Вікторыя Фёдараўна Азаранка (, Мінск) — беларуская тэнісістка. Былая першая ракетка свету сярод юніёрак, пераможца двух юніёрскіх турніраў Вялікага Шлема. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (2010). Алімпійская чэмпіёнка ў змяшаным парным разрадзе і бронзавы прызёр Гульняў-2012 у жаночым адзіночным разрадзе. Пераможца двух турніраў Вялікага шлема ў змяшаным парным разрадзе. Першая беларуская тэнісістка — пераможца двух турніраў Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе, першая беларуска на вяршыні рэйтынгу WTA (2012—2013 гады).
Біяграфія Нарадзілася 31 ліпеня 1989 года ў Мінску ў сям’і інструктара па ваджэнні Фёдара Міхайлавіча Азаранкі і яго жонкі Алы Валянцінаўны, якая працавала метадыстам у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе Рэспублікі Беларусь. Таксама ёсць старэйшы брат Максім. Вікторыя пачала займацца тэнісам у 7 гадоў па патрабаванні мамы. Першым яе трэнерам стала Валянціна Ягораўна Жытніх.
Да восені 2004 года Вікторыя Азаранка трэніравалася ў Беларусі, рэгулярна выязджаючы на міжнародныя турніры. Пачаткам выступлення на міжнародных юнацкіх турнірах стаў 2002 год, а ўжо ў 2003 годзе Вікторыя выйграла першы міжнародны турнір у Ташкенце. У кастрычніку 2004 года перабралася ў Марбеллю (Іспанія), каб трэніравацца ў тэніснай акадэміі. Трэнерам стаў нямецкі спецыяліст, былы трэнер Штэфі Граф. Знаходжанне ў Іспаніі аплачваў беларускі спонсар — «Белтэхэкспарт». Пазней Вікторыя перабралася ў Скоцдэйл (штат Арызона, ЗША), дзё ёю апекавалася сям’я расійскага хакеіста Мікалая Хабібуліна. Пэўны час Вікторыя Азаранка пражывала ў Манака, цяпер яна стала пражывае ў Манхэтэн-Біч (ЗША).
Юніёрская кар’ера Будучы юніёркай, Вікторыя Азаранка стала чэмпіёнкай Еўропы ў парным разрадзе сярод 14-гадовых і пераможцай каманднага Кубка Еўропы ва ўзросце да 14 і да 16 гадоў. На яе рахунку — перамога на юнацкіх турнірах «Вялікага шлема»: Уімблдан у парным разрадзе (чэрвэнь 2004 года; разам з беларускай Вольгай Гаварцовай), Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі (Australian Open) у адзіночным і парным разрадах (студзень 2005), Адкрыты чэмпіянат Францыі (Roland Garros) у парным разрадзе (2005; разам з вянгеркай Агнеш Савай), Адкрыты чэмпіянат ЗША ў адзіночным разрадзе (2005). Дзякуючы гэтым дасягненням у 2005 годзе Азаранка заняла першы радок у рэйтынгу дзяўчат-тэнісістак ва ўзроставай катэгорыі да 18 гадоў (31 студзеня 2005 года), а па выніках сезона стала чэмпіёнкаю свету сярод юніёрак па версіі Міжнароднай тэніснай федэрацыі ITF. 2005 год стаў апошнім у юніёрскай кар’еры Азаранкі — у кастрычніку 2005 года Вікторыя была ўжо ў ліку 200 найлепшых тэнісістак свету: у рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) яна займала 149-е месца.
Першыя гады дарослай кар’еры У 2007 годзе Вікторыя Азаранка ў пары з Максімам Мірным выйграе свой першы дарослы турнір Вялікага шлема ў змяшаным парным разрадзе — беларуская пара не мае роўных на Адкрытым чэмпіянаце ЗША. У 2008 годзе таксама ў змяшаным парным разрадзе Вікторыя Азаранка ў пары з амерыканскім тэнісістам Бобам Браянам здабывае тытул на Адкрытым чэмпіянаце Францыі.
