Жоўтая ліхаманка, таксама вядомая пад назвамі жоўты джэк і амарылёз, — вострая вірусная хвароба. У большасці выпадкаў сімптомы ўключаюць ліхаманку, дрыжыкі, страту апетыту, моташнасць, цяглічны боль, асабліва ў спіне, галаўны боль. Сімптомы звычайна слабеюць на працягу пяці дзён. У некаторых асоб праз некалькі дзён паляпшэння ліхаманка вяртаецца, адчуваецца боль у жываце, пачынаецца пашкоджанне печані, што выклікае жаўтуху. Калі гэта адбываецца, таксама расце рызыка нырачнай недастатковасці.
Прычына і дыягностыка Хвароба выклікаецца вірусам жоўтай ліхаманкі і распаўсюджваецца праз укусы жаночых асобін камароў. Захворванне закранае толькі людзей, іншых прыматаў і камароў некалькіх відаў. У гарадах распаўсюджваецца пераважна камарамі віду Aedes aegypti. Вірус належыць да тыпу вірусаў РНК роду Flavivirus. Хвароба цяжка распазнаецца, асабліва на ранніх стадыях. Для пацвярджэння дыягностыкі неабходны аналіз крыві з дапамогай рэакцыі ланцужка палімеразы.
Папярэджанне, лячэнне і прагноз Бяспечная і эфектыўная вакцына ад жоўтай ліхаманкі існуе, у некаторых краінах патрабуецца вакцынацыя падарожнікаў. Іншыя меры для папярэджання распаўсюджвання хваробы ўключаюць зніжэнне колькасці камароў-носьбітаў. У рэгіёнах, дзе часта сустракаецца жоўтая ліхаманка, але рэдка прымяняецца вакцынацыя, неабходная ранняя дыягностыка захворвання і імунізацыя вялікіх груп папуляцый для папярэджання выбухаў хваробы. Пасля інфікавання праводзіцца сімптаматычнае лячэнне, адсутнічаюць эфектыўныя сродкі супраць віруса. Сярод асоб з сур'ёзным захворваннем смяротнасць складае палову выпадкаў ва ўмовах адсутнасці лячэння.
Эпідэміялогія і гісторыя Жоўтая ліхаманка штогод выклікае 200 000 выпадкаў інфікавання і 30 000 смерцяў, амаль 90 % адбываецца ў Афрыцы. Прыблізна мільярд чалавек жыве ў рэгіёне, дзе распаўсюджана гэтая хвароба. Яна часта сустракаецца ў трапічных рэгіёнах Паўднёвай Амерыкі і Афрыкі, але не ў Азіі. З 1980-х гг. колькасць выпадкаў захворвання жоўтай ліхаманкай павялічваецца. Мяркуецца, што гэта выклікана наступнымі прычынамі: наяўнасць імунітэту ў меншай колькасці людзей, рост гарадскога насельніцтва, актыўнае перамяшчэнне насельніцтва і змена клімату. Хвароба паходзіць з Афрыкі, адкуль яна распаўсюдзілася на Паўднёвую Амерыку праз гандаль рабамі ў XVII стагоддзі. З XVII ст. некалькі вялікіх выбухаў захворвання адбылося ў Амерыцы, Афрыцы і Еўропе. У XVIII і XIX стст. жоўтая ліхаманка лічылася адной з найбольш небяспечных інфекцыйных хвароб. Вірус жоўтай ліхаманкі быў першым адкрытым вірусам чалавека.
Катэгорыя:Вірусныя інфекцыі Катэгорыя:Забытыя хваробы