О́паль (, ) — аграгарадок у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, цэнтр Опальскага сельсавета.

Знаходзіцца за 28 км на паўночны захад ад Іванава, 30 км ад чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі. 327 гаспадарак, 742 жыхары (2005) С. 412..

Археалогія Непадалёку ад вёскі ў 1963 і 1971 гг. У.Ф. Ісаенкам былі выяўлены дзве археалагічныя стаянкі. Стаянка-1 (за 1,5 км на ПнЗ) належыць да свідэрскай культуры і датуецца 9—6-м тыс. да н.э. Стаянка-2 і крамянёвая майстэрня (за 1,5 км на У ад вёскі) адносяцца да макралітычнай культуры (7—6-е тыс. да н.э.). Гэта сведчыць аб засяленні тутэйшых мясцін з далёкай старажытнасці.

Гісторыя У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1495 г. у сувязі з вызначэннем межаў. Паводле прывілеяў, маёнтак Опаль належаў Фуксу Іванавічу, ад якога перайшоў ва ўладанне Венядзікту Фуксу і яго нашчадкам. У 1521 г. у Опальскае ўладанне (крыніцу) уваходзілі 12 двароў і некалькі жэраб’ёў, якія належалі розным уладальнікам (Дрэмлікавы, Святошы, Сапегі, Копаці), але значная частка крыніцы належала ў 1530 г. Міхалу Копацу (Копцю). Пасля замужжа яго дачкі Раіны маёнтак пераходзіць да Івана Падубінскага, але хутка зноў вяртаецца да роду Копацей. У 1555 г. уладальнікамі былі Фёдар, Іван і Васіль Копаці. Опаль адносіўся да Пінскага павета, Берасцейскага павета, потым быў ў складзе Пінскага павета Троцкага ваяводства. У сярэдзіне 1550-х гг. уваходзіў у склад Дружылаўскага двара. У 1567 г. Фёдар Копаць за 3 тыс. коп грошаў прадаў сваю частку старосце браслаўскаму Юрыю Осціку. У 1736 г. гаспадыняй маёнтка была Францішка Залуская з роду Копацей, потым Ігнат і Магдалена Серакоўскія.

У 1-й палове XVIII ст. Опаль належаў кн. Міхалу Сервацы Вішнявецкаму (1680—1744), канцлеру вялікаму літоўскаму. Пры яго жыцці пабудаваны цагляны замак, які служыў летняй рэзідэнцыяй (згарэў у пачатку XIX ст.), заснаваны парк. У 2-й палове XVIII ст. пабудавана царква Параскевы Пятніцы. Пасля Вішнявецкага ўладальнікамі Опаля былі ваявода троцкі Юзаф Тадэвуш Агінскі, у 1780—90 гг. — Баржэнскія (з роду Пуліко), ад якіх перайшло ў спадчыну Каралю Баржыцкаму С. 413..

З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай (з 1797 г. у Літоўскай) губерні, з 1801 г. — у Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні. Паводле рэвізіі 1816 г. маёнтак і вёска належалі памешчыку Карлу Міхайлавічу Баржыцкаму. З сярэдзіны XIX ст. маёнтак належаў Ігнату Яленскаму, а потым яго сыну Юзафу (1868—1922). 4 ліпеня 1861 г. у вёсцы адбыліся сялянскія хваляванні, некалькі зачыншчыкаў былі пакараны розгамі. У 1878 г. заснаваны цагляны завод. У 1885 г. Опаль — сяло, цэнтр Опальскай воласці, у складзе якога разам з Лядавічамі было 115 двароў. Дзейнічалі валасное праўленне, 2 праваслаўныя царквы, школа, 2 піцейныя дамы. У ліпені 1905 г. сяляне вёсак Опаль і Лядавічы аб'явілі забастоўку. Барацьба за ліквідацыю сервітутных правоў памешчыка Яленскага, якая пачалася ў 1873 г. і працягвалася да 1881 г., прывяла да таго, што некалькі сялян былі расстраляны пасля нападу на сядзібу.

У 1915—18 гг. акупіравана германскімі, у 1919—20 гг. — польскімі войскамі. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр Опальскай гміны Драгічынскага павета Палескага ваяводства. У 1921 г. маёнтак належаў памешчыку Яленскаму, які меў 4559 га зямлі, 2500 га лесу. У 1925—34 гг. Калінам-Конікам быў выкананы вадзяны млын С. 414..

З 1939 г. у БССР. З 15.1.1940 г. вёска ў Іванаўскім раёне Пінскай вобласці, цэнтр Опальскага сельсавета. У Вялікую Айчынную вайну акупіравана нямецкімі захопнікамі з чэрвеня 1941 г. да 12 ліпеня 1944 г. Акупанты ўваходзілі ў рэйхскамісарыят «Украіна». За час вайны ў вёсцы загінулі 14 мірных жыхароў. На ўшанаванне памяці загінуўшых у 1967 г. быў насыпаны Курган Памяці. На франтах загінулі 45 землякоў. Пасля вайны былыя будынкі маёнтка выкарыстоўваліся саўгасам «Опаль». З 8.1.1954 г. вёска ў Брэсцкай вобласці. 26.8.1950 г. узбуйнены калгас «1 Мая», цэнтрам якога стала в. Опаль, з 25.3.1963 г. — калгас «Перамога». У 1962—65 гг. у Драгічынскім раёне. З 6.1.1965 г. зноў у Іванаўскім раёне.

Насельніцтва 1816 — 534 мужчыны. 1845—48 — 515 рэвізскіх душ, 168 двароў. 1866 — 127 двароў. 1885 — 1582 жыхары (разам з Лядавічамі). 1905 — 976 жыхароў, 130 двароў. 1914 — 2369 жыхароў. 1940 — 1298 жыхароў, 236 двароў. 1946 — 1186 жыхароў. 1959 — 1254 жыхары. 1970 — 2033 жыхары. 1997 — 836 жыхароў, 355 двароў. 2005 — 742 жыхары, 327 гаспадарак.

Інфраструктура На пачатак XXI ст. у вёсцы дзейнічалі дзіцячы сад, сельская ўрачэбная амбулаторыя, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, філіял ашчаднага банка, 3 магазіны, кафэ, комплексны прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання, царква. У 1997 г. званне народнага атрымаў фальклорны ансамбль «Панявы» Дома культуры (створаны ў 1991 г.) С. 415..

Славутасці Геадэзічная дуга Струвэ: пункт «Опаль», за 0,8 км на паўднёвы ўсход ад МТФ у вёсцы — Рэшткі парка сядзібна-паркавага комплексу Яленскіх (XVIII ст.). Курган Памяці (1967) на ўшанаванне памяці землякоў, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну. Магіла ахвяр фашызму.

Вядомыя асобы Павел Уладзіміравіч Шыпук (1949—2014) — беларускі дзяржаўны дзеяч, першы старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Літаратура

Зноскі

Спасылкі

Опаль на сайце Radzima.org

Катэгорыя:Аграгарадкі Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Населеныя пункты Іванаўскага раёна *