2009 Сезон-2009 пачаўся для Вікторыі з доўгачаканай перамогі: 10 студзеня яна ўпершыню ў кар’еры перамагла на турніры WTA (Брысбен, прызавы фонд $220 тыс.), перайграўшы францужанку Марыён Барталі. Раней Вікторыя 4 разы даходзіла да фіналаў падобных турніраў. У сярэдзіне студзеня Азаранка заняла ў сусветным рэйтынгу 14-ю пазіцыю. На Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі (Australian Open) Азаранка была расстаўлена з нумарам 13 і дайшла да чацвёртага кругу, дзе яе суперніцай стала амерыканка Серэна Уільямс. Пры ліку 6-3, 2-4 Вікторыя мусіла адмовіцца ад далейшай барацьбы ў сувязі з праблемамі са здароўем.
22 лютага 2009 года Вікторыя Азаранка стала пераможцай турніру WTA Regions Morgan Championships-2009, які праходзіў у Мэмфісе (ЗША). Гэты турнір яна выйграла не толькі ў адзіночным, але і ў парным разрадах (разам з датчанкай Каралін Вазняцкі).
У сакавіку 2009 года на турніры ў Індыян-Уэлсе (ЗША) з агульным прызавым фондам $4,5 млн. Вікторыя Азаранка стала пераможцай жаночых парных спаборніцтваў (разам з расіянкай Верай Званаровай) і дайшла да паўфіналу ў адзіночным разрадзе. У апублікаваным 23 сакавіка 2009 года рэйтынгу WTA Азаранка заняла 10-ю пазіцыю, як у адзіночным, так і ў парным разрадах, упершыню ў кар’еры прабіўшыся ў дзясятку мацнейшых тэнісістак свету.
4 красавіка 2009 года найлепшая беларуская тэнісістка стала пераможцай супер-турніру WTA ў Маямі з прызавым фондам $4,5 млн. На шляху да перамогі яна перайграла аўстралійку Саманту Стосур, расіянку Святлану Кузняцову і ўпершыню — Серэну Уільямс. Пасля трыумфу на кортах Маямі Азаранка ў рэйтынгу WTA перамясцілася на 8-ю пазіцыю.
На турніры ў Рыме Вікторыя дасягнула паўфіналу, дзе прайграла Святлане Кузняцовай. На турніры ў Мадрыдзе беларуская тэнісістка спынілася на стадыі трэцяга кругу, затое ўдзел у Адкрытым чэмпіянаце Францыі (Roland Garros) атрымаўся досыць удалым: будучы расстаўленай у адзіночным разрадзе з нумарам 9, Вікторыя дайшла да чвэрцьфіналу, абыграўшы мінулагоднюю пераможцу сербку Ану Іванавіч, але саступіўшы ва ўпартым трохсэтавым паядынку першай ракетцы турніру расіянцы Дынары Сафінай (6-1, 4-6, 2-6). У парным разрадзе Вікторыя выступала з расіянкай Аленай Вяснінай і дайшла да фіналу спаборніцтваў.
На Уімблдане Вікторыя Азаранка атрымала ад арганізатараў 8 нумар у сетцы спаборніцтваў і дайшла да чвэрцьфіналу, саступіўшы будучай пераможцы турніру Серэне Уільямс з лікам 2-6, 3-6.
Па выніках 2009 года ў рэйтынг-лісце WTA Вікторыя Азаранка заняла 7-е месца, выйграўшы 45 з 60 праведзеных матчаў, здабыўшы тры тытулы ў адзіночным і два — у парным разрадах і ўпершыню ў кар’еры адабраўшыся на Выніковы турнір WTA.
