Габо́н (), Габо́нская Рэспу́бліка () — дзяржава на заходнім узбярэжжы Атлантычнага акіяна ў Цэнтральнай Афрыцы. Тэрыторыя — 267,7 тыс.км². Насельніцтва — амаль 2 млн чалавек. Сталіца — Лібрэвіль. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (17 жніўня 1960). Дзяржаўная мова — французская. Грашовая адзінка — франк фінансавай супольнасці краін Цэнтральнай Афрыкі — КФА. Вялікія запасы мінеральных рэсурсаў дазволілі Габону стаць адной з самых багатых краін Трапічнай Афрыкі паводле ВУП на душу насельніцва.

Этымалогія Ад партугальскага «Gabão», што азначае «плашч з капюшонам»; такую назву партугальскія мараплаўцы далі эстуарыю ракі Мбэ праз яго спецыфічную форму.

Геаграфія

Амаль пасярэдзіне перасякаецца лініяй экватара. На поўдні і ўсходзе мяжуе з Конга, на поўначы — з Камерунам, на паўночным захадзе — з Экватарыяльнай Гвінеяй. Дзве апошніх мяжы — каланіяльная спадчына — праходзяць па паралелях і мерыдыянах. На захадзе абмываецца Гвінейскім залівам Атлантычнага акіяна. Берагавую лінію краіны на дзве часткі падзяляе мыс Лопес. На поўдзень ад яго берагі просталінейныя, плоскія, з мелкаводнымі лагунамі. На поўнач ад мыса берагавая лінія мае больш складаныя абрысы, тут размешчаны зручныя бухты — эстуарыі рэк.

Прырода

Заходнюю частку краіны займае прыбярэжная нізіна шырынёй ад 20 да 300 км, цэнтральную і ўсходнюю — паўднёвыя прыступкі Паўднёва-Гвінейскага ўзвышша: горы Шаю і Хрустальныя горы з сярэднімі вышынямі 600-800 метраў. Горы складзены часткова крышталічнымі пародамі, часткова — карбанатамі, што прыводзіць да ачаговага распаўсюджання карставых з’яваў. На тэрыторыі Габона выдзелены тры раёны карсту, многія пячоры не адкрытыя дагэтуль. Тоўшчы асадкавых парод прыбярэжнай нізіны ўтрымліваюць багатыя нафтай. У Франсвільскім прагіне на ўсход ад гор Шаю ёсць значныя запасы марганцавых і ўранавых руд.

Становішча на экватары абумовіла экватарыяльны тып клімату з невялікай гадавой амплітудай тэмператур і значнай колькасцю ападкаў, на поўдні і ўсходзе з’яўляецца непрацяглы сухі сезон, а на паўднёвым усходзе, на плато Батэке — працяглы. Буйнейшая рака Габона — Агавэ, даўжынёй 1200 км. Вільготныя экватарыяльныя лясы займаюць каля 80 % тэрыторыі Габона. На ўсходзе - участкі саван, саваны цэнтральнай часткі краіны другасныя. Унікальныя мангравыя экасістэмы ўбярэжжа Гвінейскага заліва. Асабліва значныя плошчы мангравых лясоў у эстуарыі ракі Муні на мяжы з Экватарыяльнай Гвінеяй. У 2002 годзе на 10 % тэрыторыі Габона была створана Нацыянальная сістэма паркаў, што аб’ядноўвае 13 нацыянальных паркаў. Па паказчыку долі прыродаахоўных тэрыторый Габон — адзін з сусветных лідараў. У Габоне пражывае буйнейшая ў свеце папуляцыя гарылаў.

Гісторыя Першымі жыхарамі габонскай зямлі былі пігмеі. Яны жылі невялікімі групамі ў трапічных лясах, асноўнымі іх заняткамі былі паляванне і збіральніцтва. У X—XIII стст. пачалася міграцыя плямёнаў банту да ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна. На ўсходзе і поўдні Габона рассялілася племя тэке, на поўначы — племя мпонгвэ. У XIX ст. ў Габон прыйшло племя фанг, якое, адцяснуўшы ранейшых жыхароў, стала самай шматлікай этнічнай групай краіны. Да з'яўлення еўрапейцаў мясцовае насельніцтва жыло першабытна-абшчынным ладам і не мела нават зародкаў дзяржаўнасці.

