,5 млрд дол. ЗША (2005 — 9 млрд дол. ЗША, 2004 — 5,8 млрд дол. ЗША). Гандлёвыя і знешнеэканамічныя сувязі арыентаваныя першым чынам на такія краіны, як ЗША, Партугалія, ПАР, КНР, Францыя, Германія, Бразілія.
Магчымасці мясцовага турызму з-за сацыяльнай напружанасці, якасці дарог і слаба развітай інфраструктуры абмежаваныя. Разам з тым ангольскі ўрад праяўляе зацікаўленасць у развіцці турыстычнага сектара, разглядаючы яго ў ліку магчымых напрамкаў дыверсіфікацыі нацыянальнай эканомікі.
У цяперашні час транспартная галіна Анголы знаходзіцца ў крытычным стане. Многія аўтамабільныя дарогі і чыгункі, а таксама аэрапорты сталі непрыдатнымі для выкарыстання або знаходзяцца ў аварыйным стане, значная частка партоў не здольная прымаць грузы. Статус міжнароднага аэрапорта мае толькі сталічны аэрапорт «4-га лютага». Працягласць чыгуначнай сеткі — 2719 км.
Культура У Луандзе дзейнічае пяць універсітэтаў, з якіх найболей буйнымі з’яўляюцца Дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Нета (6,5 тыс. студэнтаў) і Каталіцкі ўніверсітэт (філіял лісабонскага ўніверсітэта «Лузіяда»).
Ёсць два дзяржаўныя каналы тэлебачання, адна дзяржаўная і некалькі незалежных радыёстанцый, выдаецца штодзённая ўрадавая газета «Жорнал дэ Ангола», некалькі штотыднёвых незалежных выданняў.
Прырода Рака Кванза Рака Акаванга Ілья-душ-Тыгрэс
Крыніцы
Спасылкі Ангола на сайце «Сусветная геаграфія» Angola.org www.luandamap.com — Streetmap of Luanda and other maps of Angola www.angolinks.com — Linklist Angola Анкета Анголы на сайце ЦВУ
Катэгорыя:Былыя калоніі Партугаліі Катэгорыя:Партугаламоўныя краіны Катэгорыя:Унітарныя дзяржавы Катэгорыя:Цэнтральная Афрыка