2010 У студзені Вікторыя дайшла да чвэрцьфіналу турніру ў Сіднеі, прайграўшы расіянцы Алене Дзяменцьевай, на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі на чвэрцьфінальнай стадыі саступіла ва ўпартым трохсэтавым паядынку Серэне Уільямс, а ў лютым на турніры ў Дубаі дайшла да фіналу, дзе прайграла былой першай ракетцы свету Вінус Уільямс. Увесь час Азаранка мела сур’ёзныя праблемы са здароўем і кепскімі фізічнымі кандыцыямі, у выніку чаго страціла больш за 10 пазіцый у рэйтынгу WTA. Усплёск адбыўся пад канец лета: 1 жніўня 2010 года Вікторыя Азаранка выйграла турнір у Стэнфардзе (Каліфорнія, ЗША) з прызавым фондам $700 тыс., у фінале перайграўшы дзейсную на той момант чэмпіёнку турніру Марыён Барталі. Наступным стаў турнір у амерыканскім горадзе Цынцынаці. Сыграўшы толькі адзін матч у адзіночным разрадзе, у парным Вікторыя (разам з расіянкай Марыяй Кірыленка) здабыла першы за больш чым год тытул. Увосень Азаранка дайшла да паўфіналу турніру ў Токіа, а 24 кастрычніка ў Маскве беларуская тэнісістка выйграла Кубак Крамля. Дасягнутыя вынікі дазволілі беларусцы вярнуцца ў Топ-10 WTA і зноў удзельнічаць у Выніковым турніры WTA ў Досе.
2011 Сезон-2011 пачаўся для Вікторыі дасягненнем чвэрцьфіналу турніру ў аўстралійскім Сіднеі, дзе яна саступіла бельгійцы Кім Клейстэрс, а таксама не зусім удалым выступленнем на Australian Open, дзе яна прайграла кітайскай тэнісістцы Лі На ў чацвёртым крузе. У парным разрадзе на турніры ў Мельбурне дуэт Азаранка-Кірыленка дайшоў да фіналу, але здабыць тытул у беларуска-расійскага тандэму не атрымалася.
2 красавіка 2011 года Вікторыя Азаранка ў другі раз стала пераможцай на буйным турніры ў амерыканскім Маямі, пасля чаго ўзнялася на 6-ы радок сусветнага тэніснага рэйтынгу. 10 красавіка яна выйграла тэнісны турнір з прызавым фондам $220 тыс. у іспанскай Марбэллі і ўпершыню ў кар’еры заняла 5-ы радок сусветнага тэніснага рэйтынгу. На грунтовым турніры ў Мадрыдзе Азаранка дасягае фіналу, саступіўшы ў зацятай барацьбе чэшцы Квітавай, а ў Рыме на стадыі чвэрцьфіналу вымушаная адмовіцца ад барацьбы з-за праблем са здароўем. У парным разрадзе Азаранка працягвае супрацоўніцтва з расіянкай Марыяй Кірыленка, дайшоўшы да паўфіналаў у Дубаі і Індыян-Уэлсе. На супертурніры ў Мадрыдзе беларуска-расійскі дуэт выйграе тытул, а на Roland Garros дзяўчыны даходзяць да чвэрцьфіналу. У адзіночным разрадзе на кортах Roland Garros Вікторыя таксама спыняецца на чвэрцьфінальнай стадыі, не змогшы знайсці аргументаў супраць кітаянкі Лі. На Уімблдане Вікторыя дайшла да паўфіналу, у якім саступіла ў трох сэтах чэшцы Петры Квітавай. У парным разрадзе Азаранка/Кірыленка здабываюць галоўны трафей турніру ў Стэнфардзе і даходзяць да фіналу ў канадскім горадзе Таронта. У верасні 2011 года Азаранка ўзнялася на трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу WTA. Дасягнуты чвэрцьфінал у парным разрадзе на турніры ў Токіа, а ў адзіночным разрадзе Азаранка здабывае чарговы тытул на турніры ў Люксембургу. На Выніковым чэмпіянаце Жаночай тэніснай асацыяцыі ў Стамбуле Вікторыя ўпэўнена даходзіць да фіналу, дзе зноў саступае Петры Квітавай.