Каланіяльны перыяд У 1472 г. партугальскі капітан Руй ды Сікейра першым з еўрапейцаў наведаў узбярэжжа Габона, яму ж краіна абавязана сваёй назвай. У XVII—XVIII стст. у Габон сталі прыплываць галандцы, французы, іспанцы. Яны абменьвалі свае тавары (соль, крэмневыя стрэльбы, порах, каралі, алкагольныя напоі і інш.) на слановую косць, эбенавае дрэва, воск, мёд, пальмавы алей. У прыбярэжных раёнах ствараліся гандлёвыя факторыі і каталіцкія місіі. У пачатку XVIII ст. на ўзбярэжжы паўстала каралеўства Арунгу — буйным пастаўшчык рабоў, праіснавала да свайго распаду ў 1873 годзе. У сярэдзіне XIX ст. ў рэгіёне ўзмацніліся пазіцыі Францыі. У 1849 г. французы захапілі партугальскі карабель гандляроў рабамі, і вызваленыя французамі афрыканцы заснавалі паселішча Лібрэвіль, цяперашнюю сталіцу Габона. У 1855—1859 гадах тэрыторыю сучаснага Габона даследваў Поль дзю Шаю. У канцы стагоддзя пачалося пранікненне французаў ва ўнутраныя раёны краіны. У 1880 г. П’ер дэ Браза заснаваў горад Франсвіль на ўсходзе сучаснага Габона. Каланізатары стварылі плантацыйную гаспадарку і транспартную інфраструктуры, пачалі распрацоўку карысных выкапняў. Падчас Другой сусветнай вайны каланіяльныя ўлады вырашылі падпарадкоўвацца Вішысцкаму ўраду і на тэрыторыі краіны адбыліся баі паміж мясцовымі ўзброенымі сіламі і корпусам Шарля дэ Голя.

У 1946—1958 гг. Габон меў статус «заморскай тэрыторыі» Францыя з выбарнай Тэрытарыяльнай асамблеяй і прадстаўніцтвам ў французскім парламенце. У лістападзе 1958 г. Габон стаў самакіраванай аўтаноміяй у складзе Французскага Супольнасці.

Перыяд незалежнасці

17 жніўня 1960 г. Габон аб'явіў незалежнасць. У 1961 г. на ўсеагульных выбарах на пасаду прэзідэнта быў абраны экс-прэм'ер-міністр, лідар Габонскага дэмакратычнага блока Леон Мба. Першы прэзідэнт спрабаваў нейтралізаваць апазіцыю, уключыўшы ў склад урада кіраўніка партыі Габонскі дэмакратычны і сацыяльны саюз (ГДСС) Жана-Ілера Абаму. Гэтая мера не прынесла жаданага выніку, і ў 1963 Ж.-І. Абам быў выведзены са складу ўрада. У 1964 прэзідэнт Л. Мба распусціў парламент і заклікаў да правядзення новых выбараў, у той час войска здзейсніла спробу дзяржаўнага перавароту. Адхілены ад улады Л. Мба быў адноўлены на пасадзе прэзідэнта дзякуючы ўмяшанню французскіх войскаў, якія дзейнічалі ў адпаведнасці з вайсковай дамовай паміж Габон і Францыяй 1961 г. Абам быў арыштаваны за ўдзел у перавароце. Пазней ў 1964 г. адбыліся парламенцкія выбары, па выніках якіх ГДБ атрымаў большасць мандатаў у парламенце, а Л. Мба захаваў за сабой пасаду прэзідэнта.

Пасля смерці Л. Мба ў 1967 г. прэзідэнтам Габона стаў былы віцэ-прэзідэнт Бонга Андзімба. У наступным годзе ён увёў аднапартыйную сістэму, адзінай кіруючай партыяй стала створаная ім Габонская дэмакратычная партыя (ГДП). У 1973 г. Бонга быў пераабраны на чарговы 7-ы тэрмін. Тады ж ён перайшоў з каталіцтва ў іслам і пачаў называцца Амарам Бонга. У 1970-я гады эканоміка Габона хутка развівалася. У 1979 і 1986 А. Бонга Андзімба быў пераабраны на 7-ы тэрмін.

Пад вялікім унутраным і знешнім ціскам (у краіну былі пасланыя французскія войскі з мэтай падтрымкі ўлады) паклаў канец аднапартыйнай сістэме ў 1990 г. і дазволіў правесці шматпартыйныя і альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары. У 1991 г. была прынята новая Канстытуцыя. У 1993, 1998 і ў лістападзе 2005 г., Бонга Андзімба зноў абіраўся на пасаду прэзідэнта краіны.

Пасля смерці дыктатара Габон стаў больш дэмакратычнай краінай.

У 2009 г. Алі бен Бонга Андзімба выйграў прэзідэнцкія выбары, а ў жніўні 2016 г. перамог на новых выбарах. Апазіцыя, чыйго кандыдата Жана Пінга прэзідэнт абышоў менш чым на 6 тыс. галасоў, вынікі выбараў не прызнала, заявіўшы пра фальсіфікацыі, пасля чаго ў Лібрэвілі прайшлі масавыя беспарадкі, падчас якіх быў спалены будынак парламента. Аднак Канстытуцыйны суд Габона прызнаў перамогу Алі бен Бонга Андзімбы, і ў канцы верасня 2016 г. ён зноў быў абвешчаны кіраўніком дзяржавы.

У студзені 2019 годзе была здзейснена спроба дзяржаўнага пераварота ваеннымі з «Патрыятычнага руху вайскоўцаў і спецслужбаў Габона».

