Вялі́кі сабо́р, або Успе́нскі сабо́р — адна з чатырох вядомых цэркваў Бельчыцкага манастыра ў Полацку. Храм быў узведзены на мяжы XI—XII стстХозеров И. М. Белорусское и Смоленское зодчество XI—XIII вв. Мн., 1994. С. 11.. Іншыя даследчыкі схіляюцца да больш позняй даты — 20-я, а то і 30-я гады XII ст. З будаўніцтвам храма ўзнаўляецца манументальнае будаўніцтва, спыненае пасля ўзвядзення Сафійскага сабора ў сярэдзіне XI ст.Воронин Н. Н. Бельчицкие руины // Архитектурное наследство. М., 1956. Т. 6. С. 16.. Разбураны ў XVI ст.

Праз месца, дзе размяшчаўся Вялікі сабор, цяпер праходзіць дарога, якая перасякае ўсю тэрыторыю манастыра. У пачатку 2015 года пры пракладцы газаправода ў Юбілейным завулку былі пашкоджаны падмуркі будынкаў Бельчыцкага манастыра. Экскаватарам была пракапана траншэя шырынёй 40 сантыметраў і глыбінёй 180. Коўш экскаватара зачапіў частку падмурка меркаванага Вялікага сабора манастыра. Разбурэнне археалагічнага помніка гісторыкам удалося спыніць праз тыдзень. Падчас працы гісторыкаў на месцы раскопа было знойдзена шмат кавалкаў старажытнай плінфы.

Архітэктура

Вялікі сабор вылучаўся сярод астатніх храмаў Бельчыцкага манастыра значнымі памерамі, якія мала саступалі Сафійскаму сабору і складалі ў даўжыю без прытвора 22,5 м, а ў шырыню — 16,5 м. Верагодна, гэта быў галоўны храм манастыра. Яго разбурылі ўжо ў XVI ст., і ў пачатку XX ст., калі пачалося вывучэнне Бельчыцкага манастырскага комплексу, меліся толькі падмуркі ды сціплыя апісанні ў літаратурных крыніцах. Таму рэканструкцыя першапачатковага выгляду Вялікага сабора, яго архітэктурнай пластыкі дастаткова прыблізная.

Разам з тым супастаўленне выяўленых матэрыялаў — памераў і канструкцыі падмуркаў, кавалкаў кладкі, элементаў дэкору — дазваляе канстатаваць, што гэта быў шасціслуповы, трохнефавы сабор з трыма апсідамі. Да яго паўднёвага, паўночнага і заходняга фасадаў прымыкалі амаль квадратныя ў плане прытворы, надаючы царкве крыжовасць. Новым у будынку было месца размяшчэння купала. Ён абапіраўся не на ўсходнія, а на заходнія пары слупоў і, такім чынам, быў крыху ссунуты ад цэнтра да ўвахода. Наяўнасць у Бельчыцкім саборы прытвораў, ніжэйшых за асноўны аб'ём, ссунутасць купала ў заходні бок надавалі яго знешняму выгляду выцягнутыя ўверх прапорцыі. Гэта адметнасць стане ў далейшым характэрнай рысай большасці храмаў полацкай школы дойлідства.

Будаўнічыя асаблівасці і дэкор Будаўнічая тэхніка Вялікага сабора сведчыць аб пераходным этапе ў развіцці мясцовай архітэктуры. Падмуркі будынка былі ўмацаваны спецыяльнай драўлянай субструкцыяй: пад імі ляжалі драўляныя лежні, злучаныя паміж сабой жалезнымі кастылямі. Гэта апошні вядомы ў Полацку прыклад выкарыстання такой архаічнай тэхналогіі. Ва ўсіх наступных помніках полацкай школы XII ст. ад драўляных лежняў адмовіліся, і падмуркі пачалі выкладваць з валуноў насуха (нават без вапнавага раствору).

Сцены Вялікага сабора былі выкладзены ў традыцыйнай тэхніцы візантыйскай муроўкі «са схаваным радам». Аднак у адрозненне ад Сафійскага сабора, дзе ў муроўцы выкарыстоўваліся ўстаўкі з неапрацаваных камянёў на фасадах, як гэта рабілі і ў Кіеве, у Вялікім саборы майстры амаль поўнасцю адмовіліся ад камянёў на знешняй паверхні сцен, пакінуўшы іх толькі ва ўнутранай забутоўцы, хоць, паводле не зусім дакладных звестак XIX ст., рады камянёў усё ж маглі тут прысутнічаць. Вонкавыя сцены былі цаглянымі (з плінфы) і звонку, і ўнутры ўпрыгожваліся плоскімі лапаткамі. Іх памеры і размяшчэнне адпавядалі ўнутранаму чляненню царквы шасцю крыжовымі ў плане слупамі.

Вялікі сабор у Бельчыцкім манастыры быў багата ўпрыгожаны фрэскавымі роспісамі, а яго падлога ў алтары была выкладзена складанымі ўзорамі з каляровых паліваных керамічных плітак.

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Полацка Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Полацка Катэгорыя:З’явіліся ў XII стагоддзі Катэгорыя:Бельчыцкі манастыр