«Каласы пад сярпом тваім» — гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча.
Адзін з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў. У гэтай кнізе, якую многія называюць галоўнай у творчасці пісьменніка, узноўлена шырокая панарама жыцця народа, перададзена атмасфера ў грамадстве напярэдадні паўстання 1863 года. Падзеі рамана адбываюцца пераважна ў 1850—1861 гадах, тым не менш пісьменніку ўдалося пры дапамозе ўласных разважанняў і выказванняў герояў ахапіць у ім падзеі амаль стагоддзя і агулам асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксце. Аўтару ўдалося адзначыць прычыны паўстання і яго асаблівасці. Караткевіч паказаў, што яно мела нацыянальна-вызваленчы характар.
Гісторыя твору
Упершыню надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў 1965 годзе ў № 2-6. Асобным выданнем — у 1968 годзе ў Мінску.
Паводле задумы раман меў змяшчаць 3 часткі: «Усход (Сяйва дня)», «Брань» і «Вараннё (Галгофа)». У першай частцы аўтар збіраўся паказаць пярэдадне паўстання 1863—1864 гадоў, у другой — само паўстанне, а ў трэцяй — яго разгром. Але першая кніга была выдадзена пад назваю «Выйсце Крыніц» і пры выданні падзелена на дзве. Другая кніга выйшла пад назвай «Сякера пры дрэве».
Мае прысвячэнне «Маёй маці. Кожнай беларускай маці, — прысвячаю» і біблейскі эпіграф з Матфея. З другой кнігі было напісана толькі 2 раздзелы, якія пры жыцці пісьменніка не друкаваліся. Першы надрукаваны ў часопісе «Полымя», 1989, № 1. Другая кніга мае эпіграф з паслання Святога Паўла да эфесцаў. Пісьменнік збіраўся скончыць твор, пра што сведчаць дзённікавыя запісы.
Мастацкія асаблівасці
Раман апісвае станаўленне беларускай нацыі, паказваючы тры пакаленні шляхецкай сям’і Загорскіх. Галоўным героем ёсць Алесь Загорскі, чыё станаўленне і развіццё апісваецца ад 11 да 20 гадоў. Таксама апісаны высакародныя сем’і Раўбічаў і Клейнаў, памешчыкі Кроер, Таркайлы і іншыя, сялянская сям’я Кагутоў, паўстанцы Чорны Война і Корчак, сябры Алеся з Віленскай гімназіі і Пецярбургскага ўніверсітэта: Кастусь і Віктар Каліноўскія, Усяслаў Грыма, Мсціслаў Маеўскі ды іншыя. З гістарычных персанажаў прысутнічаюць, акрамя Кастуся і Віктара Каліноўскіх, Ізмаіл Сразнеўскі, Тарас Шаўчэнка, Пётр Валуеў, з падзей: дзейнасць «Агула», адмена прыгоннага права і іншыя.
Раман змяшчае апісанні беларускіх абрадаў, звычаяў, шмат фальклорнага матэрыялу, у прыватнасці легенда аб белым жарабяці становіцца сімвалічным лейтматывам твора.
Матэрыял прадстаўлены ў храналагічнай паслядоўнасці з нешматлікімі часовымі зваротамі (успамінамі герояў ці гісторыямі іх жыцця). Таксама ў кампазіцыі рамана прысутнічаюць тры фрагменты мэтанаратыўнага характару і вершы, якія складае галоўны герой.
Героі
Загорскія Алесь Загорскі — галоўны герой рамана. На пачатку рамана яму 11 гадоў і апісваецца ён так:
Паходзіць з багатага княжацкага роду Загорскіх, але па шляхецкай традыцыі дзядзькавання з 4 год выховаўся ў сялянскай сям'і, што моцна паўплывала на яго светапогляд. У 11 год вярнуўся у сям'ю, атрымаў класічную для дваран хатнюю адукацыю: вывучыў нямецкую, французскую, рускую мовы. Сябраваў з Кастусём Каліноўскім. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, а потым у Пецярбургскім універсітэце.
Пан Юры — бацька Алеся.
Пані Антаніда — маці Алеся.
Вацлаў — малодшы брат Алеся, год. Па загаду дзеда Вежы быў ахрышчаны ў касцёле, бо звычайна прадстаўнікі двух канфесій сварацца, таму ён палічыў добрай ідэяй, што два браты будуць розных вер.
Вежа — дзед Алеся
Кагуты Сям'я, якая выхоўвала Алеся. Прыгонныя Загорскіх, але потым атрымалі волю па просьбе Алеся.
Міхал — бацька,
Стафан — старэйшы сын, 17 год.
Павал Кагут — сябра Алеся, аднаго з ім узросту.
Кандрат і Андрэй — блізнюкі, 15 год.
Юрась Кагут — хлопчык, 8 год
Янька Кагут — дзяўчынка, 6 год
Дзед
Марыля — маці.
Раўбічы Майка (Міхаліна) — каханая Алеся. Яны пазнаёміліся на ягоным першым балі.
Франс — брат Майкі.
Пан Яраш — бацька Майкі.
Пераклады Раман «Каласы пад сярпом тваім» неаднаразова перакладаўся на ўкраінскую і рускую мовы.Т. Добко, Ю. Левченко. Твори Володимира Короткевича у фондах Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського
Пераклады на ўкраінскую Твори: у 2 т. — К.: Дніпро, 1991. Т. 2: Колосся під серпом твоїм / пер. з білорус. В. Чайковський, К. Скрипченко. — 668 с. В337921/1-2
Цікавы факт Раман «Каласы пад сярпом тваім» — адзіная кніга, якая была надрукаваная ў Беларусі шрыфтам Брайля.Где в Гродно читают руками? // «Гродзенская праўда», 26.10.2011
Літаратура Іўчанкаў В. І. Метафара як сродак мастацкай вобразнасці ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» / В. І. Іўчанкаў // Весці АН БССР. Серыя грамад. навук. — Мінск, 1987. — № 6. — С. 109—115. Анатоль Верабей. Проблема историзма в прозе Владимира Короткевича. практ. конф., Минск, 19 апр. 2011 г. — Минск: РИВШ, 2011. — С. 102—108.
Катэгорыя:Літаратурныя творы на беларускай мове Катэгорыя:Творы Уладзіміра Караткевіча Катэгорыя:Кнігі 1968 года Катэгорыя:Беларускія гістарычныя раманы