Свята-Петра-Паўлаўская царква — праваслаўны храм у цэнтры Вялікіх Жухавіч Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Помнік народнага дойлідства.

Гісторыя

Першае апісанне драўлянай Успенскай царквы ў Вялікіх Жухавічах змешчана ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гадоў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Царква ўзведзена фундацыяй Радзівілаў. Адносілася да Нясвіжскай пратапопіі Навагрудскага сабора.

Свята-Петра-Паўлаўская царква пабудавана як грэка-каталіцкая ў 1745 годзе з дрэва фундацыяй князя Караля Радзівіла. Прыпісана да Пакроўскай царквы ў Турцы. У 1890 годзе пабудавана драўляная царкоўнапрыходская школа.

Архітэктура

Да прамавугольнага зруба далучаны квадратны прытвор і пяцігранная апсіда з нізкімі бакавымі рызніцамі. Аб’ёмы пры дапамозе трохвугольных застрэшкаў накрыты агульным дахам, цэнтр якога завершаны фігурнай вежкай. Агульную сіметрычна-восевую пабудову царквы парушае прыбудова да бакавога фасада невялікага прыдзела. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах.

Побач з царквой у 19 ст. пастаўлена мураваная двух’ярусная званіца пад шатровым дахам, завершаным галоўкай на чацверыковым барабане (мела 4 званы).

Інтэр’ер У інтэр'еры трох’ярусны іканастас на 11 абразоў. Абразы 18 — 19 ст.: «Апосталы Фама і Іаан», «Святая Кацярына», фератрон «Маці Божая з дзіцем» і «Георгій Перамоганосец» (мяжа 18 — 19 ст.).

Літаратура

«Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.» / Укладальнік Д. В. Лісейчыкаў. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2009. — 270 с., стар. 137.

Спасылкі

Катэгорыя:Вялікія Жухавічы Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Храмы Святых Пятра і Паўла Катэгорыя:З’явіліся ў 1745 годзе Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Карэліцкага раёна Катэгорыя:Колішнія ўніяцкія храмы Гродзенскай вобласці Катэгорыя:1745 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Навагрудскай епархіі