І́ржы Ма́рван (; 28 студзеня 1936 — 13 красавіка 2016) — чэшскі мовазнаўца, прафесар славянскай і балцкай філалогіі ўніверсітэтаў Аўстраліі, ЗША, Швецыі.

Біяграфія Навучаўся ў рускамоўнай гімназіі, пасля яе паступіў на філасофскі факультэт Карлавага ўніверсітэта ў Празе, дзе вывучаў чэшскую і ўкраінскую мовы, а таксама спецыялізаваўся ў балтыстыцы. Адначасна пад уплывам Богуслава Гаўранка заняўся вывучэннем багемістыкі. Пасля ўніверсітэта тры гады працаваў у Старачэшскім аддзяленні Інстытута чэшскай мовы (1960—1963). У 1965 годзе атрымаў званне доктара філасофіі. У 1967—1968 пад кіраўніцтвам прафесара Паўла Троста быў інтэрнам-аспірантам філасофскага факультэта Карлавага ўніверсітэта па балтыстыцы.

Яшчэ да перыяду нармалізацыі распачаў міжнародную дзейнасць. У 1963—1965 гадах працаваў замежным лектарам па багемістыцы Упсальскага ўніверсітэта, у 1965—1967 шведскім лектарам (багемістыка, славістыка і балтыстыка) ва Упсальскім і Стакгольмскім універсітэтах.

У 1968 з'ехаў з Чэхаславакіі. У 1968—1969 гг. быў запрошаным прафесарам славістыкі і балтыстыкі Дзяржаўнага ўніверсітэта Портленда. У 1969—1972 гадах — памочнік прафесара русістыкі Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Дэвісе. У 1973—1992 працаваў прафесарам русістыкі і славістыкі Монаскага ўніверсітэта ў Мельбурне (Аўстралія). У 1975—1976 быў запрошаным прафесарам славістыкі Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Санта-Барбары. У Монаскім універсітэце кіраваў кафедрай маскальскай мовы, а ў 1982 заснаваў кафедру славістыкі і стаў першым прафесарам славістыкі ў паўднёвым паўшар'і і правадзейным членам Аўстралійскай акадэміі гуманітарных навук.

Вярнуўся з эміграцыі ў 90-я гады XX стагоддзя. У 1993—1998 працаваў саветнікам у Міністэрстве замежных спраў Чэшскай рэспублікі, у 1994—1997 служыў паслом Чэхіі ў Грэцыі. Ад 1999 года да смерці займаўся навукова-педагагічнай працай ва ўніверсітэце імя Я. Э. Пуркінэ ў Усці-над-Лабем, у 2000—2001 — у Заходнечэшскім універсітэце ў Пльзені; з 2001 года яшчэ і на філалагічным факультэце Карлавага ўніверсітэта. У 2001 атрымаў званне доктара філасофіі ва ўніверсітэце Палацкага ў Оламаўцы.

Творы Аўтар тэарэтычных прац галоўным чынам па славістыцы і балтыстыцы ў шырэйшым еўрапейскім кантэксце. Папулярызаваў багемістыку, паляністыку, украіністыку, балтыстыку і іншыя філалагічныя дысцыпліны. Цікавіўся беларускай мовай і культурай, падрыхтаваў зборнік артыкулаў чэшскіх і беларускіх аўтараў «Чэшскае ўсведамленне Беларусі».

За сваю навуковую дзейнасць у 1991 годзе ўганараваны Залатым крыжам Польскай рэспублікі за заслугі ў развіцці польскай мовы, а ў 1997 — ордэнам вялікага князя Гедзіміна за ўнёсак у літоўскую мову.

Літаратура Algirdas Sabaliauskas Lietuvių kalbos tyrinėjimo istorija: 1980—2010 m., Vilnius: LKI, 2012, p. 564—565 Lietuvių kalbos enciklopedija, Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1999. Bonifacas Stundžia, Kalba turi sužmoginti pasaulį In: Gimtoji kalba. 1991, 1-2, p. 27-29.

Катэгорыя:Багемісты Катэгорыя:Беларусісты Чэхіі Катэгорыя:Выпускнікі Карлава ўніверсітэта Катэгорыя:Філолагі Чэхіі