Аляксандр Канстанцінавіч Краўцэ́віч, таксама Алесь Краўцэвіч (нар. , в. Лупачы, Мастоўскі раён, Гродзенская вобласць) — беларускі археолаг, гісторык-медыевіст. Доктар гістарычных навук (1999), прафесар.

Біяграфія Скончыў у 1981 годзе гістарычны факультэт БДУ, у 1984 годзе — аспірантуру Інстытута археалогіі АН СССР у Маскве.

У 1999 годзе скончыў дактарантуру БДУ. У 1998 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Вялікае княства Літоўскае ў другой палове XIII — пачатку XIV ст.: генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах».

У 1985—1987 гадах малодшы навуковы супрацоўнік аддзела сярэднявечнай археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР. У 1987 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV—XVII стст. (планіроўка, культурны слой)».

З 1987 года працаваў у сістэме рэстаўрацыі. У 1987—1990 гадах начальнік аддзела архітэктурна-археалагічных даследаванняў Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута. У 1990—1993 гадах вядучы археолаг архітэктурна-рэстаўрацыйнага кааператыва «Арк» пры Міністэрстве культуры БССР.

У 1993 годзе намеснік старшыні Дзяржаўнай інспекцыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі.

У 1994—1995 гадах першы прарэктар ГрДУ імя Я. Купалы, да 2004 года прафесар кафедры гісторыі Беларусі. У 1996—1997 гадах праходзіў навуковую стажыроўку ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў).

З 1999 года выкладаў ва ўніверсітэтах Польшчы і Літвы: прафесар Жэшаўскага філіяла Люблінскага ўніверсітэта імя М. Кюры-Складоўскай, Вышэйшай школы публічнай адміністрацыі імя С. Сташыца ў Беластоку, Вышэйшай эканамічнай школы ў Беластоку, Варшаўскага ўніверсітэта, Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Навуковы супрацоўнік Цэнтра беларускіх студый пры Студыі Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта.

Старшыня выканаўчага камітэта Рады Беларускага гістарычнага таварыства з 2001 года. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2005 года.

Галоўны рэдактар навуковага гістарычнага і краязнаўчага часопіса «Гістарычны альманах».

25 кастрычніка 2020 года падчас разгону мірнай акцыі пратэсту ў Гродне сілавікі затрымалі Аляксандра Краўцэвіча, і да 28 кастрычніка ён знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) РАУС. 28 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёна г. Гродна прысудзіў яму штраф у 10 базавых велічынь (270 беларускіх рублёў).

Навуковая і даследчыцкая дзейнасць Даследуе матэрыяльную культуру гарадоў, мястэчак і замкаў Беларускага Панямоння XIV—XVII стагоддзяў (Ашмяны, Гродна, Ліда, Любча, Мір, Навагрудак і інш.).

Аўтар прац па сярэднявечнай гісторыі Беларусі. Распрацаваў канцэпцыю ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага як балта-славянскай дзяржавы. Прыйшоў да наступных галоўных высноў (2000)Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага: ВКЛ узнікла ў сярэдзіне XIII ст. у балта-славянскай кантактнай зоне (басейн Верхняга і Сярэдняга Нёмана — харонім «Літва»). Штуршком да пачатку працэсу дзяржаваўтварэння стала знешняя пагроза з боку Залатой Арды і Тэўтонскага ордэна. Існаванне раннефеадальнага балцкага дзяржаўнага ўтварэння (саюза ці канфедэрацыі) — папярэдніка ВКЛ нельга лічыць даказаным, яно, па ўсёй верагоднасці, міф. Пачаткам ВКЛ стаў утвораны каля 1248 г. саюз усходнеславянскага горада Наваградка з балцкім нобілем Міндоўгам. ВКЛ з самага пачатку было біэтнічнай балта-ўсходнеславянскай дзяржавай з дамінаваннем усходнеславянскага элемента.

Аўтар навуковых і навукова-папулярных кніг. Папулярызатар найважнейшых падзей, з’яў, постацей беларускай гісторыі праз цыкл відэафільмаў «Гісторыя пад знакам Пагоні» (2009—2015) і цыкл перадач «Загадкі Беларускай гісторыі» (з 2015).

Узнагароды Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай РэспублікіАлексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100.

Бібліяграфія Краўцэвіч А. К. Майстар — наш продак. — : Народная асвета, 1990. — 88 с. Краўцэвіч А. К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV—XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой. — : Навука і тэхніка, 1991. — 171 с. Краўцэвіч А. К., Якшук Г. М. Стары Мір. — : Навука і тэхніка, 1993. — 85 с. Краўцэвіч А. К. Тэўтонскі ордэн ад Ерусаліма да Грунвальда . — : Навука і тэхніка, 1993. — 46 с. Краўцэвіч А. К. Гродзенскі замак. — : Юнацтва, 1993. — 47 с. Здановіч Н. І., Краўцэвіч А. К., Трусаў А. А. Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка. — : Навука і тэхніка, 1994. — 152 с. Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — : Беларуская навука, 1998. — 208 с. Краўцэвіч А. К. Вялікі князь Вітаўт. — : Юнацтва, 1998. — 48 с. Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — 2-е выданне. — Жэшаў, 2000. — 238 с. Krawcewicz Aleksander. Powstanie Wielkiego Księstwa Litewskiego. — Białystok: Wydawnictwo Wyższej Szkoły Ekonomicznej w Białymstoku, 2003. — 191 s. Краўцэвіч А. К. Міндаўг-Mindauh: Пачатак гаспадарства: нарыс . — : Мастацкая літаратура, 2005. — 163 с.: іл. Краўцэвіч А. К. Гістарычная Літва і этнагенез беларусаў // Наша Слова. — 2009. — № 11 (902). Краўцэвіч А. К. Ад пачатку гаспадарства да каралеўства Літвы і Русі (1248—1341 гг.). — Гародня : Гарадзенская бібліятэка, 2013. — 186 с. — ISBN 978-83-7893-132-4. Hiedymin (1316—1341). Kingdom of Lithuania and Ruthenia: нарыс / Пераклад на англійскую мову Андрэя Бурсава; пад агульнай рэдакцыяй Міхася Скоблы; мастак Ігар Гардзіёнак. — Мінск: Татарнікава С. Ю., 2012. — 152 с.: іл. — (Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх = The Lives of the Great Dukes of Lithuania). — ISBN 978-985-90263-1-7. Краўцэвіч А. Краіна пагранічча: Выбраныя творы. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 518 с. — ISBN 978-5-00076-014-7. Краўцэвіч А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248—1377 гг.) / Навуковы рэдактар Валянцін Голубеў. — Уроцлаў, 2015. — 304 с. — («Гарадзенская Бібліятэка»). — ISBN 978-83-7893-121-8.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Аляксандр Краўцэвіч // на pawet.net Мікульскі, Ю. Увекавечанне міфа. Вакол помніка літоўскаму князю Міндоўгу ў Навагрудку / Ю. Мікульскі // Беларуская думка. — 2013. — № 1. — С. 69—76. Груша, А. Нужен ли Новогрудку памятник Миндовгу? / А. Груша // Беларуская думка. — 2013. — № 8. — С. 96—103. Марзалюк, І. У абарону праўдзівай гісторыі Новагародка / І. Марзалюк // Беларуская думка. — 2013. — № 11. — С. 88—95. Краўцэвіч, А. Блуканне па міфах / А. Краўцэвіч // Беларуская думка. — 2013. — № 5. — С. 84—86.

Катэгорыя:Выкладчыкі ВНУ Польшчы Катэгорыя:Археолагі СССР Катэгорыя:Археолагі Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі СССР Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага