Гаштольды, Гастаўты, Гастоўты, Кгастаўты, Гаштаўты (, Gasztołd) — вялікалітоўскі магнацкі (з 1529 — графскі) род, прадстаўнікі якога ў XIV—XVI стагоддзях займалі высокія дзяржаўныя пасады і мелі значны ўплыў, валодалі шматлікімі маёнткамі на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы, у тым ліку ў Валожыне, Відзах, Глуску, Койданаве, Любчы і Мядзелі. Галоўная рэзідэнцыя — Геранёнскі замак.

Антрапонім Прозвішча роду ад балцка-літоўскага двухасноўнага імя яго пачынальніка Гастаўта (Гаштаўта).

Першая аснова імя — адпачатна Gas-, перайшло ў Gaš- праз асаблівасці польскага вымаўлення. Звязана з літоўскім gosti (godžia, godė) «жадаць, прагнуць» (старалітоўскае gasti). У літоўскай антрапаніміі аснова Gos- таксама ў двухасноўным імені Gos-tart’as, а роднасная ёй аснова God- у імёнах тыпу God-vaiš'as, Liau-god’asZ. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. C. 89, 95..

Аснова Taut- ад агульнабалцкага tauta «народ». Гэтая аснова і ў антрапоніме Тоўтвіл (Taut-vil’as), ад якога тапонім Таўцвілы.

У імені Гастаўт семантыка ваярскай прагнасці спалучаная з паняццем народу (у даўнейшым пляменным сэнсе), які вымагае абароны.

Гісторыя

Хроніка Быхаўца прыпісвае Гаштольдам адно паходжанне з іх галоўнымі супернікамі — Радзівіламі. Назва роду ўтварылася ад балцка-літоўскага імя яго пачынальніка, Гедзімінава военачальніка Гаштольда (Гастаўта), які загінуў у вайне з Ордэнам ў 1364 годзе.

Паводле позніх звестак (Літоўская хроніка 2-й і 3-й рэдакцыі, напрыклад, Летапіс Красінскага) Гаштольд быў сынам Грумпя (Грумпія, Кумпя), легендарнага заснавальніка Ашмянаў.

Па Гарадзельскай уніі Ян (Івашка) Гаштольд прыняў герб «Габданк» ад Пятра з Відавы і Якуба з Рагозьна.

Род згас у 1542 годзе. Уладанні перайшлі да вялікага князя.

Радавод

Вядомыя прадстаўнікі

Сын баярына Пятра (?) Гаштольда, Андрэй, у 1387 годзе быў старостам віленскім, унук Ян Гаштольд (памёр у 1458) — намеснікам смаленскім у 1436—1440 гадах, ваявода віленскі з 1443 года.

У Яна Гаштольда былі дачка Марыя, жонка князя кіеўскага Сямёна Алелькавіча, і сын Марцін Гаштольд (1428—1483), ваявода кіеўскі і троцкі, жанаты з дзвюма князёўнамі Гальшанскімі, ад першага шлюбу меў сына Альбрэхта, ад другога — дачку Лізавету, з 1492 года жонку Яна Мікалая Радзівіла, пачынальніка старэйшай галіны Радзівілаў.

Альбрэхт Гаштольд (пам. 1539) быў ваяводам віленскім і канцлерам вялікім літоўскім. Атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Старога дазвол ужываць на пячатках чырвоны воск замест зялёнага, што дазвалялася толькі асобам вялікакняскага дому, і ажаніўся з Соф’яй, дачкой князя Васіля Вярэйскага, які ўцёк у Літву, яе маці была грачанка Марыя — пляменніца вялікай княгіні маскоўскай Соф’і Палеолаг.

Іх сын Станіслаў Гаштольд (каля 1507—1542), у жылах якога, верагодна, цякла кроў візантыйскіх імператараў, не меў дзяцей ад шлюбу з Барбарай Радзівіл. Апошняя па яго смерці выйшла за вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, і гэтым шлюбам прынесла ў дзяржаўны скарб прыналежныя Гаштольдам валадарствы.

Літаратура Казлоўскі С. Гаштоўты — уладальнікі Ліпнішак. Нарыс гісторыі аднаго роду // Ліпнішкі — 500 гадоў гісторыі (1510—2010 гг.): Рэгіянальная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 500-годдзю Ліпнішкаўскай парафіі і 400-годдзю надання мястэчку Магдэбурскага права / пад рэд. А. К. Гецэвіча. — Гродна, 2010. — С. 14-19. Ярашэвіч, А. Гаштольды // Спадчына. — 1992. — № 6. — С. 53-58.

Niesiecki К. Korona polska przy złotej wolności… — Lwów, 1738. — T. 2. — 760 s. Rodzina: Herbarz szlachty polskiej. T. 4. — Warszawa, 1907. Semkowicz W. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachta polska w Horodle roku 1413 // Lituana-Slavica posnaniensia. — Poznan, 1989. — Т. 3. Semkowicz W. Gasztołd Andrzej // Polski Słownik Biograficzny. — Kraków, 1948—1958. — T. 7. — S. 296—297.

Спасылкі Gasztoldowie (01)