На фоне палітычнай нестабільнасці Габон дасягнуў значных поспехаў на міжнароднай арэне. У чэрвені 2021 года ён стаў першай краінай, якая атрымала выплаты за скарачэнне выкідаў у выніку высечкі і дэградацыі лясоў. Акрамя таго, у чэрвені 2022 года Габон разам з Тога далучыўся да Садружнасці Нацый, тым самым заявіўшы аб сваёй прыхільнасці шматбаковаму ўзаемадзеянню і супрацоўніцтву.

У жніўні 2023 года ў Габоне прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымаў Алі Бонга Андзімба, які кіраваў краінай ужо 14 гадоў на момант абрання. Ён з’яўляецца сынам Амара Бонга, экс-прэзідэнта Габона, які кіраваў краінай з 1967 года. Прэзідэнцкія выбары 2023 года прайшлі ў атмасферы адключэння інтэрнэту і адсутнасці назіральнікаў. 30 жніўня 2023 года Рэспубліканская гвардыя, Прэтарыянская гвардыя прэзідэнта, салдаты рэгулярнай арміі і супрацоўнікі паліцыі выступілі супраць Алі Бонга Андзімбы. Путчысты таксама распусцілі дзяржаўныя інстытуты, уключаючы судовую сістэму, парламент і канстытуцыйны сход. 31 жніўня 2023 года ваенныя афіцэры прызначылі генерала Брыса Алігі Нгему пераходным лідэрам краіны. 4 верасня 2023 года генерал Брыс Алігі Нгема быў прыведзены да прысягі ў якасці часовага прэзідэнта Габона.

16 лістапада 2024 года прашоў канстытуцыйны рэферэндум, на якім 91,64% насельніцтва ўхвалілі новую Канстытуцыю краіны.

Дзяржаўны лад Габон — унітарная прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1991, у якой замацаваныя палітычны плюралізм і прынцып падзелу ўлад. Пасля смерці Амара Бонга ў барацьбе за пост прэзідэнта дэмакратычным шляхам перамог яго сын — Алі бен Бонга Андзімба. Маецца пост віцэ-прэзідэнта.

Парламент двухпалатны, верхняя палата — Сенат (91 дэпутат, старшыня Рэне Радэмбіна Коніке) абіраецца непрамым галасаваннем органамі мясцовай улады на 6 гадоў; ніжняя — Нацыянальны сход (120 дэпутатаў, старшыня Гі Ндзуба Ндама) абіраецца прамым усеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў.

Урад прызначаецца прэзідэнтам і складаецца з 41 члена. Прэм'ер-міністр — Эмануэль Ісозе-Нгадэт (2018).

У Габоне налічваецца каля 25 палітычных партый і 3 буйных прафаб'яднання. Вядучай палітычнай сілай з'яўляецца кіруючая Габонская дэмакратычная партыя (ГДП), заснаваная ў 1968. Найболей буйныя апазіцыйныя рухі (іх дзейнасць легалізаваная з 1990) — Вышэйшы савет супраціву (ВСС), які аб'яднаў 9 партый, Саюз габонскага народа (СГН, старшыня — П. Мамбунду), і Нацыянальнае аб'яднанне лесасекаў (НАЛ).

Адміністрацыйна Габон падзелены на 9 правінцый.

Насельніцтва

Натуральны прырост насельніцтва — 1,92 % (2017)https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/gb.html . У апошнія гады падвысіліся паказчыкі смяротнасці і захворвання СНІДам (3,6 % у 2016 годзе, 16 месца ў свеце).

Этнічны склад: каля 50 плямёнаў і нацыянальных груп, у асноўным, народнасці банту. Найболей шматлікія — фанг, або пангве, (каля 40 %), бануну, пуну, сангу (каля 30 %), а таксама балеле, бакота, мпонгвэ, у лясістай мясцовасці пражываюць качавыя плямёны пігмеяў. У краіне налічваецца 170 тыс. іншаземцаў, у т.л. 15 тыс. еўрапейцаў, галоўным чынам французаў (6 тыс.). Рэлігія: 80 % насельніцтва вызнае хрысціянства (пераважная большасць — каталікі), 10 % — іслам, распаўсюджаныя таксама мясцовыя анімістычныя вераванні.

Нешматлікае насельніцва размешчана нераўнамерна. Большасць габонцаў жыве на атлантычным узбярэжжы, трэцяя частка — у сталічнай агламерацыі Лібрэвіля (707 тысяч чалавек у 2015). Прыродныя ўмовы не спрыялі шырокаму сельскагаспадарчаму асваенню тэрыторыі, таму Габон адносіцца да высакаурбанізаваных краін свету — 87,6 % у 2017

Эканоміка Габон багаты прыроднымі рэсурсамі, эканоміка мае пераважна сыравінную арыентацыю. ВУП на душу насельніцтва — каля 20000 долараў — у Габоне адзін з найбольшых у трапічнай Афрыцы. Тым не менш, даходы размяркоўваюцца нераўнамерна: 20 % насельніцтва валодаюць 90 % даходаў, а трэцяя частка насельніцтва жыве за рысай беднасці (2010). Вельмі выскокі ўзровень беспрацоўя, асабліва сярод моладзі (да 25 гадоў працаўладкавацца не могуць не менш за 60 %).