2012 Сезон-2012 пачынаецца ў высокім тэмпе. 13 студзеня 2012 года Вікторыя Азаранка выйграла турнір у Сіднеі (Аўстралія) з прызавым фондам $637 тыс. 28 студзеня 2012 года выйграла Australian Open, стаўшы, такім чынам, першай у гісторыі тэніса прадстаўніцай Беларусі — пераможцай турніру Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе (першай беларускай у фінале турніраў Вялікага Шлема была Наталля Зверава). У фінальным матчы Азаранка літаральна разграміла Марыю Шарапаву (6:3, 6:0). З 30 студзеня па 10 чэрвеня 2012 года Азаранка ўзначальвала сусветны рэйтынг WTA. У гэты перыяд Вікторыя выйграла прадстаўнічы турнір у Досе (Катар) і турнір катэгорыі Premier Mandatory ў амерыканскім горадзе Індыян-Уэлс. Пераможная серыя Азаранкі з пачатку года склала 26 матчаў. Пачынаючы з канца сакавіка назіралася пагаршэнне вынікаў. Пераможная серыя Азаранкі перарвалася ў чвэрцьфінале турніру ў Маямі (прызавы фонд — больш за $4.828 тыс.), дзе Вікторыя саступіла францужанцы Марыён Барталі. У турніры катэгорыі Premier Series у Штутгарце (ФРГ) з прызавым фондам $740 тыс. Вікторыя, аднак, дайшла да фіналу, у якім упершыню за доўгі час саступіла Марыі Шарапавай. У прадстаўнічым турніры катэгорыі Premier Mandatory ў Мадрыдзе (прызавы фонд — больш за $5.189 тыс.) Азаранка зноў дайшла да фінальнай стадыі, але зноў прайграла, гэтым разам Серэне Уільямс. Не надта паспяховае выступленне на Адкрытым чэмпіянаце Францыі (прайграла ў 4 крузе славачцы Дамініцы Цыбулкавай) не дазволіла Азаранцы ўтрымацца на вяршыні рэйтынгу, і яна на 4 тыдні саступіла першы радок расіянцы Марыі Шарапавай. На кортах Уімблдану Вікторыя вельмі ўпэўнена прайшла па турнірнай сетцы, але ў паўфінале зноў саступіла Серэне Уільямс, якая на працягу матчу выдала рэкордную серыю эйсаў. На Алімпійскіх гульнях у Лондане беларуская змяшаная тэнісная пара ў складзе Максіма Мірнага і Вікторыі Азаранкі выйграла золата — беларускія тэнісісты сталі алімпійскімі чэмпіёнамі. У адзіночным разрадзе Вікторыя Азаранка прайграла ў паўфінале будучай алімпійскай чэмпіёнцы амерыканцы Серэне Уільямс, але выйграла матч за бронзавы мядаль у расіянкі Марыі Кірыленкі. Пасля Алімпіяды Азаранка вярнулася на вяршыню рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі і ўтрымлівала лідарства на працягу 32 тыдняў. За гэты час Вікторыя дайшла да фіналу Адкрытага чэмпіянату ЗША, саступіўшы ў зацятай 3-сэтавай барацьбе малодшай з сясцёр Уільямс (Азаранка вяла ў апошнім сэце 5:3, але двойчы не выкарыстала шанец здабыць галоўны трафей турніру), восенню выйграла прэстыжны Адкрыты чэмпіянат Кітая, стаўшы першай тэнісісткай, у якой атрымалася выйграць два супер-турніры катэгорыі Premier Mandatory за адзін сезон (першы Вікторыя выйграла ў Індыян-Уэлсе), а таксама турнір WTA ў Лінцы. Такім чынам, у сезоне-2012 Азаранка выйграла 6 турніраў, давёўшы колькасць тытулаў да 14. На Выніковым чэмпіянаце ў Стамбуле Азаранка спынілася на стадыі паўфіналу, прайграўшы Марыі Шарапавай, але нягледзячы на гэта, захавала за сабой тытул лідара сусветнага рэйтынгу. Таксама Азаранка за 2012 год зарабіла рэкордную суму прызавых грошай, абагнаўшы па гэтым паказчыку Серэну Уільямс.
2013