Гада́ба — аўстраазіяцкі народ у Паўднёвай Азіі. Жывуць пераважна ў індыйскіх штатах Андхра-Прадэш і Арыса. Агульная колькасць (2022 г.) — 156000 чал.Gadaba in India

Паходжанне Гадаба — нашчадкі старажытнага аўстраазіяцкага насельніцтва, якое з’явілася на паўвостраве Індастан яшчэ ў каменным веку. У мінулым яны насялялі берагі ракі Гадавары, адкуль перасяліліся на поўнач. Назва гадаба на адным з дыялектаў літаральна значыць «з вялікай вады». У наш час падзяляюцца на чатыры буйныя моўна-тэрытарыяльныя групы — бада гадаба, сана гадаба, парэнга і алара.

Культура Асноўны гаспадарчы занятак — земляробства. Вырошчваюць рыс, проса, манга, гародніну. Рыс складае асноўны рацыён. З проса робяць лёгкі алкагольны напой, які п’юць нават дзеці. Распаўсюджана жывёлагадоўля. У адрозненне ад некаторых суседніх народаў, што спавядаюць індуізм, гадаба ядуць мяса, у тым ліку змяінае і ялавічыну. У мінулым важную ролю адыгрывалі збіральніцтва і паляванне. Традыцыйныя рамёствы — пляценне і апрацоўка драўніны.

Гадаба жывуць у вёсках, якія налічваюць да 80 хацін. Пераважаюць вялікія пашыраныя сем’і, што тлумачыцца раннімі шлюбамі для прыцягнення ў гаспадарку большай колькасці працоўных рук. Шлюбы арганізуюцца шляхам перагавораў з бацькамі нявесты, магчымы гвалтоўны захоп або сумеснае бегства. У першым выпадку сваякі нявесты атрымліваюць выкуп і падарункі. У выпадку адмовы нявесты выкуп вяртаецца да бацькоў жаніха. Паколькі вясельныя цырымоніі патрабуюць значных выдаткаў, іх часцяком адкладаюць на нявызначаны тэрмін, але жаніх з нявестай жывуць разам у яго доме. Падчас вяселля нявеста сядзіць на каленах сваёй маці, жаніх — свайго бацькі. Госці абавязаны прынесці падарункі і грашовую дапамогу маладым. Дазволены разводы і паўторныя шлюбы. Сустракаецца палігінія.

Сем’і аб’ядноўваюцца ў экзагамныя патрылакальныя роды і групы родаў. Апошнія могуць мець правадыроў. На чале вясковых абшчын стаяць старэйшыны. Яны займаюцца зборам падаткаў, арганізуюць рамонт ірыгацыйных збудаванняў.

Распаўсюджаны рэлігійныя святы. Асабліва ярка святкуецца ахвярапрынашэнне духам пуджа. Шырока вядомы маляўнічыя пахавальныя цырымоніі.

Мова Кожная з этналінгвістычных груп гадаба размаўляе на асобнай мове. Усе яны не маюць афіцыйнай пісьменнасці. Адукацыя магчыма толькі на іншых мовах.

Рэлігія Большасць вернікаў-гадаба прытрымліваецца традыцыйных культаў, якія спалучаюць анімістычныя ўяўленні пра існаванне шматлікіх духаў, культ продкаў і веру ў кола сансары. Гадаба не маюць выяў багоў, але ў вёсках ёсць невялікія алтары для ахвярапрынашэнняў. У кожнай хаціне частку памяшкання прысвячаюць духам продкаў. Цырымоніі арганізуюцца вясковымі святарамі дысары і першасвятарамі гунья.

Спасылкі Other Tribes — Focus on People Tribal People of Andhra Pradesh MUDHILI GADABA PEOPLE OF ANDHRA PRADESH Soubhagya Ranjan Padhi, The Incredible Cultural Heritage of Gadaba Tribe of Koraput District Suresh Chandra Pradhan, CELEBRATION OF DEATH AMONG THE GADABAS OF ORISSA Soubhagya Ranjan Padhi, Institution of Marriage Among Gadaba Tribe: Continuity and Change

Катэгорыя:Народы Азіі Катэгорыя:Народы Індыі Катэгорыя:Народы мунда